У Беларусі прайшлі самыя спакойны выбары ў яе сучаснай гісторыі, бо ўсё іншадумства закатанае ў асфальт. Але гэта не супакойвае ўлады, якія працягваюць надаваць статус экстрэмістаў людзям, артыкулам і кнігам. Грамадству адлігі не абяцаюць, а ў прыродзе ўжо сапраўдная вясна. За падзеямі ў краіне і свеце разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.
«Шкодныя» кнігі
Спіс забароненых кніг і аўтараў працягвае папаўняцца. Напярэдадні так званых выбараў Міністэрства інфармацыі Беларусі забараніла продаж яшчэ 30 друкаваных выданняў, бо там былі «інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Мінулым разам спіс папаўнялі ў лістападзе 2024 года.
Цяпер у спіс увайшлі «Такійскі гуль» Суй Ісіда, «Маленькае жыццё» Ганьі Янагігары, «Калыханка» Чака Поланіка і іншыя творы. У адноўленым спісе забароненага ўжо 65 радкоў самых нечаканых публікацыяў.

«Cпакойныя» выбары
Кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што мінулыя «выбары» аказаліся «самымі спакойнымі» ў параўнанні з папярэднімі кампаніямі.
«Такіх спакойных выбараў, выбарчай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь не было. Гэта заслуга ўсіх нашых грамадзянаў. Карыстаючыся нагодаю, хачу падзякаваць за законапаслухмяныя паводзіны», – заявіў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў у справаздачы пра тое, што аніякіх парушэнняў грамадскага парадку «не зафіксавана».
Эксперты нагадваюць, якім коштам быў дасягнуты гэты «спакой»: галоўныя супернікі Аляксандра Лукашэнкі сядзяць у турме, сотні тысячы грамадзянаў пакінулі краіну, а тыя, хто застаўся, напужаныя жудаснымі рэпрэсіямі, што не сціхаюць з мінулых выбараў ужо пяць гадоў, і цудоўна разумеюць, што за любы ўдзел у палітычным жыцці і за грамадска-палітычную пазіцыю пакараюць.
Паводле паведамленняў ЦВК, дзейны кіраўнік краіны набраў рэкордныя 86,8 % галасоў ад 85,7 % выбарцаў, якія афіцыйна дайшлі да урнаў. Аднак легітымнасці за мяжой і асабліва на Захадзе гэта яму не дадало – «выбары» не прызналі яшчэ да таго, як яны адбыліся.
Заяву пра выбары ў Беларусі, дзе гаворыцца, што працэс не можа лічыцца свабодным і справядлівым, у пятніцу 31 студзеня прынялі краіны нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ.

Стары новы прэзідэнт
Стары новы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, пасля таго як 20 студзеня зноў заступіў на пасаду кіраўніка краіны, падпісаў цэлы шэраг выканаўчых актаў, прэзідэнцкіх мемарандумаў і ўказаў у самых розных пытаннях. Некаторыя з іх уводзяць новыя правілы, некаторыя – адмяняюць пастановы папярэдніх уладаў. Дакументы, падпісаныя Трампам, маюць вагу закону, але могуць быць скасаваныя наступнымі прэзідэнтамі ці судамі.
Сярод іншага, Трамп падпісаў пастанову аб выхадзе з Парыжскай кліматычнай дамовы, якая мае на мэце абмежаванне росту глабальнай тэмпературы. Таксама ён пачаў выхад ЗША з Сусветнай арганізацыі здароўя. Ён ужо рабіў гэта падчас сваёй мінулай кадэнцыі, але Джо Байдэн ізноў далучыўся да іх.
Акрамя таго, ён падпісаў указ аб закрыцці паўднёвай мяжы для нелегальных мігрантаў, скасаваў наданне грамадзянства на падставе нараджэння (дарэчы, федэральны акруговы суд у Сіэтле, штат Вашынгтон, пастанавіў часова заблакаваць гэты ўказ).
Найбольш гучнаю сталася пастанова Трампа аб прыпыненні замежнай дапамогі на 90 дзён з мэтай перагледзець яе праграмы. Гэты крок выклікаў шквал крытыкі ў самых розных краінах.

Кошт саюзнай інтэграцыі
Урад Беларусі пастанавіў выраўняць стаўкі ўтылізацыйнага збору з тымі, што дзеяць у Расеі. Для аўтадылераў у параўнанні з цяперашнімі тарыфамі яны павялічацца ўдвая, а на электракары – ажно ў 42 разы. Суму гэтага збору залучаюць у кошт машыны.
Найперш новыя стаўкі паўплываюць на кошт новых машынаў у дылераў. Паводле грубых падлікаў, стаўкі на новыя аўты з рухавікамі ўнутранага згарання выраслі ўдвая. Напрыклад, для легкавікоў, маладзейшых за тры гады і з аб'ёмам рухавіка да 1 літра, збор павялічыцца з Br 3145 (каля $ 930) да Br 6356 ($ 1870).

Студзеньскае пацяпленне
У Беларусі трывае анамальна цёплае надвор’е. На беларускіх метэастанцыях перапісалі 129 тэмпературных рэкордаў, у тым ліку рэкорды 120-гадовай даўнасці.
Так, 27 студзеня ў Пінску зафіксавана +12,8 °C (ранейшы рэкорд – +10 °C у 1983 годзе ў Берасці); 28 студзеня ў Берасці – +11 °C (ранейшы рэкорд – +10,5 °C у 1983 годзе ў Высокім); 29 студзеня ў Берасці +10,9 °C (ранейшы рэкорд – +9,6 °C у 2002 годзе).
Анамальна высокая для гэтага часу года тэмпература хутка прывяла да наступстваў. У TikTok набіраюць папулярнасць відэаролікі, у якіх дачнікі і агароднікі хваляцца ўраджаем, сабраным проста цяпер, нават кошыкамі з грыбамі. Некаторыя эксперыментуюць і садзяць бульбу.
У лясах нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» пачалі квітнець кусты дафіны (воўчага лыка, Daphne mezereum L.). Звычайна воўчае лыка квітнее ў сярэдзіне вясны, але з такімі тэмпературнымі рэкордамі зацвіло ўжо цяпер. Гэта характэрна для трапічных раслінаў, а для Беларусі – вельмі рэдкая з’ява. У Віцебскім батанічным садзе ўжо пануе сапраўдная вясна. Квітнеюць браткі, якія звычайна з’яўляюцца толькі на пачатку сакавіка. Пачынаюць квітнець бэз і чорная парэчка.
Людзі захапляюцца незвычайнымі зімовымі з’явамі, але адмыслоўцы папярэджваюць пра магчымыя наступствы. Такое надвор'е для раслінаў – сур’ёзны стрэс. Праз гэта вясною цвіценне можа быць слабым ці нават зусім адсутнічаць. Адсутнасць снегу пры паніжэнні тэмпературы да -10 °C можа пашкодзіць каранёвую сістэму ягадных культураў і садовых раслінаў. Студзеньскае пацяпленне можа негатыўна адбіцца і на рытме жыцця некаторых насякомых. Асаблівыя перасцярогі выказваюць пчаляры.
Дэ Лёс belsat.eu