Палітвязень блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) 1048 дзён правёў у няволі. Большую частку з іх – у так званым нізкім сацыяльным статусе ў бабруйскай ПК №2. У гутарцы з «Белсатам» Вадзім кажа, што і на самым дне можна заставацца чалавекам, нават калі ты кожны дзень драіш «сральні» і да цябе нельга дакранацца. У той жа час некаторыя з тых, хто пры пагонах ды званнях, цалкам адпавядаюць «нізкаму статусу»... Вадзім Ермашук на волі і ў бяспецы, але мае патрэбу ў нашай дапамозе.
Вадзім Ермашук – жывое сведчанне таго, што ў вольным свеце законы зоны дзейнічаць перастаюць. Ні жоўтых бірак, ні праверак, ні статусу. Можна гучна казаць і ўсміхацца на ўвесь рот, што Вадзім і робіць бесперапынна. І можна – беспакарана! – паціскаць руку знаёмым ды нават абдымацца.
Выходзім з кавярні ў цэнтры Варшавы – і ці не першы чалавек, якога сустракаем на вуліцы, аказваецца гарадзенскім таксістам (цяпер – варшаўскім). Шчырая ўсмешка, раскінутыя ў бакі рукі – пазнае блогера «Vadimati». Землякі абдымаюцца, імгненна дзеляцца ўспамінамі і тэлефоннымі нумарамі…
«Нас прымушалі да вас так ставіцца»
– Вадзім, на зоне было забаронена да цябе дакранацца і з табой размаўляць. Ссумаваўся па жывым кантакту, па цяплу чалавечых поціскаў рукі?
– Ты нават не ўяўляеш – наколькі! Вельмі! Але бачыш – цяпер наганяю (усміхаецца).

– А ці здаралася ўжо такое, што нехта на волі не падаў табе руку?
– Здаралася. Прычым гэта сябар, якога я ведаю 20 гадоў. Ігнат. Ён адзіны ад мяне адвярнуўся. Сустрэў мяне ў горадзе пасля майго вызвалення і пабаяўся падаць руку. Але ён заўсёды быў «ябацькам», а цяпер падтрымлівае рэжым і Расею ў вайне. Адным словам, «вата». І гэты чалавек яшчэ спрабуе мне казаць, што я нейкі не такі. Я мяркую, ён і з мянтамі працуе. У яго сядзіба ёсць, так ён ганарыцца, што ў яго ванна, у якой калісьці ляжаў Лукашэнка. Я кажу: вось гонар!..
Даведка. Вадзім Ермашук – блогер «Vadimati» з Гародні, называў сябе «народным дэпутатам». У 2020 годзе падтрымаў пратэсты. Быў затрыманы 16 жніўня 2021 года ў Шчучыне. Яго судзілі спачатку па адміністрацыйных артыкулах (пяць пратаколаў, 40 сутак), пазней па крымінальных – за «абразу Лукашэнкі» (назваў яго, у прыватнасці, «пацучыным каралём») і «знявагу дзяржаўных сімвалаў» (арт. 368 КК і арт. 370 КК). У турме Вадзіма схілялі да супрацоўніцтва, шантажавалі відэа сэксуальнага характару, знятым аператыўнікамі ў хаце блогера схаванай камерай. Вадзім Ермашук адмовіўся супрацоўнічаць і быў асуджаны на тры гады калоніі. Адбываў тэрмін у ПК-2 Бабруйска. Адміністрацыя калоніі вымусіла палітвязня заняць месца сярод людзей так званага нізкага сацыяльнага статусу. Ермашук выйшаў на волю ў чэрвені 2024 года. У канцы мінулага года з'ехаў з Беларусі.
– Былыя палітвязні ці проста зэкі, якія прайшлі праз усё гэта, не спрабавалі неяк нагадаць табе пра статус?
– Не, усё нармалёва. Гэтыя «законы» працуюць толькі там. Гэта ж гульня такая. Гульня мянтоў і ўсёй сістэмы. На волю яна ніяк не перасоўваецца. Больш за тое, мне цяпер з Бабруйска хлопцы пішуць, хто сядзеў, да прыкладу, па «наркатычных» артыкулах, хочуць паціснуць мне руку.
«Нас прымушалі да вас так ставіцца», – піша чалавек.
І на зоне былі людзі, не ў «нізкім статусе», якія ўсё роўна падыходзілі і ціснулі мне руку, бралі з маіх рук. Таемна, вядома ж: калі іншыя ўбачаць, была б праблема. Але нават калі бачаць, часта гэта замоўчваецца, таму што вырашаюць тут не зняволеныя, а мянты, гэта ад іх зыходзіць. Ад адміністрацыі.
– Некаторыя падыходзілі і ціснулі руку, нягледзячы ні на што. Гэта былі палітвязні?
– Сярод палітвязняў – толькі адзін такі быў. Я не магу яго прозвішча пакуль назваць. Але падыходзілі і сур'ёзныя злачынцы, «непалітычныя». Многія не падтрымліваюць рэжым. Людзі ўсе розныя.

«Я чалавек? Ці я не чалавек праз гэта?..»
– Ты ў самым першым інтэрв'ю пасля эвакуацыі казаў: «Я заставаўся чалавекам да апошняга, нягледзячы на тое, што прыбіраў туалеты». Што значыць быць чалавекам? Цяпер, пасля амаль трох гадоў турмы.
– Быць чалавекам – гэта калі ты апынуўся ў самым нізе, але ўсё роўна спрабуеш знайсці лепшае ў людзях, з якімі ты сядзіш. Уяві, я меў стасункі з гарадзенскім маньякам, які гвалтаваў дзяцей. Ён у школе дворнікам працаваў, падаецца. На зоне яго называлі «Чыкацілаю». І вось мне давялося з ім камунікаваць. Прыходзіў да мяне, цыгарэты прасіў. Ці кажа, напрыклад: «Вадзім, я мяса не ем, забірай маё мяса».
Здаецца, я павінен быў бы асуджаць такіх людзей, але я не суддзя і не Бог, каб асуджаць. Чытачы скажуць, што не павінен быў мець стасункі. Я вам шчыра кажу – я меў зносіны там з кожным. Нават з тымі, каго грамадства асуджае. Я чалавек? Ці я не чалавек праз гэта?..
– Выглядаеш цалкам сабе чалавекам…
– Ды вось: я заставаўся чалавекам да апошняга. Некаторым гэта не падабалася. Начальнікам майго атрада быў такі Казакевіч, ён потым на падвышэнне пайшоў. Паздзекаваўся над намі, пакідаў на ШІЗА і пайшоў на падвышэнне. Хоць быццам бы ў вачах яго і чалавечнасць нейкая была, але, як яны кажуць, «мы пад загадам».
Брыгадзірам атрада быў Ігар Ляхаў – «Лях». Казалі, ён нейкім кілерам быў яшчэ ў 1990-х, з тых часоў яшчэ сядзіць. Калі зоны «чорныя» былі, асноўным, напэўна, быў, а калі сталі «мянтоўскімі», яго зламалі. Цяпер у яго абавязкі ўваходзіць дакладваць мянтам пра ўсё, што адбываецца. Гэта значыць цяпер галоўны на зоне той, хто дакладвае мянтам. У яго свой пакой у атрадзе, «кавалерка» такая, кажучы па-польску, і ён жыве з «семʼянінам», які яго корміць. Узяў сабе маладога такога, у акулярах, мы яго называлі «Гары Потэрам». Ён за наркотыкі сядзіць, у БДУІР вучыўся раней.
Быццам бы разумны хлопец, але абраў шлях працаваць на мянтоў, памочніка брыгадзіра. Такі выканаўца, тыповы БРСМ-авец. Я яго так і называў. Стаім, напрыклад, на праверцы, «нізкі статус» трохі ў баку, але са мной заўсёды хацелі паразмаўляць хлопцы. Я – бліжэй, а Гары Потэр мне: «Ермашук, адсунься, калі ласка». Хоць ніхто на нас не звяртае ўвагі, таму што зэкі да мяне добра ставіліся. А ён заўсёды вось такі, маленькі гаўнюк.
Яму б вучыцца ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Чалавек-выканаўца. З ліку тых, якім скажуць ісці да сцэны сцягамі махаць, як БРСМ-аўцам, і ён пабяжыць – так баіцца за сваю шкуру. Вось такіх вось людзей выхоўвае наша турма. І потым яны выходзяць…

«Толькі забіць мяне можна было...»
– Ці на праверцы трэба было называць свой статус?
– Не, таму што афіцыйна ніякіх статусаў на зоне не існуе. Я ж сказаў: гэта гульня мянтоў. Тое, што ў мяне так званы нізкі статус, толькі на таблічцы на пакоі было пазначана – чыста для мянтоў. На бабруйскай зоне тры праверкі, а для «жоўтых бірак» і чацвёртая была – а 11 гадзіне. Мы павінны былі прадстаўляцца так: «Добры дзень, грамадзянін начальнік! Ермашук Вадзім Аляксандравіч, 29.10.1984 года нараджэння, асуджаны паводле артыкула 368, частка 1, 370, пачатак тэрміну 24.09.2021, канец тэрміну 28.06.2024, знаходжуся на прафуліку 10, схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Дык вось, калі мы прадстаўляліся, я ніколі не казаў свой прафулік і не прадстаўляўся, што я «экстрэміст». Казаў: вы самыя ведаеце хто. Яны такія: «Чаму вы не прадстаўляецеся, як належыць?». Я ім: я не лічу сябе такім. Мы спачатку гаркаліся з тым, хто правярае, але потым яны ад мяне адчапіліся.
,,Не мог я сябе назваць экстрэмістам і дагэтуль не лічу сябе экстрэмістам. Гэта ўсё надуманае.
Адзін мой сваяк сказаў: «Хто наогул вешае гэтыя біркі? Хто гэты чорны кардынал?..»
– Хто?
– Я не ведаю. Мне яшчэ начальнік турмы гэты «экстрэмізм» павесіў. Атрымліваецца, што кожнага чалавека, які супраць улады і не падтрымлівае рэжым, можна лічыць экстрэмістам. Мы тут усе «экстрэмісты». Ды «схільныя да іншай дэструктыўнай дзейнасці: мой Instagram – гэта мая «дэструктыўная дзейнасць».
– Я паглядзеў і прачытаў твае нядаўнія інтэрв'ю. Складваецца ўражанне, што ты, знаходзячыся ў «нізкім сацыяльным статусе», адчуваў сябе больш свабодным, чым звычайныя зняволеныя.
– Дык губляць было ўжо няма чаго! Ніжэй ужо няма куды. «Мужыкі» сядзяць і ўвесь час баяцца. Увесь час баяцца.
– І шантажаваць цябе няма чым было ўжо…
– Ну так. Я ж сказаў, толькі забіць мяне можна было. І глядзі, я ж мог пайсці з імі на супрацу яшчэ раней, каб відэа, якім мяне шантажавалі, не з'явілася. Яны мне прапаноўвалі стаць такім «гарадзенскім Пратасевічам». Гэта значыць, напэўна, пазбегнуць турмы і працаваць на іх. Я адмовіўся.
– І стаў гарадзенскім анты-Пратасевічам…
– Так, хіба так можна сказаць (смяецца). Але да Пратасевіча ў мяне прэтэнзій няма. Усе яго асуджаюць. Многія. Але я не бяруся яго асуджаць. Не ведаю, чым яго шантажавалі. Калі ты трапляеш у гэтую сістэму, нікога нельга асуджаць. Нельга нікога!..
Мяне і перад вызваленнем вербавалі. За тры тыдні да вызвалення прыязджалі на зону, маніпулявалі. КДБ і ГУБАЗ, яны не прадстаўляліся. Ды гэбэшнікі ветліва размаўлялі, а ГУБАЗ, ты ж разумееш, гэтыя паводле развіцця і па мазгах – самы нізкі статус.
Так, нізкі статус на самай справе – гэта ГУБАЗіК! Там працуюць тыя, каго ў школе прыніжалі, напэўна.

У выніку, сказалі, што звяжуцца са мной на волі. Я пяць месяцаў прабыў у Беларусі пасля вызвалення, і ніхто са мной не звязваўся. Яны бачылі мой Instagram і былі, напэўна, у шоку, што я яго вярнуў. Зразумелі, што са мной не атрымаецца. А ў гэбэшнікаў, як я зразумеў, да мяне прэтэнзій няма. І яны нават разумеюць, што я пакрыўджаны.
«Толькі не кажы маёй маме»
– У сэнсе, пакрыўджаны? А, што цябе кінулі ў «нізкі статус»?
– Я цяпер разумею, чаму мяне туды кінулі. Яны маглі не кідаць, нават калі «па панятках». Таму што на відэа, якое яны зрабілі, я не пасіўны. Разумееш, пра што я? Шмат геяў насамрэч сядзіць на зоне, і з тых, каго я ведаў па Горадні, але мы рабілі выгляд, што не ведаем адзін аднаго. Пасіўныя геі, але яны былі «мужыкамі».
У «нізкі статус» мяне кінулі, бо я ўмеў аб'ядноўваць людзей, а не таму, што я гей. Калі мяне прыбралі з Горадні, усё ж заціхла ў горадзе! Атрымліваецца, я вёў за сабой людзей, паказваў, што гэта не страшна, што гэта трэба рабіць.
І, ведаеш, вось гэты момант для мяне быў вельмі цяжкі, вядома ж. Першыя дні, калі мяне ў гэты статус апусцілі і мне трэба было пісаць ліст родным, таму што яны перажывалі. Скажу, многія хаваюць свой статус. «Толькі не кажы маёй маме», – прасілі мяне з «нізкага статусу», з кім я потым звязваўся. А я, калі трапіў, вырашыў не хаваць ад сваіх у лістах. Толькі вось лісты пачалі не даходзіць. Мяне псіхолагі пачалі выклікаць: «Чаму ты пішаш такое вось? Напішы добры ліст». Ды я і пачаў: прыйшла вясна, прыляцелі птушачкі, чарвячкі выпаўзаць пачалі... (смяецца)

– Вадзім, вось ты кажаш, што нікога нельга асуджаць, хто знаходзіцца ўнутры сістэмы. Кажаш, цябе пасадзілі – і ўсё заціхла ў Горадні. І ў тваіх словах – ці то асуджэнне, ці то крыўда…
– Памятаеш, я сказаў у першым яшчэ інтэрв'ю, што я сядзеў за вас. За вас усіх. Я сядзеў за вас! Зараз патлумачу. Я сядзеў за тых, хто стаяў побач з намі ў 2020 годзе на ўсіх плошчах, калі было не страшна. Потым стала страшна. З кожным разам, калі станавілася ўсё страшней, гэтых людзей станавілася ўсё менш і менш. І потым – усе схаваліся па норках. І прайгралі мы яшчэ і таму, што людзі адзін аднаго не маглі падтрымаць.
Напрыклад, я лічу, што я ўсё ж такі ішоў да канца, за ідэю, па сумленні і бясплатна. Я не мог пакінуць ні семʼяў «палітычных», калі пачалі саджаць людзей, ні дзяцей іх. Не мог пакінуць без агалошвання, калі журналісты пачалі зʼязджаць з краіны. Я проста ўзяў на сябе іх ролю. Я ў турме так і сказаў, калі мяне выклікалі: я дэмакрат. Я выконваў у краіне ролю журналіста, калі журналістаў ужо не было. У сваім родзе, у сваім выкананні. Жартам дзесьці ці яшчэ як. І вось: я сядзеў і за вас…
«Латушка ў Туніс сабраў, а Света катлетамі забяспечыла»
– За пяць дзён збору на «BYSOL» беларусы сабралі для цябе амаль 5000 еўра. Ці была яшчэ якая дапамога ад дэмакратычных структур?
– Была. Нават у медыцыне. Я не буду называць, ад каго дакладна, добра? Калі ты Instagram мой глядзеў, там было, што я зʼехаў у Туніс. Сцёб, я сцябащся з «ябацек»! Так у гэтых памыйніцах, на іх Telegram-каналах, напісалі: «Паглядзіце, як збеглыя жывуць!.. Латушка яго ў Туніс сабраў, а Света катлетамі забяспечыла» (смяецца).
– А калі сурʼёзна, ці сустракаўся ўжо са Святланай Ціханоўскай?
– Не. Але я магу прызнацца: яна мне патэлефанавала, калі я ляжаў у шпіталі ў Беларусі. Мы таемна з ёй пагутарылі. Ды яна не асабіста тэлефанавала, а праз маю сяброўку. Перадала прывітанне, сказала трымацца і што ўсё будзе добра. Святлана заўсёды казала, што яна мяне глядзіць, толькі не падпісвалася, каб не дыскрэдытаваць, калі я быў у Беларусі.
Давай я зараз скарыстаюся выпадкам і звярнуся да дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэты зварот і да Святланы Ціханоўскай, і да Паўла Латушкі, і да ўсіх прадстаўнікоў дэмсілаў. Вельмі хачу, каб вы не баяліся ЛГБТ-супольнасці! Каб ішлі ёй насустрач, таму што дэмакратыю мы без гэтага не пабудуем. Каб не баяліся наогул тэмы ЛГБТ. Каб выходзілі на парады. Гэта не страшна – выйсці і заявіць, што вы падтрымліваеце гэтых людзей. Таму што цяпер, мне здаецца, гэтая тэма абыходзіцца бокам. Палітыкі, напэўна, баяцца страціць балы ў Беларусі і на постсавецкай прасторы. А гэта павінна быць! Без гэтага не будзе дэмакратыі.
«Тэма анкалогіі пакуль не закрытая»
– Ці працу знайшоў ужо для сябе тут?
– Я хачу працаваць. І я магу паўсюдна працаваць! Мыць прыбіральні? (смяецца), калі трэба будзе. Дарэчы, распавяду сцёб на зоне. У мяне запытваюць пры вызваленні: «А дзе вы будзеце працаваць?». А я ім: ды пайду ў гарвыканкам, буду ўладкоўвацца. Яны такія: «Што?». Ды, кажу, прыбіральні мыць пайду за мэрам, ага.
– Ну ты «адсадзіў» бы там увесь гарадзенскім гарвыканкам…
– Не, наадварот (смяецца)... На зоне мая пасада называлася «прыбіральшчык памяшканняў» і я атрымліваў заробак 18-19 рублёў на месяц. Гэта лічылася добрым заробкам. На зоне карупцыя шалёная. Не ўяўляеш, як там грошы пілуюць. Раней жа Еўразвяз дапамагаў, і грошы нейкія выдзяляліся на зэкаў. Цяпер гэтая кармушка зачынілася, і ідзе выбіванне грошай у звычайных асуджаных. Гэта бізнес там такі. Рамонты, адкаты. Я мяркую, начальнік калоніі Бубіч Яўген Валер'евіч вельмі добра жыве, машына выдатная ў яго.
Я з ім толькі два разы сустракаўся. Намагаўся мяне, напэўна, пазбягаць, каб не замазацца.
– Плануеш тут, у Польшчы, аднавіць сваю медыйную дзейнасць?
– Так, хачу. Трэба ўсё спрабаваць. Адзін фонд, не звязаны з палітыкай, вылучыў мне ўжо грошыкі на тэхніку. Наогул, ведаеш, хто мяне адзін з першых у Польшчы падтрымаў? «TG House». Квір-асобы Беларусі, якія даведаліся маю гісторыю. Уяўляеш? Потым Наста Базар на мяне выйшла. Такая ўся занятая, што ніяк не можам з ёй сустрэцца…
А наогул, вось ты спытаў аб працы, але галоўнае цяпер для мяне – гэта здароўе, рэабілітацыя. Трэба зрабіць паўторную аперацыю на кілу – здарыўся рэцыдыў. Потым МРТ спіны зрабіць і зонд глынуць. Я не схлусіў ні пра адну хваробу. Ну, псарыяз – гэта ўжо мой боль, напэўна, на ўсё жыццё. І ўсе гэтыя хваробы – адтуль, з зоны.
Я ўжо казаў, што злаякасную меланому на трэцяй стадыі мне выдалілі ў Беларусі (паказвае шнар на шыі) пасля вызвалення. Калі выпісваўся, лекар сказаў: «Вадзім, гэта ў цябе толькі пачатак». Так што тэма анкалогіі пакуль не закрытая. Бачыш, адкуль шнар ідзе? Патрэбныя дадатковыя абследавання. Я іх не паспеў у Беларусі зрабіць. Можа, у мяне там метастазы сядзяць, я не ведаю, але намагаюся пра гэта не думаць.

Мне вельмі не падабаецца, што мянты цяпер распаўсюджваюць звесткі, быццам я хаджу і прыдумляю, і што ў мяне ніякай анкалогіі там няма. Але я магу кожнаму эпікрыз даслаць. Яны ўсе выдатна ведаюць.
«Лукашэнка будзе паміраць у пакутах, мне здаецца»
– Уяві, што заўтра нам можна будзе вярнуцца дахаты. Гатовы дараваць сваім катам?
– Ведаеш, я вось гляджу на Лукашэнку, і ён так выглядае, што мне шкада яго. Ён будзе паміраць у пакутах, мне здаецца. Ён і так пакутуе, так?
Але мне зусім не шкада тых шрубак сістэмы, «ментиков». Яны ж яму паказваюць, што ён добры, што «наш». Я разумею, вядома ж, што рыба гніе з галавы. Але гляджу на яго ў навінах, і шкада становіцца. Прыйдзе, напэўна час, і ён перасаджае і сваіх, калі жыць будзе. Ён жа заўсёды так рабіў…
– У адным з інтэрв'ю ты сказаў прыкладна так: зона – гэта мікрамадэль нашай дзяржавы. Ясна, хто выступае ў ролі «начальніка калоніі», хто «мужыкі» – таксама зразумела, а хто ў такім выпадку – «нізкі статус»? Ну, пра ГУБАЗіК мы ўжо ў курсе…
– Хто «нізкі статус»? Людзі, якія маюць іншае меркаванне. Для іх – гэта так. І вось нас замкнулі, каб мы драілі «сральні» і маўчалі.
Зміцер Міраш / МВ belsat.eu