У ноч на 2 лютага як мінімум тры расейскія «Шагэды» заходзілі ў Беларусь, паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Два дроны-камікадзэ заляцелі ў нашую краіну а 2:28 з боку Украіны, ішлі курсам на Брагін і Лоеў. Яшчэ адзін заляцеў з РФ а 3:00, прайшоў па мяжы і паляцеў ва Украіну праз «Тры сястры».
Авіяцыя ВПС Беларусі ў неба не падымалася.
Таксама тры «Шагэды» заляталі ў Беларусь раніцаю 1 лютага.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі 28 студзеня заявіў, што ў 2024 годзе беспілотнікі каля 20 разоў парушылі беларуска-ўкраінскую мяжу.
,,«За мінулы год на мяжы з Украінаю зафіксаваныя каля 350 палётаў беспілотнай лятальнай авіяцыі, беспілотных лятальных апаратаў. Прыблізна ў 20 выпадках фіксаваліся парушэнні паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, парушэнні мяжы гэтымі беспілотнікамі», – казаў чыноўнік.
Прадстаўнік памежнага камітэту не назваў краіны прыналежнасці дронаў. «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што з ліпеня 2024 года ў паветранай прасторы Беларусі рэгулярна фіксуюцца расейскія беспілотнікі, пераважна – тыпу «Шагэд», якія найчасцей залятаюць з Украіны.
Паводле маніторцаў, у 2024 годзе ў небе Беларусі былі зафіксаваныя 395 беспілотнікаў, з іх 390 – «Шагэды» і 5 – выведныя.
З тэрыторыі Украіны прыляцеў 381 беспілотнік, з Расеі – 14. За год пацверджаныя 10 выпадкаў збіцця беспілотнікаў СПА Беларусі і Расеі, а таксама выпадкі іх падзення ў Беларусі і Латвіі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu