Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Кіт Келаг распавёў пра планы спынення вайны ва Украіне.
У інтэрв’ю «New York Post» Кіт Келаг заявіў, што і Кіеву, і Маскве давядзецца пайсці на саступкі, каб «спыніць забойствы прамысловага маштабу».
Што тычыцца цяперашніх санкцыяў супраць Расеі, Келаг ацаніў іх эфектыўнасць на тры балы паводле 10-бальнай шкалы. Пры гэтым ён адзначыў, што менавіта амерыканскія санкцыі, скіраваныя на энергетычны сектар Расеі, ёсць больш эфектыўнымі, але ўсё яшчэ маюць патэнцыял для ўзмацнення.
«Санкцыі сапраўды можна ўзмацніць, асабліва апошнія абмежаванні на здабычу і экспарт нафты. Гэта адкрыла шырокія магчымасці для дзеянняў. І калі хто-небудзь разумее рычагі ўплыву, дык гэта прэзідэнт Доналд Трамп, што бачна на прыкладзе яго нядаўніх пастановаў», – заявіў Келаг.
Дарэчы, менавіта Келаг ёсць сустаршынём Інстытуту палітыкі «Амерыка перадусім», дзе сёлета быў адным з аўтараў плану ўрэгулявання вайны ва Украіне. Згодна з гэтым планам, Злучаныя Штаты павінны спрыяць спыненню агню і дамагацца развязання ўкраінскага канфлікту шляхам перамоваў. Пры гэтым Вашынгтон будзе і далей перадаваць Украіне зброю, каб перадухіліць новыя атакі Расеі, – аднак толькі ў тым выпадку, калі Кіеў пойдзе на мірныя перамовы. ЗША таксама папярэдзяць Маскву, што ў выпадку адмовы ад перамоваў Вашынгтон павялічыць аб’ёмы дапамогі Кіеву, адзначае Бі-Бі-Сі.
Каб падштурхнуць Расею да ўдзелу ў перамовах, ЗША адкладуць пытанне сяброўства Украіны ў NATO на працяглы час у абмен на «шырокае і кантраляванае пагадненне з гарантыямі бяспекі». Аўтары дакладу не плануюць патрабаваць ад Кіева адмовіцца ад намеру вярнуць усе свае тэрыторыі, захопленыя Расеяй, але Украіна павінна пагадзіцца выкарыстоўваць толькі дыпламатычныя сродкі.
Адзначым таксама, што цяпер ужо былы генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў у ліпені, што Еўропе варта рыхтавацца да таго, што цяперашні канфлікт можа зацягнуцца на 10 гадоў.
Надзея Вольная belsat.eu