Затрыманыя два беларусы, два літоўцы, машыны на суму 1,2 млн еўраў. Таксама сканфіскаваныя 4 тысячы пачкаў кантрабандных цыгарэтаў.
Літоўская мытня паведаміла 5 лютага пра рэйд на прадпрыемствы, якія падазраюць у парушэнні санкцыяў. Рэйды прайшлі на мінулым тыдні ў Вільні і ваколіцах. Былі затрыманыя два грамадзяніна Беларусі (адзін арыштаваны на месяц, другі на два) і два грамадзяніна Літвы (да іх ужылі «больш мяккія меры стрымання»).
Таксама былі сканфіскаваныя 17 цягачоў і 15 паўпрычэпаў, а таксама мікрааўтобус, у якім было 4000 пачкаў кантрабандных цыгарэтаў. Агульны кошт сканфіскаваных машынаў ацанілі ў 1,5 млн еўраў.
Мытнікі западозрылі, што неназваныя кампаніі перавозілі розныя аўтамабілі з Літвы ў Беларусь і Расею ў парушэнне міжнародных санкцыяў. Вынікі рэйдаў паказваюць, што кампанія ў 2024 годзе паставіла ў Беларусь і ў Расею 30 аўтамабіляў: цягачы, паўпрычэпы, люксавыя легкавыя машыны «BWM» і «Mercedes-Benz G-Class». Сумарны кошт пастаўленых машынаў мог скласці 1,7 млн долараў.
Цяпер Віленскае ўпраўленне крымінальнага вышуку вядзе дасудовае расследаванне. Затрыманым выставілі падазрэнне ў парушэнні міжнародных санкцыяў, але дакладных артыкулаў Крымінальнага кодэксу не называюць.
Алесь Наваборскі belsat.eu