На палітычнага вязня Кірыла Вевеля завялі справу нібыта за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні і распальванне варожасці. У верасні летась мужчыну прызначылі 3 гады калоніі паводле абвінавачвання ў закліках да санкцыяў.
«Наша ніва» піша, што новы працэс супраць палітвязня Кірыла Вевеля пачнецца 14 лютага ў Менскім гарадскім судзе. Мужчыну вінавацяць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» і «распальванні варожасці».
Паводле гэтых артыкулаў Вевелю пагражае да 6 гадоў зняволення. Праваабаронцы «Вясны» ўдакладняюць, што справу разгледзіць суддзя Жанна Брысіна.
У леташнім верасні іншая суддзя Менскага гарадскога суда, Святлана Чарапанава, прызначыла мужчыну 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за заклікі да санкцыяў. У канцы лістапада старшыня судовай калегіі Вярхоўнага Суда Уладзімір Давыдаў пакінуў вырак без зменаў.
У снежні МУС залучыла палітвязня ў «пералік экстрэмістаў».
Кірылу Вевелю 40 гадоў. Вышэйшую адукацыю атрымаў у БДУ, працаваў на розных прадпрыемствах, што гандлююць прамысловым абсталяваннем, заснаваў невялікую кампанію «Грыфком-вектар», якая прадавала дэталі для канвеераў. Кірыл піша музыку і сцэнары для фільмаў, ягонае прозвішча маецца ў рэестры нацыянальных праваўладальнікаў.
Паводле цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі 1245 палітвязняў, паводле ініцыятывы «Dissidentby», – 1354.
Сцяпан Кубік belsat.eu