Падчас Форуму Касцюшкі ў польскім Гданьску кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі шмат казаў пра гісторыю, сучаснасць і будучыню Беларусі. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Белсату» Сяргей Пеляса.
У прыватнасці, Радослаў Сікорскі згадаў, што дзяржаўнаю мовай у Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская, што там друкавалі кірылічныя кнігі і што Беларусь была незалежнай ад Расеі даўжэй, чымся залежнай.
«Польшча паслядоўна надавала і будзе надалей надаваць падтрыманне беларускім незалежным ініцыятывам. Адным з найважнейшых у гэтым ёсць тэлебачанне «Белсат». Апярэджваючы пытанні, падкрэсліваю: няма гаворкі ані пра пазбаўленне каналу сродкаў для жыцця, ані пра закрыццё станцыі», – сказаў палітык.
Апроч таго, Сікорскі паабяцаў падтрымліваць высілкі міжнароднай супольнасці ў справе вызвалення беларускіх палітвязняў:
,,«Цягам апошніх гадоў беларусы даказалі, што гатовыя жыць у вольнай краіне, заплаціўшы за гэта высокую, часам найвышэйшую цану».
У Гданьску 3–4 лютага праходзіць Форум Касцюшкі – падзея высокага ўзроўню, зарганізаваная Міністэрствам замежных справаў Польшчы і прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. У форуме бяруць удзел прадстаўнікі ўладаў Украіны, Польшчы, Літвы і Швецыі, а таксама дэмакратычныя сілы Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu