У пятніцу 31 студзеня і суботу 1 лютага ў чатах, дзе беларусы абмяркоўваюць сітуацыю на мяжы, пачалі з’яўляцца паведамленні пра вельмі доўгае чаканне на пераходзе «Тэрэспаль – Берасце» у бок Беларусі. Пры гэтым вялізных чэргаў няма.
Вельмі павольна праязджаюць аўтобусы. І справа не толькі ў чэргах, кажуць людзі, якія цяпер знаходзяцца на мяжы, колькі ў афармленні і даглядах, якія цягнуцца вельмі доўга. Пры гэтым палякаў, хоць таксама павольна, але праходзяць у сярэднім за 3 – 4 гадзіны, а далей на мосце аўтобусы амаль спыняюцца і вельмі марудна прасоўваюцца да беларускага прапускнога пункту.
,,«РП – РБ. 31.01, час польскі. 21:00 – выезд з Вашавы Заходней, заехалі ў аэрапорт. 23:55 – пад’ехалі да шлагбаўму ў Тэрэспалі. 02:45 – прайшлі палякаў. 11:50 – заехалі ў Беларусь. 12 гадзінаў на мяжы без чэргаў», – піша адзін з удзельнікаў тэлеграм-чату «ГраницаBY».
Распавядаюць пра доўгія допыты на мяжы:
«РП – РБ, выезд у 20:30. 23:30 – прыехалі да мяжы. 01:54 – прайшлі палякаў. 05:10 – пад'ехалі да РБ. 10:20 – прайшлі пашпартны кантроль (але людзі на допытах). 11:24 (13:24 – час РБ) выехалі з мяжы. 12 гадзінаў на мяжу».
Некаторыя з удзельнікаў чату скардзяцца, што ўжо 11 гадзінаў стаяць на мяжы, прайшлі пашпартны кантроль на польскім баку, на беларускі дагэтуль не трапілі. Пры гэтым у чарзе – адзін аўтобус.
«Чаму РП – РБ доўга беларусы прапускаюць. З чым звязана, хто ведае?», – пытаюцца ў чаце.
Хтосьці піша ў адказ, што доўга правяраюць замежнікаў, асабліва ўкраінцаў. Іншыя спрабуюць растлумачыць сітуацыю тым, што ў Польшчы распачаліся канікулы ў школах і тэхнікумах, і цяпер зноў больш людзей едзе ў Беларусь, як і перад святамі. Аднак у той жа час амаль усе адзначаюць, што аўтобусаў на мяжы не шмат.
Доўга чакаюць на мяжы таксама тыя, хто едуць з Польшчы ў Беларусь на аўтамабілях, але там сітуацыя крыху іншая: вялікая чарга, але само афармленне даволі хуткае.
,,«РП – РБ. 31.01.25. Усталі ў хвост чаргі каля знаку Minsk у 17:55 (час польскі). 01.02.25: уезд на мяжу РП у 04:20 (без таксфры). Выезд з РП: 08:20. Заезд у РБ на зялёны канал – 08:35. Выезд з мяжы ў 09:05 (без рэнтгену). Агулам: 15 гадзінаў 10 хвілінаў».
Некаторыя скардзяцца на пільны дагляд:
«РП-РБ. У нашых пуста на каналах. Незразумела – у чым справа? На заезд стаялі перад мастом 2,5 гадзіны, практычна без руху. Дагляд вельмі пільны, патрабуюць чэкі (не накладныя), праз машыну – на рэнтген».
У адваротным кірунку – з Беларусі ў Польшчу – транспарт рухаецца хутчэй. Паводле дадзеных «Белтаможсервис», на прапускным пункце «Берасце – Тэрэспаль» па стане на 14:00 стаялі 126 легкавых аўтамабіляў і 1 аўтобус.
Папярэднім разам доўга чакаць уезду ў Беларусь з Польшчы даводзілася перад Калядамі – у 20-х чыслах снежня 2024 года. Прахаджэнне мяжы тады магло заняць да трох содняў. Падобная сітуацыя склалася на выезд у бок Польшчы пасля 3 студзеня, калі беларусы, што выехалі на радзіму на святы, вярталіся ў Польшчу.
На ўезд у Польшчу чэргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў перыядычна ўтвараюцца і ў звычайны, несвяточны час. На мяжы з Літвой і Латвіяй звычайная справа – кіламетровыя чэргі з фураў.
Крытычнай была сітуацыя на беларуска-польскай мяжы ў жніўні 2024 года – тады людзям даводзілася чакаць па некалькі содняў, а некаторыя вырашылі зарабіць на сітуацыі і прадавалі месцы ў чарзе.
Беларускі памежны камітэт увесь час абвінавачвае ў праблеме сумежныя краіны Еўразвязу і выдае інфармацыю аб тым, што яны прымаюць нашмат менш аўтамабіляў і аўтобусаў, чым прадугледжана нормай.
З Беларусі ў Польшчу на легкавым аўтамабілі ці аўтобусе можна выехаць толькі праз прапускны пункт Берасце – Тэрэспаль, у Літву – праз Каменны Лог – Медзінінкай і Беняконі – Шальчынінкай, у Латвію – праз пераход Грыгароўшчына – Патэрніекі.
Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня падчас наведвання Менскага гарадскога тэхнапарку выказаўся наконт праблемаў на мяжы Беларусі і Еўразвязу і закрытых памежных пунктаў:
«Ды хоць усе няхай зачыняць. Мы ж туды не ездзім, мы туды нічога не возім. Што, мотавелазавод возіць туды прадаваць прадукцыю? Не. Яны ж санкцыі супраць нас увялі. Увялі – добра. Ну мы і не змагаемся супраць той міграцыі і людзей, якія там хочуць жыць і якія туды ідуць. Я ўжо тысячу разоў пра гэта казаў: з пятлёю на шыі я не буду іх абараняць. Гэта значыць, яны накінулі на мой народ санкцыі, а я іх мушу абараняць?».
Марыя Міхалевіч belsat.eu