Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падпісаў указ аб санкцыях у дачыненні да Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе за «незаконныя і беспадстаўныя дзеянні» у дачыненні да ЗША і Ізраілю.
ЗША і Ізраіль не з'яўляюцца членам МУС і неаднаразова аспрэчвалі якую-небудзь юрысдыкцыю гэтага органа ў дачыненні да амерыканскіх службовых асобаў або грамадзянаў. У свой першы тэрмін знаходжання ва ўладзе Доналд Трамп увёў санкцыі супраць службовых асобаў МУС, якія расследавалі ці здзяйснялі ваенныя злачынствы ў Афганістане. Гэтыя санкцыі былі знятыя адміністрацыяй Джо Байдэна.
Гэтым разам Дональд Трамп абвінаваціў Гаагскі суд у незаконных дзеяннях у дачыненні да ЗША і Ізраілю. Амерыканскія санкцыі накладаюць фінансавыя і візавыя абмежаванні на асобаў, якія дапамагаюць у расследаваннях суда ў дачыненні да амерыканскіх грамадзянаў і іх саюзнікаў. Санкцыі таксама датычацца членаў семʼяў гэтых асобаў.
Нагадаем, у лістападзе мінулага года МУС выдаў ордар на арышт прэмʼер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу за меркаваныя ваенныя злачынствы ў Газе. Ізраіль адмаўляе гэтыя злачынствы. Суд таксама выдаў ордар на арышт камандзіра ХАМАС. МУС зʼяўляецца судом апошняй інстанцыі і ўмешвацца толькі ў тых выпадках, калі нацыянальныя ўлады не могуць ці не хочуць ажыццяўляць судовы пераслед.
Нагадаем, некалькі дзён таму Дональд Трамп заявіў пра ўвядзенне новых падвышаных мытных тарыфаў на тавары з Мексікі і Канады, а таксама паабяцаў, што ў будучыні «абсалютна дакладна» увядзе іх таксама супраць Еўразвязу.
Надзея Вольная belsat.eu