навіны

Еўрадэпутат Аўштравічус, які намінаваў Статкевіча на Нобэля: Яго баіцца Лукашэнка

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі палітык Мікалай Статкевіч сустракаецца з людзьмі ў цэнтры Менску, Беларусь. 10 верасня 2015 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі палітык Мікалай Статкевіч сустракаецца з людзьмі ў цэнтры Менску, Беларусь. 10 верасня 2015 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Дэпутат Еўрапейскага парламенту Пятрас Аўштравічус, які зарэгістраваў аднаго з лідараў беларускай апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію міру, расказаў «Белсату», чаму гэта зрабіў.

«На вырашальных участках гісторыі ўсё вырашаюць асобы. Асобы, якія бяруцца за ініцыятыву, вядуць за сабой людзей і тыя, якія не аднадзённыя палітыкі, не аднадзённыя лідары, а тыя, якія змагаюцца доўга, устойліва, якія гатовы ісці далей і якія рызыкуюць сваім жыццём, сваім дабром і агулам здароўем. І для мяне Мікола Статкевіч, якога я ведаю даўно, за якім я назіраю ўжо не першы год, з'яўляецца такім лідарам», – сказаў Пятрас Аўштравічус.

На думку еўрадэпутата, уганараванне Статкевіча Нобэлеўскай прэміяй важнае як для беларускіх дэмакратычных сілаў агулам, гэтак і для самога палітвязня, які знаходзіцца ў вязніцы, у рэжыме інкамунікада.

«Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе такім паказальным выпадкам і вельмі своеасаблівым добрым прыкладам, што мы не забываемся пра такіх людзей, што мы змагаемся за іх, што мы ўздымаем пытанні і прызнаем за імі зробленыя справы», – адзначыў Аўштравічус.

На думку еўрадэпутата, Аляксандр Лукашэнка не вызваляе Статкевіча і іншых вядомых палітвязняў, бо «проста іх баіцца»:

,,

«Ён баіцца, што стабільнасць ягонага рэжыму можа зменшыцца, што знойдуцца людзі, якія могуць фармуляваць ідэі, ініцыятывы. Ён баіцца. І таму ён, калі і будзе выпускаць, дык толькі ў абмен».


Мікалай Статкевіч. Фота: hramada.org

Палітвязня Мікалая Статкевіча вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру

навіны

Аўштравічус заявіў, што выступае супраць адмену палітвязняў на санкцыі, бо «гэта была б выгада толькі самому Лукашэнку і ягонаму атачэнню». Аднак на ягоную думку, магчымы «абмен на людзей».

Мікалай Статкевіч далучыўся да дэмакратычнага руху ў 1991 годзе на знак пратэсту супраць задушэння танкамі дэманстрантаў у Вільні. Неўзабаве абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое ставіла за мэту «стварэнне беларускай арміі, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства». Арганізацыя была забароненая ў 1994 годзе. З 1995 года старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада. Адзін з арганізатараў пратэставай акцыі «Марш свабоды» ў 1999 годзе.

У 2005 годзе асуджаны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 года ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, у якіх удзельнічаў у якасці кандыдата, асуджаны да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 22 жніўня 2015 года Статкевіч быў датэрмінова вызвалены паводле амністыі Лукашэнкі.

Быў адным з арганізатараў мітынгу перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года і пасля парламенцкіх выбараў 2016-га. Падтрымліваў пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў 2016 года і быў адным з арганізатараў «антыдармаедскіх» акцыяў у 2017-м.

Затрыманы 31 траўня 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай, асуджаны на 15 сутак, а пасля яшчэ на 15 сутак. 30 чэрвеня сталася вядома, што яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 14 снежня 2021 года на закрытым судзе ён быў асуджаны паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў») да 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму. З лютага 2023-га яго ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і вонкавым светам – у рэжыме інкамунікада.

Віталь Бабін, Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10