Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падпісаў указ пра выхад з шэрагу органаў ААН, у тым ліку з Рады ў справе правоў чалавека, а таксама пра прыпыненне супрацы з Галоўным агенцтвам ААН у справе дапамогі палестынцам. Будзе перагледжаны і ўдзел ЗША ў UNESCO. Усе гэтыя дзеянні Трампа вядуць да нявызначанасці і нестабільнасці ў свеце, што выпіхвае пытанне Беларусі далёка з парадку дня, расказаў «Белсату» кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валерый Кавалеўскі.
Палітыка Трампа – чыстая прагматыка
Доналд Трамп вядзе актыўную жорсткую палітыку з пачатку свайго другога тэрміну на пасадзе прэзідэнта. Ужо паспеў прыпыніць фінансавае падтрыманне па ўсім свеце, пагражае мытамі Канадзе і ЕЗ і выходзіць з міжнародных пляцовак.
«Трамп паставіў сабе задачу зрабіць Амерыку вышэйшай за ўсіх. Гэта адзін з базавых ягоных пасылаў і для ЗША, і для свету. Ён спрабуе дэманстраваць рашучасць, наяўнасць вельмі прагматычнай стратэгіі, нацэленай на дасягненне канкрэтных вынікаў, што будуць найперш адпавядаць інтарэсам Злучаных Штатаў», – пракаментаваў дзеянні амерыканскага прэзідэнта Валерый Кавалеўскі.
Многія пастановы, прынятыя за 16 дзён кіравання Трампа, выглядаюць недапрацаванымі, а некаторыя і супярэчаць амерыканскаму заканадаўству. Напрыклад, Дэпартамент дзяржаўнай эфектыўнасці на чале з бізнесменам Іланам Маскам правярае дзяржструктуры і атрымлівае доступы да сакрэтных звестак.
,,«Ягоная дзейнасць фактычна нічым не рэгулюецца, ён не быў правераны спецслужбамі, зацверджаны Кангрэсам. Ягоны дэпартамент таксама. У яго няма статусу ў федэральнай сістэме, наколькі мне вядома. Тым не менш, ён змог дамагчыся далучэння Агенцтва міжнароднай дапамогі да Дзяржаўнага дэпартаменту. Ён атрымаў доступ да сакрэтных звестак у Міністэрстве фінансаў Злучаных Штатаў», – працягвае Валер Кавалеўскі.
Таксама ўсё хаатычна выглядае ў вонкавай палітыцы.
«Трамп спрабуе стварыць вобраз бескампраміснага гульца, сусветнага паліцэйскага, які не саромеецца выкручваць рукі нават сваім найбліжэйшым саюзнікам», – працягвае суразмоўца.
Прасоўванне дэмакратыі пад пытаннем
На думку Валерыя Кавалеўскага, Трамп будзе імкнуцца да перагляду асноваў вонкавай палітыкі, якая ў тым ліку датычыць прасоўвання дэмакратыі і правоў чалавека. Для ЗША гэта было прыярытэтам, бо яны карысталіся логікай, што дэмакратычныя краіны не ваююць з дэмакратычнымі краінамі. Такім чынам, прасцей і танней укладацца ў развіццё дэмакратыі ў свеце, чым потым разбірацца з узброенымі канфліктамі.
Тое ж тычыцца іншых структураў і праграмаў, ад якіх адмаўляецца Трамп. Яны накіраваныя на тое, каб лакальныя крызісы залагоджваліся на месцы і не распаўсюджваліся на іншыя краіны.
«Умоўна, змагацца з голадам дзесьці ў краінах Афрыкі правільна, бо гэта будзе змяншаць патокі міграцыі ў ЗША і такім чынам праблему можна купіраваць на месцы», – тлумачыць Валер Кавалеўскі.
Выхад ЗША з Рады ў справе правоў чалавека ААН, а таксама прыпыненне супрацы з галоўным агенцтвам ААН у справе дапамогі палестынцам пацвярджае тэорыю, што правы чалавека будуць адыходзіць на менш прыярытэтны напрамак у вонкавай палітыцы ЗША, лічыць суразмоўца.
«Але і Рада правоў чалавека была заўважаная ў тым, што там было вельмі многа антыізраільскай рыторыкі, асабліва пасля 7 кастрычніка 2023 года, калі адбыліся тэракты ў Ізраілі. Там сапраўды можна было заўважыць перакосы. Але сама гэтая арганізацыя вельмі важная ў тэматыцы правоў чалавека. Тое, што ЗША адтуль выходзяць, будзе падрываць гэты орган, але не зробіць яго недзеяздольным увогуле.
Была крытыка і ў бок галоўнага агенцтва ААН у справе дапамогі палестынцам, нібы былі нейкія факты, што яны мелі дачыненне да тэрактаў 7 кастрычніка 2023 года. І нават – што былі спробы дапамагаць «Хамасу». Крытыка назапашвалася даўно і рэакцыя была пытаннем часу», – кажа Валер Кавалеўскі.

UNESCO Трамп увогуле разглядае як бессэнсоўную арганізацыю. Яна была створаная, каб праз культурны, адукацыйны абмен выбудоўваць сувязі паміж краінамі, што дапамагае знізіць імавернасць канфліктаў. Аднак такі прагматычны чалавек, як Трамп, верагодна, бачыць гэта як пустую трату грошай, лічыць Кавалеўскі.
Вядзецца размова і пра тое, што ЗША могуць выйсці з групы Сусветнага банку, чые праграмы дапамагаюць стабільнаму развіццю краінаў.
«Гэта адзін з самых уплывовых і вядомых механізмаў у пытаннях развіцця для ўсяго свету. Сусветны банк – лідар у гэтай сферы, а ЗША – лідар у гэтым банку.
Выхад Злучаных Штатаў азначае, што знікнуць праграмы, якія прасоўваюць вонкавапалітычны парадак для Злучаных Штатаў у тых краінах і пытаннях, дзе не могуць працаваць дыпламаты ці вайскоўцы. Там патрэбныя тэхнічныя спецыялісты ў розных галінах, напрыклад, водныя рэсурсы, энергетыка, камунікацыі, адукацыя», – распавядае суразмоўца.
Пра Беларусь забудуць на фоне мноства праблемаў

На думку Валерыя Кавалеўскага, гэта не апошнія навіны пра выхады з розных пляцовак і закрыцці праграмаў, што стварае пункты напружанасці ў свеце, дзе тыя ці іншыя праграмы працавалі.
«Гэта будзе не імгненны эфект, але ён можа назапашвацца па меры часу. Другім наступства будзе тое, што ў пустыя нішы будуць заходзіць іншыя гульцы. Найперш Кітай, у якога шмат сродкаў, які таксама праз эканамічныя і гуманітарныя праграмы спрабуе наладжваць адносіны з урадамі і ўплываць на ўнутраную і вонкавую палітыку. Гэта можа быць небяспечна для беларусаў як прадстаўнікоў заходняй цывілізацыі. Мы падзяляем погляды ЕЗ і ЗША ў пытаннях правоў чалавека, законнасці і гэтак далей», – кажа Валер Кавалеўскі.
Акрамя таго, жорсткая палітыка ЗША ў дачыненні нават саюзнікаў вядзе наўпрост да канфліктаў. Усё гэта разам прывядзе да таго, што Беларусь будзе хутка і глыбока падаць у сетцы прыярытэтаў Злучаных Штатаў і ў міжнародным парадку дня.
«Я веру, што роля Беларусі ў рэгіянальных працэсах недаацэненая. І гэта прыводзіць да такіх канфліктаў, як вайна Расеі супраць Украіны, і ў прынцыпе да той напружанасці, якія ствараецца. Даказваць гэта не проста. Але калі на парадку дня анексія Грэнландыі Злучанымі Штатамі ці далучэнне Канады да Злучаных Штатаў у якасці яшчэ аднаго штату, то, вядома, праблематыка Беларусі становіцца вельмі мала заўважнай. Гэта адно з вельмі сур'ёзных наступстваў, якое нас можа чакаць у найбліжэйшыя месяцы. Можа стварыцца адчуванне, што ЗША не заўважаюць, якія наступствы ёсць ад іх такіх вельмі шырокіх мазкоў», – працягвае Валер Кавалеўскі.
Ён падкрэслівае, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі Трампа да Канады, Грэндландыі, Панамы нібыта нармалізуюць парушэнне фундаментальнага прынцыпа міжнародных права аб недатыкальнасці дзяржаўных межаў.
«Такая рыторыка робіць дзеянні Пуціна супраць суседніх краінаў не такімі ўжо злачыннымі, і гэта наўпрост закранае перспектыву захавання дзяржаўнасці Беларусі», – падводзіць рысу Валер Кавалеўскі.
Арсен Рудэнка belsat.eu