У студзені сталіцу цалкам перавялі на ваду з падземных крыніцаў, аднак не ўсе менчукі заўважылі паляпшэння якасці вады з-пад крану. «Белсат» спытаў экспертаў, чаму так.
Артэзіянскую ваду запускалі ўрачыста і акурат перад выбарамі: у цырымоніі ўзяў удзел Аляксандр Лукашэнка, які назваў ажыццяўленне гэтага праекту «найвялікшым подзвігам нашага пакалення» і не прамінуў папракнуць менчукоў: маўляў, за ваду не плаціце столькі, колькі яна каштуе.
Жыхарам буйных раёнаў сталіцы – Маскоўскага і Фрунзенскага – артэзіянскую ваду абяцалі 10 гадоў. І калі яе ўсё ж далі, сацсеткі напоўніліся аднатыпнымі відэа з водаправоднымі кранамі, шклянкамі і шчаслівымі менчукамі: «Нарэшце ваду з-пад крану можна піць!»
У каментарах менчукі сведчаць: «У Малінаўцы вада стала нашмат больш прыемнай, чымся была», «Змянілася якасць вады, дый ужо няма таго паху жалеза», «У нас пайшла ледзяная і нарэшце без паху смуроду і хлёркі».
Трапляюцца і саркастычныя допісы:
«Зараз зрабіў некалькі глыткоў, і сапраўды адчуваю, што нібы дакрануўся страўнікам да святой крыніцы».
«Па-багатаму цяпер будуць у туалет хадзіць, артэзіянскай вадою змываць будуць».
Пры гэтым менчукі пакідаюць багата каментароў, што аніякіх зменаў не прыкмецілі: вада як смярдзела, гэтак і смярдзіць.
«У нас на Паўднёвым Захадзе стала жалезам патыхаць, нібыта з калонкі».
«На Каменнай Горцы ўсё адно вада смярдзіць».
«Падобна, не паўсюль у Сухараве, у нас нічога не змянілася».
«Людзі маглі не заўважыць розніцы, бо ўзімку ваду, што паступае ў водаправоды з паверхневых крыніцаў, не хларуюць увогуле ці не хларуюць так моцна, як гэта звычайна адбываецца летам, калі ў вадзе багата квітнее водарасцяў», – растлумачыў аспірант Віленскага ўніверсітэту Юргіс Лютаўскас. Ягоны каментар «Белсат» атрымаў з дапамогаю бясплатнай экалагічнай інфалініі «Зялёны тэлефон».
Да таго ж, смак і пах вады – даволі суб'ектыўная рэч, бо ў кожнага ўласныя адчуванні. Каб атрымаць аб'ектыўныя дадзеныя пра якасць вады з-пад крану, эколагі раяць зрабіць платную экспертызу ў менскім Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Тут – інструкцыя, як правільна ўзяць пробу.

Зрэшты, на якасць вады, што трапляе ў кватэры, уплывае адзін аб'ектыўны і істотны чыннік: стан трубаў. На гэта звярнуў увагу эколаг Уладзіслаў Шумак:
«Старыя металічныя трубы паступова пакрываюцца адкладамі іржы, мінеральных рэчываў і біялагічных забруджванняў. У такіх сістэмах водазабеспячэння могуць узнікаюць перапады ціску, якія спрыяюць парушэнню гідраўлічнай стабільнасці. Гэта можа прыводзіць да адвальвання асадку са сценак труб і ўзнікнення мікратрэшчын і ўцечак, пападання ў ваду вонкавых забруджванняў: грунтавой воды, мікраарганізмаў ці хімічных рэчываў з навакольнага асяроддзя».
Такім чынам, можа атрымацца так, што найчысцейшая артэзіянская вада, пакуль дойдзе да спажыўца, забрудзіцца ў самым канцы свайго доўгага шляху: нават у трубах унутры шматкватэрнага дому:
,,«Чыстая артэзіянская вада трапляе ў такія трубы і ўзаемадзейнічае з гэтым брудным наваколлем, што пагаршае яе якасць. У выніку вада можа набываць непрыемны пах, смак або колер».
У якім стане цяпер водаправод у Менску, улады не кажуць, толькі рэгулярна справаздачацца, што штогод мяняюць каля 30 км трубаў – гэта 3 % ад усёй працягласці падземных водных магістраляў. Акрамя таго, як запэўніваў раней кіраўнік «Менскводаканалу» Фёдар Рымашэўскі, раз на тры гады прамываюць усе сеткі, за якія адказнае прадпрыемства, – таго патрабуюць нормы. Аднак ўнутрыдамавыя водаправоды абслугоўваюць іншыя арганізацыі, і тут ужо пра якасць трубаў варта пытацца ў таварыстве ўласнікаў або ЖЭСе.
Юргіс Лютаўскас сумняецца, што цяперашнія тэмпы абнаўлення водаправоднай сеткі ў Менску адпавядаюць патрэбам:
«З такімі нізкімі тарыфамі на водазабеспячэнне цяжка забяспечыць своечасовую амартызацыю абсталявання. Узняцце коштаў на ваду магло б знізіць попыт і, адпаведна, нерацыянальнае ўжыванне».
Паводле эксперта, павышэнне тарыфаў нават удвая не развязала б праблему своечасовай мадэрнізацыі водаправоду.
Агулам, як падсумавалі суразмоўцы «Белсату», добра, што Менск цалкам перавялі на артэзіянскую ваду:
«Будзе выдаткоўвацца менш бюджэтных грошай на ачышчэнне і хімікаты, і сістэма водазабеспячэння будзе менш залежыць ад паверхневых забруджванняў».
Сцяпан Кубік belsat.eu