«Ды няўжо!» Заробкі расейцаў шакавалі Пуціна

На мінулым тыдні Пуцін прыехаў у МДУ і моцна здзівіўся сярэднім заробкам масквічоў. Расейцы сталі абмяркоўваць, што б стала з Уладзімірам Уладзіміравічам, калі б ён даведаўся памеры заробкаў у рэгіёнах. Дык што не так з гэтымі самымі заробкамі?

Патлумачым адразу, што, паводле дэкларацыі Пуціна аб даходах, асабіста ў яго з заробкам усё добра. Але пра гэта пазней. На сустрэчы ў МДУ быў Сабянін. Пуцін пацікавіўся ў яго, колькі ў сярэднім зарабляюць масквічы. Адказ – 140–160 тысяч рублёў (каля $ 1400–1600).


Калі зыходзіць з інфармацыі, якую мы знайшлі ў адкрытым доступе, сярэдні заробак у сталіцы Расеі ў 2024 годзе вар'іравалася ў залежнасці ад крыніцы і метадалогіі разліку. Калі верыць «Мосстату», у студзені – верасні мінулага года сярэдні заробак у Маскве быў крыху большым за 150 тысяч рублёў (каля $1 500).


У 2025 годзе сярэдні заробак у Маскве, паводле дадзеных «BDEX» (партала, які займаецца аналітыкай заробкаў), складае крыху больш за 125 тысяч рублёў (каля $1 300). Аналітыкі «Авито Работы» падлічылі, што ў сярэднім па выніках восені 2024 года маскоўскія кампаніі прапаноўвалі саіскальнікам каля 100 тысяч рублёў (каля $ 1000) у месяц за поўны працоўны дзень.


Карыстальнікі сацыяльных сетак таксама падзяліліся памерамі сваіх заробкаў. Telegram-канал з двух мільённай аўдыторыяй «Новости Москвы» правёў на гэтую тэму апытанне сярод сваіх падпісчыкаў: большая частка адказала, што ў дыяпазоне 50 – 100 тысяч рублёў ($ 500 – 1 000). Улічваючы, што сярэднія лічбы не адлюстроўваюць сапраўднага становішча, а разрыў паміж заможнымі і беднымі расце з года ў год, заробкі істотна ніжэйшыя. Адзін з каментатараў вельмі даступна ацаніў сітуацыю, якая склалася:

,,

«Нехта есць мяса, нехта – капусту, а разам мы ямо галубцы».


У большасці рэгіёнаў Расеі справы ідуць яшчэ горш. Сярэдні заробак у Расеі па выніках 2024-га, паводле звестак «Росстата», склаў 84 тысячы рублёў ($ 860). Як бачыце, крыніцы розныя, але сутнасць адна – лічбы яшчэ меншыя за тыя, якія Сабянін агучыў Пуціну і якім так моцна здзівіўся.


Чаму ж у Пуціна адняло мову? У яго рэальнасці і на яго рахунках фігуруюць зусім іншыя лічбы. У пачатку мінулага года ЦВК РФ апублікаваў дэкларацыю кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Пуціна аб даходах за шэсць гадоў.


Паводле толькі афіцыйных дадзеных, яго даход склаў 67 591 875 рублёў (каля $ 700 000), гэта значыць каля мільёна рублёў штомесяц (крыху больш за $ 10 000).


Важна яшчэ ўлічыць, што прэзідэнт Расеі знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, таму яго выдаткі несувымерныя з выдаткамі звычайнага грамадзяніна. І пра будучыню задумвацца таксама не трэба. Пасля сыходу з пасады былому прэзідэнту выплочваецца пажыццёвае грашовае ўтрыманне ў памеры 75 % месячнага грашовага ўзнагароджання, ён пажыццёва забяспечваецца дзяржаўнай аховай, спецыяльнай сувяззю, транспартным абслугоўваннем і адной з дзяржаўных дач. Таксама захоўваецца права на медычнае абслугоўванне, яго жыццё і здароўе страхуюцца, а яшчэ ёсць права ўтрымліваць апарат памочнікаў. І ўсё гэта – за кошт дзяржбюджэту.

Таксама ў новым выданні «Лукавых навін»:


  • Расейскія прапагандысты прадракаюць Еўропе голад і банкруцтва эканомікі
  • Хутчэй! Вышэй! Мацней! Лукашэнка б'е свае ж рэкорды


belsat.eu / МВ