Пра вызваленне Паліны Шарэнды-Панасюк паведаміў раніцай 1 лютага на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.
Паліна выйшла на волю па сканчэнні чацвёртага тэрміну, адбыўшы за кратамі чатыры гады і адзін месяц.
,,«Самы лепшы дзень! Паліна на волі», – напісаў Андрэй Шарэнда.
Паліну затрымалі 3 студзеня 2021 года. У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёну Берасця прысудзіў Паліне Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адразу паводле некалькіх крымінальных артыкулаў: арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»), арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») і арт. 368 КК («Знявага Лукашэнкі»).
Пасля заканчэння двух гадоў жанчына з-за кратаў не выйшла, ёй штогод працягвалі тэрмін зняволення праз пакаранне паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы»).
За кратамі ў Паліны моцна пагоршылася здароўе, у прыватнасці, развілася цяжая хвароба – хранічны панкрэатыт.
На волі палітзняволеную чакалі двое непаўнагадовых дзяцей, Славамір і Стах.
Марыя Міхалевіч belsat.eu