навіны

Святлана Ціханоўская заклікала АБСЕ запатрабаваць ад уладаў Беларусі доступу да палітвязняў

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на штогадовым пасяджэнні Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, Швейцарыя. 21 студзеня 2025 года.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на штогадовым пасяджэнні Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, Швейцарыя. 21 студзеня 2025 года. Фота: Markus Schreiber / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Ва ўмовах узмацнення рэпрэсіяў Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) павінна захаваць Беларусь у сваім парадку дня. Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла 31 студзеня, у 33-ю гадавіну далучэння краіны да АБСЕ.

На думку палітыка, арганізацыі трэба «запатрабаваць доступ да палітычных зняволеных і прыцягнуць рэжым (Аляксандра Лукашэнкі – Заўв. рэд.) да адказу за яго злачынствы».


«Трывалы мір у нашым рэгіёне немагчымы без свабоднай Беларусі», – адзначыла Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.


АБСЕ – рэгіянальная арганізацыя, у якую ўваходзіць каля 60 краінаў Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Азіі. Займаецца пытаннямі кантролю над узбраеннямі, прасоўвання правоў чалавека, свабоды прэсы, правядзення свабодных і справядлівых выбараў.


Станам на 31 студзеня палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 1245 чалавек. Насамрэч людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна больш.


Нагадаем, 18 студзеня Аляксандр Лукашэнка памілаваў чарговыя 23 асобы, што былі асуджаныя паводле палітычных матываў. Але на волі Міністэрства ўнутраных справаў абяцала «забяспечыць кантроль за іхнымі законапаслухмянымі паводзінамі».


Папярэдняе памілаванне адбылося 28 снежня 2024 года, тады былі вызваленыя 20 палітвязняў. Агулам у 2024 годзе было 8 хваляў памілаванняў палітзняволеных, падчас якіх на волю выйшлі 227 чалавек. Тым не менш, рэпрэсіі трываюць, і людзей за краты дагэтуль саджаюць болей, чым вызваляюць. Палітзняволеныя працягваюць быць разменнай манетай для Аляксандра Лукашэнкі.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10