навіны

«Я б раіў звяртацца на лінію 102». Эксперт пра махляроў, якія выманьваюць грошы ў сваякоў палітвязняў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі махляры пад выглядам блізкіх да рэжыму дзялкоў звязваюцца са сваякамі палітзняволеных. За 5000 долараў яны абяцаюць за два месяцы развязаць пытанне з вызваленнем палітвязня з турмы праз памілаванне.

Дапамагчы, маўляў, могуць і ў непалітычных справах. Пра новую схему махлярства паведамляе канал праваабаронцаў і журналістаў цэнтру «Вясна» з Магілёва «Mayday Team».

,,

«Сітуацыя цалкам адлюстроўвае тое, што адбываецца ў дзяржаве, калі ўжо і палітычныя рэпрэсіі, і вялікая колькасць затрыманых, зняволеных вымушае махляроў гэтым карыстацца. Гэты тое, што часта адбываецца ў афрыканскіх краінах, і цяпер мы да гэтага прыходзім», – тлумачыць праваабаронца Алесь Буракоў. 


Махляры ўмела маніпулююць, даводзяць, што такія памілаванні за грошы пастаўленыя ў Беларусі на паток. Перапошчваюць у сваіх каналах рэлевантныя тэме вызвалення палітвязняў навіны з сайтаў дзяржаўных медыяў. Тут жа адкрыта размяшчаюць матэрыялы з рэсурсаў, прызнаных рэжымам экстрэмісцкімі. Маўляў, глядзіце: мы нічога не баімся, у нас усё схопленае.

«Махлярствы толькі растуць і раскрываць іх так і не навучыліся, бо гэта складаная катэгорыя злачынстваў. І той работнік, які насамрэч ведае, як працуе сістэма, ведае яе слабыя месцы, натуральна можа карыстацца такою сітуацыяй», – разважае прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: minsknews.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: minsknews.by

Беларусы ўжо сутыкаліся з такой актыўнасцю махляроў. Вядомыя выпадкі, калі злачынцы называліся сілавікамі, пужалі людзей адказнасцю за гэтак званае фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці ды іншымі крымінальнымі артыкуламі, пагражалі ператрусамі і адразу ж прапаноўвалі развязаць пытанне за грошы. Вядома, што адна з ахвяраў такім чынам прадала ўласную кватэру і аддала зламыснікам каля 500 000 рублёў.

,,

«Яны могуць прапаноўваць рознае – ад вызвалення палітзняволенага да зняцця нейкіх штрафаў, выдалення з базы «Беспарадкі» і гэтак далей. Як бы гэта смешна ні гучала, але я б раіў звяртацца на лінію 102 – усе размовы там запісваюцца. Калі вы звярнуліся з такою праблемаю, то ім давядзецца з ёю разбірацца», – раіць Мацвей Купрэйчык.


У сваю чаргу псіхолагі апісваюць характэрныя прыёмы махляроў у камунікацыі з патэнцыйнай ахвяраю. Гэта наўмыснае стварэнне стрэсавай сітуацыі, ціск на эмоцыі, каб адняць у чалавека здольнасць лагічна мысліць і абмежаваць у часе: ад вас патрабуюць вызначыцца тут і цяпер, бо інакш – пішы прапала.

Уладзіслаў Корсак belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10