навіны

Беларус, якому ў Гданьску спалілі дом на колах, спрабаваў пакончыць з сабой

Алег Мядзведзеў. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Алег Мядзведзеў. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларус Алег Мядзведзеў, які актыўна дапамагаў іншым, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, пасля таго як невядомыя спалілі ягоны дом-прычэп. Праз гэта яго нават шпіталізавалі ў псіхіятрычную лякарню.

Праграміст Алег Мядзведзеў называе сябе палітычным уцекачом: быў пакараны за ўдзел у пратэстах 2020 года. Пераехаў у Польшчу, спачатку жыў у Лодзі, Катавіцах, у анархісцкім сквоце ў Варшаве. У Сопаце беларус заснаваў прастору «44hackerspace», супрацоўнічаў з гуманітарнымі ініцыятывамі «Ежа замест бомбаў» і «Caritas» Гданьскай архідыяцэзіі, з UNICEF, нават быў намінаваны на годнасць валанцёра года ў Сопаце ў 2022-м.

Мядзведзеў набыў невялікі дом-прычэп, жыў у ім некалькі месяцаў, распрацоўваў там настольныя гульні. Паводле яго, ягоны дом некалькі разоў спрабавалі абрабаваць. Ноччу 16 кастрычніка 2024 года двух рабаўнікоў затрымала паліцыя, а ў пачатку лістапада невядомыя падпалілі ягоны дом на колах. Разам з домам згарэла ўся маёмасць, у тым ліку неабходная для працы.

У снежні беларуса шпіталізавалі ў псіхіятрычную лякарню пасля спробы суіцыду, паведамляе Wyborcza.pl. Як расказаў сам Мядзведзеў выданню «Most», пасля падпалу ягоны псіхалагічны стан рэзка пагоршыўся.

,,

«Я працую, дапамагаю людзям бясплатна, каб зрабіць свет лепшым. А тут двое мясцовых спачатку хацелі мяне абрабаваць, а потым падпалілі мой дом. Гэта мяне моцна зламала, і я спрабаваў скончыць жыццё самагубствам», – распавёў ён.


26 студзеня, пасля звароту ў крызісны цэнтр, беларуса зноў даставілі ў псіхіятрычную лякарню. Там яго трымалі пад моцнымі лекамі і прывязвалі да ложка, распавёў Мядзведзеў. Пасля таго як ён сказаў, што не плануе скончыць жыццё самагубствам, яму загадалі пакінуць больніцу.

Пасля выпіскі беларус апынуўся на вуліцы. Разумеючы неабходнасць лячэння, ён ізноў звярнуўся ў крызісны цэнтр. Там яму зноў парэкамендавалі шпіталізацыю, і на машыне хуткай дапамогі яго даставілі ў больніцу. Але мужчыну не паклалі ў стацыянар, а толькі выпісалі рэцэпт на лекі.

Як пісаў «Белсат», беларус адкрыў збор сродкаў на польскім сайце «Zrzutka.pl», каб здабыць грошы на новае жытло. Цяпер там 27 235 злотых з неабходных 18 000 злотых, што хацеў сабраць Мядзведзеў.

,,

«Я адчуваю, што людзі далі мне другі шанец, і я не хачу іх падвесці. Я паўтараю сабе гэта кожны дзень», – кажа ён.


Цяпер ён выбірае прыдатны цяжкавік і плануе запісаць відэа з падзякай пасля куплі. Але пры гэтым плануе прайсці і паўнавартасную рэабілітацыю.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10