Эканамічны суд Менскай вобласці 24 студзеня прызнаў банкрутам кампанію «ДПМ», якая кіравала сеткаю супермаркетаў для дзяцей «Буслік».
Як адзначае «Zerkalo», агульная сума даўгоў кампаніі складае 25,9 млн рублёў. Гэта выплаты работнікам, іншым фірмам, даўгі па падатках і крэдытах. Пры гэтым маёмасць і актывы «ДПМ» ацэньваюцца на 6,66 млн рублёў, з якіх больш як 500 тыс. – запазычанасць іншых кампаніяў перад «ДПМ». То бок фірма не ў стане расплаціцца па даўгах.
Суддзя прызнаў кампанію банкрутам і пастанавіў яе канчаткова зліквідаваць. У студзені таксама на аўкцыён выставілі таварныя знакі «Бусліка», якімі валодае кампанія «ДПМ».
Першая крама дзіцячых тавараў «Буслік» адкрылася ў 2006 годзе. Інтэрнэт-крама была зарэгістраваная ў 2015-м. У 2018-м «Буслік» меў 46 крамаў, 17 з іх у Менску. У студзені 2024-га іх засталося ўсяго 14. Пяць з іх у Менску, а ў тым жа Берасці няма ніводнай. Па адной краме было ў Магілёве, Гомлі, Горадні, Пінску, дзве – у Віцебску.
Праблемы ў «Бусліка» пачаліся ў кастрычніку 2023 года. Польская кампанія «CDRL» (брэнд «Coccodrillo»), якая яшчэ ў 2018-м набыла беларускую кампанію «ДПМ», уладальніка «Бусліка», паведаміла пра фінансавыя праблемы сваёй беларускай дачкі. «ДПМ» павінна была за 10 дзён пагасіць валютны крэдыт беларускага «Альфа Банку» памерам каля $ 3,95 млн. Банк нібыта ўгледзеў прыкметы неплацежаздольнасці ў дзейнасці «Бусліка», а таксама змяншэнне кошту закладу кампаніі ў звязку з недастатковаю колькасцю тавараў у абароце, якія забяспечваюць крэдыт.
Самастойна пагасіць такую суму на працягу 10 дзён уладальнік «Бусліка» не здолеў. Рэтэйлер «CDRL» у сваю чаргу пастанавіў спісаць кошт акцыяў «ДПМ» на Br 41,3 млн і пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць сеткі памерам больш як $ 400 тысячаў. Пасля гэтага польскі інвестар аб’явіў аб прыпыненні далейшых паставак тавараў у Беларусь. Пазней кампанія «CDRL» прызнала страту кантролю над «ДПМ». Пасля гэтага ў Беларусі зачыніліся ўсе крамы сеткі «Буслік».
Якуб Хруст belsat.eu