Аляксандр Лукашэнка пачаў рыхтавацца да правядзення «усебеларускага народнага сходу». Але навошта, калі перамогу на практычна безальтэрнатыўных выбарах яму ўжо запісалі, а УНС па-ранейшаму нічога не вырашае, а толькі ўхваляе?
Дзмітрый Крутой, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў 2 лютага пра пачатак падрыхтоўкі да паседжання «ўсебеларускага народнага сходу» і паслання Лукашэнкі народу і Нацыянальнаму сходу. Анансавана, што Лукашэнка «абазначыць контуры» праграмы на наступную пяцігодку, паслухае пра выкананне задачаў і даручэнняў (асабліва яго цікавіць мікраэлектроніка) і штосьці зробіць у пытанні ўзаемаадносінаў з Расеяй і Кітаем у наступныя пяць гадоў.
«Белсат» паразмаўляў пра УНС з галоўным рэдактарам беларускага выдання Reform.news Фёдарам Паўлючэнкам і з экспертам «Цэнтру новых ідэяў», які пажадаў застацца ананімным.
Ці будуць з «усебеларускага сходу» важныя навіны?
Мінулы «ўсебеларускі сход» прайшоў у Менску 24–25 красавіка 2024 года. Як і ў мінулыя разы, больш за тысячу ўдзельнікаў не выбіралі адкрыта, а прызначалі паводле непублічнай працэдуры. У асноўным на тым сходзе, як і на папярэдніх, слухалі прамовы Лукашэнкі і намагаліся не заснуць. Хіба Лукашэнку хвалілі больш, чым звычайна, і выбралі яго кіраўніком сходу з 99,91% галасоў «за». Чаго чакаць на гэты раз?
Эксперт «Цэнтру новых ідэяў» нагадвае, што ў законах замацаваныя паўнамоцтва Лукашэнкі зачытваць штогадовае пасланне прэзідэнта народу, паўнамоцтва УНС збірацца прынамсі раз на год (значыць, сёлета не пазней за красавік) і паўнамоцтва УНС заслухваць гэтае пасланне. Можна чакаць, што зараз штогадовыя зборы УНС будуць праводзіцца менавіта каб Лукашэнка мог выдаць прамову. Эксперт не выключае, што УНС спалучаць таксама з інаўгурацыяй Лукашэнкі, а то і са зменай ураду.
Ды эксперта зацікавіла, што Крутой згадваў у кантэксце УНС і паслання пра адносіны з Расеяй і Кітаем. Сярод паўнамоцтваў УНС ёсць зацверджанне сацыяльна-эканамічнай праграмы і асноўных накірункаў вонкавай і ўнутранай палітыкі. Першы дакумент прымалі на 2021–25 гады, ён яшчэ дзейнічае, таму ўхваліць новы могуць і на наступным УНС. А накірункі вонкавай і ўнутранай палітыкі апісаныя ў законе 2005 года, апошні раз яго абнаўлялі ў 2013 годзе – то бок, яшчэ да анексіі Расеяй Крыму і пачатку вайны на Данбасе. Цяпер у гэтым законе ёсць некаторыя пункты, якія наўпрост супярэчаць Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Вайсковай дактрыне, якія раней ухваліў УНС.
,,«У гэтым законе прапісана, што беларускія войскі не могуць ні ў якім выпадку выкарыстоўвацца па-за межамі краіны, а ў Вайсковай дактрыне, у 37-м пункце, наадварот, напісана, што мы можам выкарыстоўваць войскі па-за межамі краіны, – адзначае эксперт. – Не тое, каб беларускія ўлады калісьці хваляваліся аб пытаннях прававых калізіяў, але сапраўды, пэўнае супрацьстаянне ёсць».
Фёдар Паўлючэнка прагназуе, што пасланне Лукашэнкі і «ўсебеларускі сход» сумясцяць, «каб два разы не ўставаць». Збольшага гэта будзе «прахадным мерапрыемствам», але на ім можа быць агучаная стратэгічная заява пра эканоміку. Апошнія гады ў Беларусі рабілі эканоміку «пад Расею» і «пад вайну», уводзілі адміністрацыйнае рэгуляванне цэнаў, а цяпер могуць абвясціць пра разварот.
,,«Ужо шмат кажуць пра тое, што, магчыма, Лукашэнка будзе абвяшчаць нейкую эканамічную лібералізацыю, – расказвае Паўлючэнка. – То бок, гэта будзе гаворка не пра палітычную лібералізацыю, але пра эканамічную, таму што яму трэба за гэтую пяцігодку, да наступных так званых выбараў, зрабіць нейкія захады, каб эканоміка была больш збалансаваная».
У чым функцыя «паўспячага» органу?
За мінулы год УНС мала чаго зрабіў. Ухваліў (але не распрацаваў) два дакументы: Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Прэзідыум УНС скараціў колькасць суддзяў Вярхоўнага суда (на просьбу самога суда, бо быў распрацаваны новы Кодэкс). Згадак пра іншую актыўнасць УНС не было.
Эксперт «Цэнтру новых ідэяў» канстатуе, што УНС не мае паўнамоцтваў распрацоўваць або мадыфікоўваць дакументы, якія ім прыносяць на ўхваленне: проста зацвярджаюць – і ўсё. УНС мае сакратарыят і прэзідыум, але, у адрозненне ад парламентаў, не мае пастаянных камісіяў, якія б нешта абмяркоўвалі і маглі прасоўваць рашэнні. «Пашыранае паседжанне» прэзідыуму УНС у лістападзе было хутчэй размовай Лукашэнкі з урадам пра паўнамоцтвы мясцовых выканкамаў.

«УНС – гэта паўспячы орган, – тлумачыць эксперт «Цэнтру новых ідэяў». – У яго ёсць фактычна дзве галоўныя функцыі. Першая – легітымацыя дзеянняў улады. Яны зацвярджаюць усе гэтыя праграмы, стратэгічныя дакументы, канцэпцыі; заслухоўваюць пасланне, зацвярджаюць суддзяў, склад ЦВК і старшыню ЦВК. Гэта такая функцыя: „Мы пацвярджаем, што сённяшняя ўлада легітымная, нам падабаецца тое, што яны робяць“.
І ёсць другая частка, больш кантрольна-транзітная: гэта права заканадаўчай ініцыятывы, права адмяняць рашэнні дзяржаўных органаў, права абвяшчаць імпічмент прэзідэнту ці заяўляць, што выбары, якія адбыліся, былі нелегітымнымі. Гэты пул сёння знаходзіцца ў спячым стане, ім немагчыма карыстацца. Хутчэй за ўсё, гэта было прыдумана, каб у выпадку змены ўлады ў папярэдняга прэзідэнта былі магчымасці ўплываць на свайго пераемніка».
У бліжэйшыя шэсць гадоў «прабуджэння» УНС чакаць не варта, дадае эксперт.
,,«Гэта так званы запасны варыянт, – кажа Паўлючэнка пра УНС. – Гэта спроба стварыць умовы для транзіту, калі гэта спатрэбіцца. Я лічу, што асноўны напрамак транзіту – гэта як мага даўжэй трымаць Лукашэнку адначасова на прэзідэнцкай пасадзе і пасадзе кіраўніка УНС, але могуць быць розныя варыянты. І яны, наколькі я разумею, падстрахоўваюцца: робяць яшчэ адну магчымасць захаваць уладу, калі нешта здарыцца».
У Казахстане, згадвае эксперт «Цэнтру новых ідэяў», у 2017 годзе Савет бяспекі зрабілі «паўспячым» кансультатыўным органам пад пажыццёвым кіраўніцтвам Нурсултана Назарбаева, а калі ў 2019-м Касым-Жамарт Такаеў змяніў Назарбаева на пасадзе прэзідэнта, Савет бяспекі на пэўны час стаў хутчэй кантрольным органам Назарбаева. Ды пасля пратэстаў 2022 года Такаеў адхіліў Назарбаева ад улады, нягледзячы на паўнамоцтвы Савету бяспекі.
УНС быў перадвыбарчым мітынгам Лукашэнкі, а стане «другім парламентам»?
Першы раз Лукашэнка склікаў УНС у кастрычніку 1996 года, каб «параіцца з народам» у час канстытуцыйнага крызісу – перад незаконным «рэферэндумам», па выніках якога Лукашэнка ліквідаваў Вярхоўны Савет (выбраны парламент) і прызначыў Палату прадстаўнікоў з ліку дэпутатаў, якія яго падтрымлівалі. У 2001, 2006 і 2010 гадах УНС праводзілі перад прэзідэнцкімі выбарамі фактычна як мітынг за Лукашэнку. Пяты і шосты раз УНС правялі пасля выбараў, сёмы раз – за восем месяцаў да выбараў, зараз зноў правядуць пасля выбараў… Навошта?
Эксперт «Цэнтру новых ідэяў» нагадвае, што правядзенне УНС было неабавязковым да зменаў Канстытуцыі 2022 года, цяпер жа ёсць абавязак збірацца раз на год – і няма прычынаў гэтага не рабіць. І трэба заслухаць пасланне Лукашэнкі. Імаверна, яно і будзе галоўным пунктам праграмы. У 2024 годзе здавалася, што УНС правядуць да выбараў і на ім зацвердзяць праграму Лукашэнкі, але з невядомых прычынаў ад гэтага адмовіліся. У 2020-м мо і збіраліся правесці УНС да выбараў, але не змаглі праз пандэмію ковіду.

Для чыноўнікаў і асяроддзя Лукашэнкі УНС – гэта найперш паказнік таго, што дэлегат належыць да «эліты», якая будзе бараніць тое, што зрабіў Лукашэнка, лічыць Паўлючэнка. Астатняе, што рабілі з УНС, было гульнёй з Расеяй: у Крамлі прасілі стварыць сістэму для транзіту – сістэму зрабілі. Лукашэнка пасля 2020 года абяцаў не балатавацца на наступны тэрмін, але пайшоў на новы тэрмін, мо і на наступны пойдзе. Такім чынам, УНС і не мусіць паказваць нейкую актыўнасць, а заставацца толькі «магчымасцю на ўсялякі выпадак».
Паўлючэнка дапускае, што з УНС могуць «ствараць парламент». Гэта наўрад ці асноўны варыянт, але опцыя «на ўсялякі выпадак». Роля Нацыянальнага сходу, які фармальна выконвае ролю парламенту, цяпер на практыцы «амаль ніякая». А з УНС сістэма выглядае крыху больш падобнай да савецкай сістэмы з ЦК КПСС. Не зусім парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, але ўжо больш устойліва і прадказальна за персаналісцкую аўтакратыю.
Эксперт «Цэнтру новых ідэяў» кажа, што будзе цікава сачыць за тым, ці стане УНС «кар’ерным трамплінам». Пакуль у прэзідыуме УНС ёсць не самыя высокапастаўленыя і вядомыя чыноўнікі, а таксама былыя высокапастаўленыя, як экс-старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова, экс-міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік ці экс-кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Косінец. Адкрытае пытанне, ці стануць малавядомыя выхадцы з УНС рабіць кар’еры.
Беларусаў рыхтуюць да таго, што Лукашэнку будзе прызначаць УНС?
Апошнім часам актывізаваліся размовы пра тое, што УНС будзе задзейнічаны ў прэзідэнцкіх выбарах: ці то будзе прызначаць прэзідэнта без усенародных выбараў, як калісьці намякаў Лукашэнка, ці то выстаўляць кандыдатаў. Пытанне пра гэта 30 студзеня дзяржаўнае тэлебачанне закінула старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігару Карпенку – і былы першы сакратар кампартыі сказаў, што кітайская сістэма выбараў яму больш падабаецца, чым дэмакратычная. Гэта проста размовы ці ўжо падрыхтоўка да рэформы?
Эксперт «Цэнтру новых ідэяў» лічыць, што Карпенка не рабіў праграмную заяву, а толькі рэфлексаваў на тэму мінулых выбараў, рабіў рэверанс у бок Кітаю і ківок у бок Захаду. Усё можа быць, прызнае эксперт, але прынамсі ў бліжэйшыя паўгода-год не варта разлічваць на змену сістэмы выбараў, бо для гэтага трэба зноў мяняць Канстытуцыю, праводзіць рэферэндум – пра гэта стане вядома вельмі загадзя.
Паўлючэнка мяркуе, што падчас пратэстаў 2020 года сістэма атрымала такі ўдар, што больш не захоча «праходзіць турбулентнасць» і змагацца з грамадствам, таму была б радая аддаць функцыю прызначэння кіраўніка дзяржавы ва УНС. Маўляў, «сістэма больш не саромеецца», «не трэба нічога даказваць», «усе ўсё зразумелі». Але такая змена ўсё роўна можа абурыць беларусаў:
,,«Грамадства трэба падрыхтаваць да такой рэвалюцыйнай змены, каб яно прызвычаілася, што менавіта так і будзе, – прагназуе Паўлючэнка. – Гэта дастаткова эфектыўны паліттэхналагічны інструмент, і ім карысталіся насамрэч шмат разоў. Калі, напрыклад, змянялі Канстытуцыю і дазвалялі Лукашэнку балатавацца больш за два разы».
Ён дапускае, што гэта будзе не апошняя змена Канстытуцыі: магчыма, праз 10–15 гадоў плануюць знізіць мінімальны ўзрост для кандыдата ў прэзідэнты. Пакуль нельга балатавацца маладзейшаму за 40 гадоў, а Мікалаю Лукашэнку 20. Чакаць яшчэ 20 сістэма можа быць няздольная, але можа ўжо рыхтавацца: спачатку выбары прэзідэнта праз УНС, потым зніжэнне мінімальнага ўзросту і прызначэнне Мікалая Лукашэнкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu