Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра ўвядзенне новых падвышаных мытных тарыфаў на тавары з Мексікі і Канады, а таксама паабяцаў, што ў будучыні «абсалютна дакладна» увядзе іх таксама супраць Еўразвязу.
Трамп пагражаў распачаць гандлёвую вайну з ЕЗ яшчэ напрыканцы мінулага года і заяўляў у снежні, што калі Еўропа не будзе набываць больш амерыканскай нафты, то мыта дакладна будзе ўведзеная.
У пятніцу, 31 студзеня ён пацвердзіў свой намер.
,,«Ці збіраюся я ўвесці мыты супраць Еўразвязу? Безумоўна. Еўразвяз так жахліва з намі абышоўся», – сказаў прэзідэнт ЗША журналістам падчас выступу ў Авальнай залі ў Белым доме.
Дональд Трамп таксама збіраецца ўвесці новыя 25% тарыфы на тавары з Мексікі і Канады і 10% – на імпарт з Кітаю. Магчымым выключэннем можа стаць нафта з Канады, мыта на якую складзе 10%.
Трамп пагражаў увесці мыта з 1 лютага і захоўваць яго, пакуль Канада і Мексіка не прыкладуць больш высілкаў, каб прыпыніць плынь мігрантаў і фентанілу праз мяжу ЗША.
Таксама Трамп выступіў з рэзкаю крытыкай на адрас краінаў BRICS, прыгразіўшы ўвядзеннем стоадсоткавых мытаў на іх тавары ў выпадку спробаў стварэння новай валюты або адмовы ад долару ЗША ў міжнародным гандлі.
Падчас свайго першага тэрміну Трамп увёў мыта ў памеры 25% на імпарт сталі і 10% на імпарт алюмінію з ЕЗ, Канады і Мексікі. У адказ ЕЗ увёў мыта на амерыканскія тавары, у тым ліку віскі, матацыклы і дэнім, агульным коштам каля $ 6 мільёнаў. Еўракамісія заявіла, што гатовая зноў адпомсціць, калі на гэты раз Трамп увядзе пошліны.
У 2023 годзе ЕЗ экспартаваў у ЗША тавараў на суму $ 576,3 мільярдаў – амаль 20% ад агульнага экспарту, што робіць Амерыку другім па велічыні гандлёвым партнёрам Еўразвязу.
Марыя Міхалевіч belsat.eu