Сярод вайсковай тэхнікі, захопленай паўстанцамі групоўкі M23 у аэрапорце гораду Гома, былі новыя беларускія беспілотнікі. Высвятляем, як яны там маглі апынуцца і з кім звязаныя.
Яшчэ 27 студзеня паўстанцкая групоўка «Рух 23 сакавіка» (M23), якая рэпрэзентуе інтарэсы этнічнай меншасці тутсі, пры падтрыманні вайскоўцаў з суседняй Руанды ўзяла пад кантроль Гому – найбуйнейшы горад на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК). Паведамляецца, што быў захоплены мясцовы аэрапорт, дзе захоўвалася вайсковая тэхніка.
Нагадаем, што ДРК застаецца ў стане ўзброенага канфлікту ўжо больш за 30 гадоў – з часоў генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе.
Праз некалькі дзён, 30 студзеня, Руандыйскае інфармацыйнае агенцтва апублікавала фотаздымкі вайсковай тэхнікі, захопленай паўстанцамі групоўкі M23 у аэрапорце Гомы. Сярод трафеяў былі новыя беспілотныя лётныя апараты (БПЛА), запакаваныя ў драўляныя скрыні.
На фота бачна, што адну са скрыняў распячаталі і ўсярэдзіне быў беспілотнік з рэактыўным рухавіком. Яго крылы здымаюцца і захоўваюцца асобна. На дне скрыні ляжала кніжачка з выразным надпісам на расейскай мове «Этикетка» і размашыстым подпісам. У ангары можна заўважыць каля 20 зялёных скрыняў з новымі БПЛА.
Дарэчы, такі самы апарат паказвалі ў траўні 2020 года на тэлеканале Міністэрства абароны Беларусі. Такі ж БПЛА неаднаразова дэманстравалі на выставах, у тым ліку прэзентавалі Аляксандру Лукашэнку. У медыях з’яўлялася інфармацыя, што яшчэ ў лютым 2019 года беларускія беспілотнікі прадаваліся ў Анголу.
Гаворка ідзе пра беспілотнікі «Беркут-ВМ». Гэта беларускі БПЛА, распрацаваны КБ «Індэла». Спачатку ён планаваўся як паветраная мішэнь, здольная імітаваць крылатую ракету і транспартны самалёт. Адкуль беларускія беспілотнікі з'явіліся ў Конга? Дакладнага адказу няма, але ёсць здагадкі.
Нагадаем, у сакавіку 2021 года беларускага бізнесоўца Аляксандра Зінгмана затрымалі ў горадзе Любумбашы ў ДРК пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам краіны Жазэфам Кабілём. Разам з 54-гадовым прадпрымальнікам, які ўжо больш за 15 гадоў займаецца экспартам сельскагаспадарчай тэхнікі ў Афрыку, былі затрыманыя генеральны дырэктар кампаніі «ARtrade» Алег Водчыц і італьянскі бізнесовец Паўлё Пэрсіка. На вайсковым самалёце іх перавезлі ў Кіншасу.
Паводле звестак мясцовых медыяў, затрыманне Зінгмана магло быць звязанае з паведамленнямі пра ягоную магчымую датычнасць да продажу зброі ў Замбію і Зімбабвэ. Сам прадпрымальнік адмаўляў сваю сувязь з такімі ўгодамі. Паводле выдання «Daily Maverick», Зінгман мог абмяркоўваць продаж зброі з экс-прэзідэнтам ДРК, што выклікала незадаволенасць цяперашняга кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Зінгман ёсць ганаровым консулам Зімбабвэ ў Беларусі і мае дыпламатычны пашпарт. Паводле інфармацыі «Белсату», ён цесна супрацоўнічае з набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам, чыя дзейнасць неаднаразова крытыкавалася незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Шэймана падазраюць у датычнасці да стварэння «эскадронаў смерці», якім прыпісваюць выкраданні і забойствы апазіцыйных лідараў, а таксама іншых праціўнікаў улады Аляксандра Лукашэнкі. Сярод найбольш вядомых выпадкаў – знікненні былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і аператара расейскага тэлеканалу ОРТ Дзмітрыя Завадскага.
Вядома, што праз абвінавачанні ў парушэнні дэмакратычных правоў, карупцыі і датычнасці да выкрадання людзей Шэйман застаецца пад санкцыямі шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША, ЕЗ, Вялікай Брытаніі і Канады.
Надзея Вольная belsat.eu