Следчы камітэт 31 студзеня распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да аднаго з саўладальнікаў будынку ў Горадні, у якім знаходзіцца Генеральнае консульства Польшчы, 72-гадовага Станіслава Буйніцкага. Яму інкрымінаваная ч. 2 арт 243 КК РБ («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры»), паведамляе Hrodna.life.
Станіслаў Буйніцкі ў 1990-я гады быў намеснікам старшыні Саюзу палякаў у Беларусі. З 1999 года жыве ў Беластоку – эміграваў з палітычных прычынаў, атрымаў польскае грамадзянства. Пры гэтым заставаўся саўладальнікам ТАА «Форт», якому належыць будынак польскага консульства на вуліцы Будзённага, 48а у Горадні.
Гэты адрас быў ледзь не адзіным месцам у Горадні, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычынаў адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах. На дадзены момант нерухомасць па гэтым адрасе арыштаваная.
Як стала вядома MOST, астатнія ўласнікі будынку на Будзённага – таксама фізічныя асобы, грамадзяне Польшчы. Лёс будынку абмяркоўваўся па лініі МЗС Польшчы яшчэ ў ліпені 2024 года. Ужо тады ўласнікам было вядома пра арышт дому. Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, кажа, што ўласнікі лічаць такія дзеянні незаконнымі, бо «паводле міжнародных дамоваў нельга арыштаваць будынак, у якім знаходзіцца генконсульства».
Улетку 2024 прапагандысцкія Telegram-каналы публікавалі інфармацыю, якая дыскрэдытуе «Форт»: нібыта прадпрыемства брала велізарныя грошы за арэнду і не сачыла за станам нерухомасці. Таксама фірму абвінавачвалі ў тым, што яна не хоча мяняць шыльду з назвай вуліцы пасля таго, як адрас Будзёнага, 48А памянялі на праезд Эміля Чэчкі, 2.
Следчы камітэт 31 студзеня 2025 года завёў супраць Станіслава Буйніцкага крымінальную справу ў фармаце спецыяльнага вядзення паводле арт. 243 ч. 2 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры»).
Марыя Міхалевіч belsat.eu