Абраная прэзідэнтка ўзяла ўдзел у Саміце мэраў еўрапейскіх гарадоў у Тыране і зняпраўдзіла тры стэрэатыпы пра Беларусь: што нашая краіна – частка Расеі, што беларусы падтрымліваюць вайну і што беларусы не змагаюцца за дэмакратыю.
Саміт мэраў еўрапейскіх гарадоў – платформа для абмеркавання важных палітычных і сацыяльных пытанняў палітыкамі, дыпламатамі і экспертамі. Падчас імпрэзы адбылася інтэрактыўная дыскусія з удзелам Святланы Ціханоўскай і мэрамі, а таксама 80 моладзевымі палітычнымі актывістамі.
Абраная прэзідэнтка, як паведамляе ейны Офіс, у сваёй прамове развеяла памылковыя ўяўленні пра Беларусь.
Ціханоўская адзначыла, што нашая краіна – не частка Расеі:
,,«Так, мы суседзі. Але мы не адно і тое ж. На працягу стагоддзяў Беларусь была часткай Еўропы. Нашая культура, нашыя традыцыі – еўрапейскія. Вы бачылі нашыя пратэсты ў 2020 годзе: мірныя, прыгожыя, поўныя надзеі. Нават калі людзі стаялі на лаўках, яны здымалі абутак. Гэта наш менталітэт».
Лідарка таксама зняпраўдзіла тэзу, што беларусы не змагаюцца за дэмакратыю: «Вось ужо 30 гадоў мы спрабуем разбурыць гэтую дыктатуру. Яна выжыла дзякуючы тром рэчам: рэпрэсіям, расейскім грошам і расейскаму падтрыманню. Як толькі адзін з гэтых слупоў упадзе, рэжым абваліцца».
Акрамя таго, Ціханоўская зняпраўдзіла ўяўленне, што беларусы падтрымліваюць вайну ва Украіне:
«У 2020 годзе мы ўжо давялі, што бальшыня беларусаў выступіла супраць Лукашэнкі. А пасля пачатку вайны мы ўбачылі яшчэ больш пратэстаў: людзі сабатавалі расейскія цягнікі, адмаўляліся ваяваць. Сапраўдная Беларусь не на баку Пуціна».

Гэты саміт Ціханоўская назвала ўнікальнай магчымасцю пераняць досвед у краіны, што паспяхова пераадолела аўтарытарны рэжым. Як сказала абраная прэзідэнтка, беларусы цяпер сутыкаюцца з такімі ж выклікамі: імкнуцца аднавіць дэмакратычныя працэсы ў грамадстве і правы чалавека, а таксама ажывіць эканамічнае развіццё.
«Таму важна дзяліцца досведам і пераймаць стратэгі, якія могуць дапамагчы ў нашай барацьбе», – падсумавала Ціханоўская.
Сцяпан Кубік belsat.eu