Папярэдняя справаздача па расследаванні авіяцыйнага здарэння з паветраным суднам «Embraer-190» авіякампаніі «Azerbaijan Airlines» размешчаная ў адкрытым доступе на афіцыйным сайце Міністэрства транспарту Казахстану.
У апублікаваным дакуменце гаворыцца, што пададзеная ў справаздачы інфармацыя з'яўляецца папярэдняй і можа быць удакладненая і дапоўненая ў выніку даследаванняў і вывучэння ўсіх матэрыялаў. Падкрэсліваецца, што пасля заканчэння працы будзе падрыхтаваная канчатковая справаздача па выніках расследавання авіяцыйнага здарэння.
У дакуменце адзначаецца, што працягваецца правядзенне дэталёвага абследавання пашкоджанняў канструкцый ВС.
,,«Першапачатковы агляд захаваных фрагментаў выявіў мноства скразных і нескразных пашкоджанняў рознай велічыні і формы ў хваставой частцы фюзеляжа, кіля і стабілізатара, рулёў вышыні і кірункі. Падобныя пашкоджанні былі знойдзены на левым рухавіку і левым крыле паветранага судна, а таксама на агрэгатах і кампанентах паветранага судна. У некаторых месцах пашкоджанні маюць правільную прамавугольную форму», – паведамляе справаздача.
Як адзначаецца, для вызначэння характару і паходжання скразных пашкоджанняў, выкліканых староннімі абʼектамі, будуць праведзены адпаведныя даследаванні і экспертызы.
Нагадаем: 25 снежня каля Актаў у Казахстане разбіўся самалёт «Embraer 190», што выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны. На борце былі 67 чалавек – 62 пасажыры і 5 чальцоў экіпажу. Пасля ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі на борце дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале. Лайнер некалькі разоў спрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку і быў перакіраваны праз Каспійскае мора ў Казахстан. Не даляцеўшы да аэрапорту Актаў некалькі кіламетраў, самалёт упаў пасярод стэпу і выбухнуў. Насавая частка цалкам згарэла, хваставая адвалілася і ацалела. Менавіта ў ёй былі 29 пасажыраў, якія выжылі. Іх даставілі ў шпіталь Актаў.
Пазней сталася вядома, што прычына няспраўнасцяў у самалёце – вонкавае ўздзеянне, а менавіта абстрэл з расейскіх сродкаў паветранай абароны. Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін выказаў прабачэнні прэзідэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву ў звязку з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі. Але Аліева гэта не задаволіла, і 29 снежня ён пацвердзіў, што самалёт атрымаў пашкоджанні ў выніку абстрэлу з зямлі. Паводле яго, у першыя дні ад Расеі не было «нічога, акрамя версіяў, поўных трызнення», што «адкрыта паказвала: расейскі бок хоча замяць пытанне, і гэта, вядома, нікому не робіць гонару».
6 студзеня на сустрэчы з сем’ямі загінулых чальцоў экіпажу Аліеў «з упэўненасцю» заявіў, што «віна за гібель грамадзянаў Азербайджану ў гэтай аварыі ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі». «Мы патрабуем справядлівасці, мы патрабуем пакараць вінаватых, мы патрабуем поўнай празрыстасці і гуманных паводзінаў», – сказаў ён.
Якуб Хруст belsat.eu