навіны

У 2024 годзе Беларусь набыла за мяжою на 5,4 млрд долараў тавараў болей, чымся прадала

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com
podpis źródła zdjęcia

Як высветлілася, у 2024-м замежнагандлёвы абарот тавараў Беларусі перавысіў паказнікі пазамінулага года. Нават пад санкцыямі.

Замежнагандлёвы абарот тавараў Беларусі ў 2024 годзе склаў 86,27 млрд долараў. І гэта на 3,7 % болей, чымся за 2023-і (82,93 млрд), сведчыць Нацыянальны статыстычны камітэт.


Экспарт за год дасягнуў толькі 40,32 млрд долараў (39,84 млрд), імпарт – 45,69 млрд (43,91 млрд). Адмоўнае сальда склала 5,37 млрд долараў. Для параўнання: па выніках 2023 года было 3,25 млрд долараў.


Некалькі дзён таму міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў заявіў, што большасць еўрапейскага імпарту паступае ў Беларусь з тых краінаў, якія ўвялі санкцыі. Ён жа агучыў, што тавараабарот Беларусі з Еўразвязам у 2024 годзе склаў каля 8 млрд долараў. Пры гэтым афіцыйная статыстыка ў Беларусі застаецца закрытая.


«І самае цікавае, што ў гэтай суме большасць пазіцыяў належыць тым дзяржавам, якія стаяць ля вытокаў крытыкі Беларусі і разгортваюць антыбеларускую рыторыку ў Еўрапейскім Звязе. То бок яны там заклікаюць да санкцыяў, заяўляючы пра нелегітымнасць нашай улады, а тым часам працягваюць гандляваць», – адзначыў тады Рыжанкоў і дадаў, што 65–70 % беларускага тавараабароту ўсе ж прыходзіцца на Расею.


Паводле Еўрастату, за 11 месяцаў 2024 года ЕЗ паставіў у Беларусь тавараў на 6,63 млрд еўраў, а набыў беларускіх тавараў на 1,235 млрд.


Найбуйнейшымі пакупнікамі беларускіх тавараў былі:


  • Польшча – 436,4 млн еўраў,
  • Літва – 188,8 млн еўраў,
  • Латвія – 177,5 млн еўраў,
  • Нямеччына – 145,47 млн еўраў.


Найбольш імпарту Беларусь завезла з Польшчы (2,07 млрд еўраў), Нямеччыны (1,46 млрд) і Літвы (1,11 млрд).


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10