навіны

Чаму жыхарам Астраўца раздаюць таблеткі ёду і сродкі індывідуальнай аховы

Астравецкая АЭС. Фота: РАР/EPA/MAXIM GUCHEK
Астравецкая АЭС. Фота: РАР/EPA/MAXIM GUCHEK
podpis źródła zdjęcia

У Астраўцы, побач з якім размяшчаецца Беларуская АЭС, медыкі пачалі выдаваць мясцовым жыхарам аварыйныя камплекты. Яны ўключаюць аднаразовую дзённую дозу прэпарату стабільнага ёду ды сродкі індывідуальнай аховы.

Як піша «Астравецкая праўда», аварыйныя камплекты выдаюцца ў кожную кватэру пад роспіс, зыходзячы з колькасці чальцоў сям'і. Паведамляецца, што гэта прафілактычная захада. І грунтуецца яна на рэкамендацыях Сусветнай арганізацыі здароўя і міжнароднай арганізацыі МАгАтЭ. Шмат якія краіны, дзе працуюць атамныя электрастанцыі, выдаюць жыхарам прэпараты з утрыманнем ёду. Яны абараняюць шчытападобную залозу ад радыеактыўнага выпраменьвання.


Прымаць гэтыя лекі рэкамендуецца толькі ў выпадку радыяцыйнай аварыі на ядравым абʼекце пры чаканым значэнні магутнасці дозы іянізавальнага выпраменьвання 50 мкЗв/г і больш. Жыхарам абяцаюць паведаміць пра неабходнасць прымаць таблеткі «праз усе віды сувязі і сродкі масавай інфармацыі».


Нагадаем, найбліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка збіраецца абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі.


Пра гэта Лукашэнка заявіў 21 студзеня падчас размовы з працоўным калектывам МАЗу.


Паводле дыктатара, месца будаўніцтва яшчэ не вызначанае, але патэнцыйныя пляцоўкі ёсць.


Разам з тым, з 4 снежня мінулага года ў працы Беларускай атамнай электрастанцыі былі зафіксаваныя перабоі. АЭС не выпрацоўвала электрычнасці. Як даведалася «Зеркало» ад крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, адбылася няўдалая спроба запусціць адзін з энергаблокаў. Журналісты пад выглядам звычайных грамадзянаў патэлефанавалі на жывую лінію міністра энергетыкі і спыталі, што адбываецца на АЭС.


Са словаў крыніцы выдання, працаўнікі БелАЭС паспрабавалі падключыць да сеткі адзін з энергаблокаў 6 студзеня.


«Усё дрэнна, спроба завяршылася няўдачай,сцвярджае крыніца. – Не магу дакладна сказаць, які блок не ўдалося вярнуць да працы, але станцыя па-ранейшаму прастойвае і не выпрацоўвае электрычнасці. Супрацоўнікі напружаныя, спяшаюцца хутчэй усё выправіць, але пакуль не атрымліваецца».


На афіцыйным сайце Беларускай АЭС таксама паведамлялася, што першы энергаблок застаецца на планава-прафілактычным рамонце. Інфармацыі пра стан другога энергаблоку няма.


Пры штатнай працы двух энергаблокаў БелАЭС забяспечвае блізу 40 % патрэбаў нашай краіны ў электраэнергіі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10