навіны

У Баранавічах будуць судзіць экс-кіраўнікоў баваўнянага прадпрыемства

Іван Турчак.
Іван Турчак. Фота: скрыншот з ctv.by
podpis źródła zdjęcia

За «злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» экс-кіраўнікоў баваўнянага аб'яднання ў Баранавічах збіраюцца прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Стала вядома, што ў Баранавічах будуць судзіць былога гендырэктара баваўнянага абʼяднання (БВБА) Івана Турчака і ягоную намесніцу па эканоміцы Алену Пасюкевіч. На гэтую інфармацыю звярнуў увагу тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».


За «злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» экс-кіраўнікоў прадпрыемства прыцягнулі да адказнасці паводле чч. 2 і 3 арт. 424 КК Беларусі. Ім пагражае ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Вядома, што першае судовае пасяджэнне адбудзецца 14 лютага ў судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў.


Таксама, як стала вядома, на разглядзе ў судзе знаходзяцца два грамадзянскія пазовы да некалькіх топ-менеджараў БВБА – на кампенсацыю маёмаснай шкоды. Іх будуць разглядаць на пасяджэннях 6 і 7 лютага 2025 года.


Іван Турчак стаў гендырэктарам БВБА ў лютым 2012 года. Яго кандыдатуру на гэтую пасаду ўзгадняў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Таксама Турчак быў дэпутатам Берасцейскага абласнога і Баранавіцкага гарадскога саветаў 27-га і 28-га скліканняў.


Як паведамляе «Зеркало», БВБА зʼяўляецца прадпрыемствам «зомбі»: для яго дзейнасці патрабуюцца пастаянныя фінансавыя ўліванні. У жніўні 2022 года стала вядома, што Агенцтву па кіраванні актывамі даручылі выкупіць даўгі БВБА – 26,45 млн рублёў і 13,26 млн долараў без уліку дысконту.


У лютым 2024 года стала вядома, што БВБА перайшло пад кіраванне Аршанскага ільнокамбіната. Узначаліла баранавіцкае прадпрыемства Наталля Ваўчэцкая, якая да гэтага пяць гадоў кіравала швейнай фабрыкай «Блакіт».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10