Прэзідэнт Доналд Трамп заявіў журналістам 2 лютага на аб'яднанай базе Эндрус, што ягоная адміністрацыя мае «сустрэчы і перамовы» з Украінай, Расеяй і «рознымі бакамі».

«Мы маем справу з Украінай і Расеяй, у нас запланаваныя сустрэчы і перамовы з рознымі бакамі, уключаючы Украіну і Расею», – цытуе палітыка CNN.
Іншых падрабязнасцяў ён не паведаміў.
У суботнім інтэрвʼю агенцтву «Reuters» новапрызначаны прадстаўнік ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг заявіў пра неабходнасць правесці адкладзеныя выбары прэзідэнта і парламенту Украіны.
«У большасці дэмакратычных краін выбары праходзяць падчас вайны. Я думаю, што гэта важна, каб яны гэта зрабілі», – сказаў Келаг.
У адказ дарадца ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага Дзмітрый Літвін сказаў, што цяжка «цалкам ацаніць» погляды Келага, але адзначыў, што «калі яго план – гэта толькі спыненне агню і выбары, то гэта правальны план». Ён заклікаў да «больш глыбокага падыходу» хаўруснікаў Кіева.
Якуб Хруст belsat.eu