Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян не пракаментаваў апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра Арменію, паведамляе News.am.
«Пры ўсёй павазе, мой дыялог з Лукашэнкам завершаны. З ім мне больш спрачацца няма пра што», – сказаў Нікол Пашыньян на прэс-канферэнцыі 31 студзеня.
26 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Арменія сама вінаватая ў вайне ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе, і негатыўна ацаніў цяперашнюю палітыку Пашыньяна.
«Яны пачалі падлашчвацца да ЕЗ. Небяспечная гульня. Супакойце яго [Пашыньяна. – Заўв. рэд.] там. Ён знішчыць Арменію. У яго праблема з аднаго боку – з Усходу, у яго праблема з Захаду. Ён яшчэ і Расею настройвае супраць сябе. Ён у акружэнні, невялікая тэрыторыя», – сказаў Лукашэнка.
Адносіны паміж Менскам і Ерэванам напружыліся пасля таго, як у пачатку 2024 года Лукашэнка падчас візіту ў Азербайджан зрабіў заявы ў падтрыманне Азербайджану датычна канфлікту ў Нагорным Карабаху.
Нікол Пашыньян неўзабаве абвінаваціў Беларусь і Расею ў матэрыяльным падтрыманні вайны супраць Арменіі, хоць тры краіны належаць да АДКБ. У прыватнасці, гаворка ішла пра пастаўкі зброі Азербайджану.
«І сёння ён на мяне крыўдзіцца. Чаго ты крыўдзішся? Я ж не ваяваў на баку Азербайджану. Ён кажа, зброю яны [Азербайджан. – Заўв. рэд.] у нас купляюць. Можа, Азербайджан і купляў. Але мы былі адкрытыя і для Арменіі. Хто плаціў грошы, той і атрымліваў тавар», – сказаў Лукашэнка 26 студзеня.
Арменія заявіла пра замарожванне свайго ўдзелу ў АДКБ. Таксама Пашыньян сказаў, што не прыедзе ў Беларусь на пасяджэнне Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Лукашэнка адказаў, што ў Менску могуць не працаваць «тэлевізары», каб Пашыньян падключыўся онлайн. На гэта прэм'ер Арменіі сказаў, што разумее, што ў Беларусі ўжо могуць распачацца праблемы і з тэлевізарамі.
Арсен Рудэнка belsat.eu