Беларуская грамадзянская супольнасць была шакаваная пасля таго, як Доналд Трамп уступіў на пасаду прэзідэнта ЗША другі раз. Замарожванне фінансавага падтрымання, што ён абвясціў, можа прывесці да скарачэння дзейнасці беларускіх ініцыятываў і недзяржаўных медыяў, а на іх месца прыйдуць прарасейскія і пралукашэнкаўскія праекты. «Белсат» запытаў у экспертаў, як могуць развівацца падзеі і чаму ў тым ліку для ЗША важна, каб беларуская грамадзянская супольнасць не развальвалася.
Што здарылася?
21 студзеня Доналд Трамп падпісаў указ аб замарожванні дапамогі іншым краінам на 90 дзён. За гэты час падтрыманне правераць на адпаведнасць мэтам новай адміністрацыі.
Далей праблемы паўсталі ў Агенцтва ЗША ў справе міжнароднага развіцця (USAID), што і займалася міжнароднай гуманітарнай дапамогаю. Там прайшлі масавыя звальненні. Дзяржсакратар Маркаў Руб'ёў сказаў, што USAID цяпер будзе пад кантролем Дзярждэпартаменту.
Ён адзначыў, што ў будучыні амерыканскія чыноўнікі мусяць выдаваць дапамогу, адказаўшы на пытанне: ці робіць гэта Амерыку больш бяспечнаю, багатаю і квітнеючаю.
Набліжаны да Трампа бізнесовец Ілан Маск заявіў, што USAID «прыйшоў час памерці» і нібыта Трамп з гэтым згодны. Таксама Маск абвінаваціў арганізацыю ў фінансаванні даследаванняў біялагічнай зброі. Доказаў ён не падаў, аднак будучыня USAID не зразумелая.

Гэтыя падзеі закранулі больш за 100 краінаў, што атрымалі дапамогу ЗША, у тым ліку беларускую грамадзянскую супольнасць, СМІ і медыяпраекты.
«Людзі, якія працавалі ў сектары, 25 гадоў нічога падобнага не бачылі»
Кіраўніца «Free Belarus Center» Паліна Бродзік расказвае, што падтрыманне ЗША грамадзянскай супольнасці і медыяў Беларусі вельмі важнае і звычайна складала палову ад усяго аб’ёму.
,,«У 2024 годзе яно складала 29 млн долараў і Еўрапейскі звяз надаваў 30 млн. Тыя навіны, што мы пачулі тыдзень таму, усіх шакавалі, бо сітуацыя беспрэцэдэнтная. Ніколі раней людзі, якія працавалі ў сектары 20–25 гадоў, нічога падобнага не бачылі. Бюджэты змяняліся ў залежнасці ад таго, якія падзеі здараліся ў розных рэгіёнах. Але гэта ніколі не адбывалася дзень у дзень», – кажа Бродзік.
На ейную думку, не факт, што ўсе дадуць рады ў гэтай сітуацыі, бо разлічваць на краўдфандынг у такіх аб’ёмах немагчыма. Ужо цяпер розныя праекты сутыкнуліся з недахопам грошай. Вялікі гарызонт планавання заўсёды быў раскошаю для арганізацый грамадскай супольнасці Беларусі. Цяпер ён сціснуўся да тыдня ці нават дня, адзначае Бродзік.
Паводле ейных звестак, сітуацыя цяжкая таксама ў амерыканскіх партнёраў, якія працуюць з беларусамі:
«Кожны дзень яны перапытваюць, ці ёсць у іх яшчэ праца і магчымасць яшчэ нешта рабіць».
Суразмоўніца мае сумневы, што амерыканскія бюракраты дадуць станоўчыя адказы ў дачыненні падтрымання Беларусі ў наступным годзе, бо краіна ніколі не была ў прыярытэце.
«У 2024 годзе Беларусь стаяла на 98-м месцы з усіх бюджэтных радкоў, што выдаткоўваліся на міжнароднае падтрыманне. Хацелася б верыць у лепшае. Але думаю, прыйшоў час усім беларускім арганізацыям пераглядзець свае актыўнасці і падыходы на фінансавання сваёй дзейнасці.
І, канешне, гэта азначае, што ўвесь грамадзянскі і медыясектар найбліжэйшым часам сціснецца да пэўнай ступені. Гэта вялікая пагроза. Бо нават калі мы возьмем дэмакратычную краіну, напрыклад, Польшчу, і ўявім, што колькасць грамадскіх арганізацыяў і незалежных медыяў змяншаецца на 50 %, хутчэй за ўсё, сітуацыя ў краіне таксама будзе ў пэўны бок хістацца», – працягвае Паліна Бродзік.
Датычна беларускай сітуацыі справы будуць яшчэ горш. Нішу, што цяпер можа вызваліцца, будуць займаць прадстаўнікі менскага і расейскага рэжымаў, перакананая Бродзік.
«Яны, безумоўна, скарыстаюцца гэтай сітуацыяй. Мы і так сёння ведаем, што вялікая колькасць беларускіх студэнтаў вымушаная ехаць у Расею вучыцца, бо ў іх няма магчымасці атрымліваць візы і дакументы, каб паехаць у ЕЗ. Затое Расея іх вельмі ветліва запрашае да сябе. Тое ж адбываецца і з разнастайнымі працаўнікамі. Гэтае замяшчэнне будзе адбывацца больш інтэнсіўна, чым у папярэднія 5 гадоў. Гэта вялікая рызыка для дэмакратычнай Беларусі», – падкрэслівае кіраўніца «Free Belarus Center».
Еўрапейскае падтрыманне таксама важнае і будзе некаторы час даваць магчымасць арганізацыям магчымасць хаця б у пэўным аб’ёме і пэўны час працягваць сваю актыўнасць.
,,«Але гэта будзе азначаць, што павялічыцца запыт, у тым ліку ад іншых краінаў. І яго немагчыма будзе скампенсаваць. Ёсць звесткі, што міжнародныя арганізацыі, якія не залежалі на сто адсоткаў ад амерыканскага фінансавання, напрыклад Упраўленне Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў ААН, пачалі больш асцярожна ставіцца да сваіх выдаткаў у праектах, што былі сафінансаваныя ЗША», – працягвае Бродзік.
Праца грамадскіх арганізацыяў вельмі істотная, дадае Паліна Бродзік. Большасць тых, хто з’ехаў з Беларусі, так ці інакш сутыкаліся з грамадзянскімі арганізацыямі.
«Канкрэтна праз "Free Belarus Center" прайшлі тысячы людзей, якія звярталіся па юрыдычную і псіхалагічную дапамогу. Тры тысячы людзей былі эвакуяваныя намі, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Гэта праца – канва, на якой можа трымацца грамадства. Асабліва ў сітуацыі, калі дзяржава не надае базавыя сацыяльныя паслугі і падтрыманне. Цяпер, калі нейкая арганізацыя закрыецца, гэта пытанне нават не таго, што людзі будуць вымушаныя шукаць працу. Усе тыя, хто звярталіся да нас па гэтае падтрыманне, больш не будуць мець такой магчымасці», – кажа Бродзік.
А навошта ЗША Беларусь?

Паліна Бродзік падкрэслівае, што дапамога беларускай грамадзянскай супольнасці і медыяў – гэта не дабрачыннасць. Звычайна падтрыманне звязанае з пэўнымі інтарэсамі.
«Яны ў тым ліку могуць быць эканамічныя, канешне, але ў першую чаргу гэта бяспека і стабільная сітуацыя ў рэгіёне.
Мы бачым, як тое, што адбываецца ва Усходняй Еўропе, мае ўплыў на заходнія краіны, у тым ліку на іх эканоміку, абарону і разнастайныя сферы жыцця. Мы гэта назіралі ўжо з захватам самалёта "Ryanair", міграцыйнай крызай і вайной. Калі ўнутраныя праблемы аўтарытарнай краінай не развязваюцца своечасова, яны перастаюць быць унутранымі», – працягвае суразмоўніца.
Хоць ЗША і далёка, але і на іх сітуацыя ў рэгіёне ўплывае праз праблемы ў іх партнёра – ЕЗ, мяркуе яна.
Праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк таксама падкрэслівае, што фінансаванне беларускай грамадскай супольнасці – гэта не дабрачыннасць, а нават неабходнасць для дэмакратычных краінаў.
,,«Канешне, можна разважаць, навошта, напрыклад, еўрапейскаму падаткасплатніку траціць 2 ці 4 млн долараў на прасоўванне дэмакратычных наратываў у Беларусі. Але альтэрнатыва гэтаму – патраціць 60 млрд на вайсковае падтрыманне Украіны», – кажа Кірылюк.
Медыі, грамадзянскія актывісты, палітыкі, нізавыя ініцыятывы – гэта тое, што ўплывае на працэс дэмакратызацыі краіны.
«Інвеставаць у медыі некалькі мільёнаў ці нават дзясяткаў мільёнаў – гэта ў некалькі разоў больш выгадна, чым мець Беларусь, што пагражае Еўразвязу ядравай зброяй і міграцыйнымі атакамі», – падкрэслівае Кірылюк.
Ён перакананы, што замарожанае фінансаванне ўсё ж дойдзе да беларускіх ініцыятываў і медыяў, бо атрымлівалася яно ў адпаведнасці з кантрактамі. Калі нейкі СМІ ці ініцыятыва ўжо пачалі працу, то кантракт мусіць быць выкананы. Юрыст мае сумневы, што ў форс-мажорных абставінах закладзенае прэзідэнцтва Трампа. Таксама ён даволі пазітыўна глядзіць на перспектывы USAID.
«USAID існавала перад тым, як Трамп прыйшоў, і, думаю, што яна будзе існаваць нават тады, калі ён пакіне сваю пасаду. Таму мне падаецца, што, нягледзячы на вельмі ўзрушаныя эмоцыі, якія мы цяпер маем, усё ж такі на працягу некалькіх дзясяткаў дзён гэтая сітуацыя павінна выправіцца», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Трамп ужо наводзіў парадкі
Медыяэксперт, старшы аналітык «Media IQ» Паўлюк Быкоўскі кажа, што для медыяў сітуацыя аказалася сапраўды цяжкаю, бо ў выгнанні з «экстрэмісцкім» статусам яны пазбавіліся магчымасці зарабляць на падпісках, рэкламе ці калабарацыях.
«Шмат якія беларускія медыі мусілі грукацца ў розныя фонды. І адным з кірункаў былі амерыканскія фонды», – кажа Быкоўскі.
Разам з тым у мінулае прэзідэнцтва Трампа ўжо быў перагляд выдаткаў.
«Праўда, гэта не датычыла сферы ідэяў. Ён хацеў памяняць сістэму дзяржаўных амерыканскіх структураў. І тады амерыканскія бюджэтнікі мусілі спыніць працу на некаторы час, пакуль не будзе прынятая пастанова, што з імі рабіць.
Цяпер з гэтым сутыкнуліся арганізацыі, што размяркоўвалі фінансы. Мінулым разам прайшло вывучэнне сітуацыі, адміністрацыя вызначыла свае прыярытэты і адкарэктавала тое, што не адпавядала гэтым прыярытэтам. Думаю, будзе нешта падобнае і цяпер», – расказвае Паўлюк Быкоўскі.
Тады працэс перагляду заняў крыху больш за тры месяцы. Пасля гэтага яшчэ прайшоў нейкі час, каб рух грошай аднавіўся.
«Амерыканскае фінансаванне, напэўна, вернецца, але не да ўсіх і не ў тых аб’ёмах, можа быць», – кажа Паўлюк Быкоўскі.
Вядома, сітуацыя для медыяў зрабілася больш няўстойліваю, але ніводны СМІ, што працуе ў выгнанні, не заявіў пра спыненне сваёй дзейнасці, заўважае ён.
«Гэта не азначае, што сітуацыя бясхмарная. Ёсць праблемы, відавочна, ёсць людзі, якія ці сёння ўжо страцілі працу, ці страцяць у найбліжэйшай перспектыве. Але самое гэтае не значыць, што ўсе праекты будуць раптам выключаныя», – кажа Быкоўскі.
Еўразвяз ужо абвясціў дадатковае падтрыманне для беларускіх і расейскіх медыяў у эміграцыі ў памеры € 3 млн. Гэта можа быць вельмі своечасовая дапамога, каб праца не спынялася, мяркуе эксперт.
«Відавочна, што донар не выдае грошы беспасярэдне медыям. Ёсць такія структуры, як імпліментары. Яны выйграюць грошы праз конкурс, пасля чаго працуюць з гэтымі грашыма і нясуць адказнасць за тое, каб яны былі выдаткаваныя на ўказаныя мэты. Гэта азначае, што будзе нейкі прамежак часу, пакуль будуць распрацаваныя тэндары і для атрымальнікаў грамадзянскай супольнасці, і ў медыях.
Але я не думаю, што будзе вельмі доўгая працэдура ў гэтай сітуацыі. Бо падзеі 2021 года, калі на беларусаў асабліва накаціўся махавік рэпрэсіяў, паказалі, што донары ўмеюць працаваць хутка, калі гэта патрэбна. Я спадзяюся, што ў гэтым выпадку так будзе зроблена», – падводзіць рысу Паўлюк Быкоўскі.
Арсен Рудэнка belsat.eu