Наперадзе яшчэ месяц зімы, а на палях у Беларусі азімыя культуры – жыта і трыцікале – ужо ўваходзяць у перыяд падрыхтоўкі да росту, што можа быць небяспечным для іх, паведамляюць беларускія аграрыі.
На пачатак лютага азімыя культуры на беларускіх палях знаходзяцца ў стане паміж перыядамі спакою і росту, што для іх вельмі кепска, кажа старшыня камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні Менаблвыканкаму Сяргей Прымачэнка:
,,«Нельга сказаць, што азімыя культуры знаходзяцца цяпер у ідэальным стане, і яны спакойна перазімоўваюць. Таму што ў паўднёвых рэгіёнах мы ўжо бачым прачынанне азімага жыта, ужо карэньчыкі з'явіліся – гэта гаворыць пра тое, што расліны пачалі вегетаваць. Гэта тычыцца ў некаторых месцах па паўднёвым рэгіёне і трыцікале. На жаль, гэта не ёсць добра, і патрабуе расходу цукраў. Расліны дыхаюць і патрабуюць да сябе ўвагі», – кажа аграрый.
Цяперашні паўсонны стан сельскагаспадарчых культураў неўзабаве будзе патрабаваць унясення ўгнаенняў, але гэта можа прывесці да гібелі раслінаў, калі раптам прыйдуць замаразкі. А як раз іх і прагназуюць у бліжэйшы час метэаролагі.
Пра тое, што галоўнае цяпер – не нашкодзіць угнаеннямі, кажа таксама вядучы аграном па абароне раслінаў агракамбінату «Ждановічы» Яўген Грук:
«Надвор’е ў нас лаяльнае. Уначы халодна, у бліжэйшыя тры тыдні абяцаюць да -7°С. На дадзены момант, мяркуючы па надвор’і, чакаецца, што будзе ранняя вясна. Гэта хуткія падкормкі, ранні хуткі сеў. Будзе развівацца вельмі шмат хваробаў, шкоднікаў. Будуць планавацца тры фунгіцыдныя апрацоўкі, дзве інсектыцыдныя».
Азімыя толькі ў Менскай вобласці займаюць парадку 70 тысяч гектараў пасеваў. З тым, што цяперашняя цёплая зіма небяспечная для гэтых культураў, згодная таксама старэйшая навуковая супрацоўніца аддзелу збожжавых, крупяных і кармавых культураў Віцебскага занальнага інстытуту сельскай гаспадаркі НАН Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навукаў Любоў Картавенкава:
,,«Наш клімат зімой з кожным годам усё больш становіцца падобным да еўрапейскага. Хаця за ўсю сваю навуковую дзейнасць у інстытуце я не прыгадаю, каб ад пачатку зімы і да самага канца студзеня было такое цёплае і бязснежнае надвор’е. Калі раптам цяпер пачнуцца маразы, яны нашкодзяць стану азімых культураў, аж да гібелі раслінаў. Таксама не пойдуць на карысць пасевам і абільныя снегапады. <…> А гэта значыць, што ўвесну аграрыям давядзецца перасяваць загінулыя ўчасткі».
За тыдзень з 25 па 31 студзеня ў Беларусі былі зафіксаваныя 98 тэмпературных рэкордаў. Найцяплейшае надвор’е было на поўначы Беларусі: +8,5°С у Шаркаўшчыне, +8,4°С – у Лынтупах.
У Магілёве быў пабіты рэкорд 70-гадовай даўніны: тэмпература паветра склала +5,3°С супраць +4,9°С у 1955 годзе.
У бліжэйшыя дні чакаецца пахаладанне. 2 лютага максімальная тэмпература ўдзень складзе ад 0°С да +4°С, уначы – да -4°С. 3 лютага ўдзень: -4°С...+2°С, уначы - -1°С..-6°С.
Яшчэ халадней будзе 4 лютага: удзень: -6°С..+1°С, уначы ад -1°С па поўдні да -9°С па поўначы краіны.
Марыя Міхалевіч belsat.eu