Прэзідэнт ЗША, які нядаўна ўступіў на пасаду, за два тыдні праславіўся не толькі скандальнымі ўказамі і супрацьстаяннем з суседзямі, але і запускам новай крыптавалюты, якая патэнцыйна зрабіла яго адным з самых багатых людзей у свеце. Тое ж, як гэта было зроблена, ставіць шэраг этычных і палітычных пытанняў, у тым ліку і перад прыхільнікамі крыптавалютаў.
17 студзеня, за тры дні да запланаванай інаўгурацыі Дональда Трампа ў якасці прэзідэнта Злучаных Штатаў, на блокчэйн-платформе Solana быў запушчаны сугучны палітыку крыптавалютны токен $TRUMP. Як заявіла намесніца выканаўчага дырэктара расследавальніцкага агенцтва Documented Брэндан Фішэр, час запуску $TRUMP быў невыпадкова абраны так, што ўжо скончылася перадвыбарчая кампанія, але сам Трамп яшчэ афіцыйна не ўступіў на пасаду, таму ён мог падпарадкоўвацца федэральным этычным правілам.
Фармальна паводле сваіх характарыстык $TRUMP не з'яўляецца самастойнай крыптавалютай, а хутчэй падобны да сувеніру. Ды і на афіцыйным сайце характарызуецца як «адзіны афіцыйны мем Трампа», купіўшы які, можна падтрымаць палітыка. І хоць арганізатары падкрэсліваюць, што манета не з'яўляецца інвестыцыйнай магчымасцю або каштоўнай паперай і не мае нічога агульнага з якой-небудзь палітычнай кампаніяй або ўрадавай установай, ужо ў першыя гадзіны яна паказала цуды капіталізацыі.
Імклівы рост цаны
Кошт $ TRUMP з першапачатковых $7-8 за манету ўжо апоўдні 19 студзеня вырас да $75. Агульны кошт 200 млн токенаў, выпушчаных да гэтага часу, ацэньваўся амаль у $13 млрд.
Права ўласнасці на токен ў асноўным засяроджана ў дзвюх кампаніях, афіляваных з Trump Organization, якія на 20 студзеня разам мелі яшчэ 800 млн токенаў. Іх плануецца паступова прадаваць на працягу наступных трох гадоў. Паводле ацэнкі New York Times, яны маглі каштаваць больш за $51 млрд, што патэнцыйна рабіла Трампа адным з самых багатых людзей у свеце. І хоць неўзабаве пачалося падзенне катыровак, па стане на 30 студзеня адна манета каштуе ўсё яшчэ больш за $27, або ў 3,5-4 разы больш за першапачатковую цану.

Увод новага токена раскрытыкавалі эксперты па этыцы і дзяржаўных наглядных органаў. У прыватнасці, адзначаецца, што патэнцыйная купля манеты замежнымі ўрадамі можа з'яўляецца парушэннем пункта Канстытуцыі ЗША аб замежных узнагародах.
Зліццё ўлады і капіталу
Галоўны рэдактар «Новой газеты Европа» Кірыл Мартынаў у каментары «Белсату» ў сувязі з запускам $TRUMP адзначыў гатоўнасць 47-га прэзідэнта ЗША «выкарыстоўваць сваю пасаду, свой статус, сваю асабістую ўладу і вядомасць дзеля таго, каб на гэтым яшчэ і наўпрост зарабляць». Паводле яго слоў, запуск манеты перад інаўгурацыяй паказвае, што «ўзаемаадносіны паміж рынкамі, вялікімі грашыма і вялікай уладай ўладкаваныя ў сучасным свеце прынцыпова інакш, чым можна нават было сабе ўявіць некалькі гадоў таму».
,,«Трамп, вядома, не здзейсніў нейкага злачынства, ён не зрабіў нічога забароненага, але раней так не было прынята. Раней не было ідэі, што абранне ў прэзідэнты ЗША, уступленне на пасаду – гэта падстава спекуляваць на фінансавым рынку і выкарыстоўваць лічбавыя інструменты для асабістага ўзбагачэння», – заявіў Мартынаў.
Ён не выключыў, што з часам у кожнага члена сям'і Трампа (ужо запушчаны новы мемкоін $Melania, названы ў гонар жонкі палітыка) і ў кожнага набліжанага да яго амерыканскага палітыка можа з'явіцца свой «крыпта-свячны заводзік, на якім яны могуць зусім не нічога не саромеючыся зарабляць за кошт цікавасці да іх дзейнасці». Раней гэта было б палічана як «прыклад цалкам бессаромнай карупцыі», адзначыў Мартынаў.
Новая алігархія
Мартынаў падкрэсліў, што рынак крыптавалютаў у гэтым пытанні ніяк не рэгулюецца, а значыць перад законам Трамп чысты. Тым больш, што ён сам як раз выступае за яго дэрэгуляцыю, лічачы што за дэцэнтралізаванымі фінансамі будучыня. Аднак, на думку Мартынава, нават многія прыхільнікі Трампа і крыптавалютнага рынку з ліку лібэртарыянцаў у гэтым выпадку «пра нешта задумаліся», паколькі палітык пахіснуў іх веру ў тое, што дэцэнтралізаваныя лічбавыя валюты змогуць адсунуць на другі план дзяржавы, пазбавіўшы іх манетарнага інструменту.
«Цяпер высвятляецца, што лідэры дзяржавы, у якіх і так вельмі шмат улады, могуць адначасова на гэтым рынку паводзіць сябе абсалютна як сланы ў крыптапосуднай краме і фактычна спекуляваць на чаканнях рынку, тым самым павялічваючы свае паўнамоцтвы.
Бессаромнасць ёсць у тым, што гэта па сутнасці ўлада выкарыстоўваецца для атрымання прыбытку. І я думаю, што ў карціне свету Дональда Трампа гэта шмат у чым адказ на пытанне, чаму яму гэтая ўлада патрэбная», – мяркуе Мартынаў.

Ён падкрэсліў, што выяўляецца «даволі небяспечная тэндэнцыя, калі самы буйны капітал на планеце зліваецца да неадрознасці з самай вялікай уладай на планеце», а сістэма стрымак і процівагаў не дзейнічае.
«Калі б цяпер быў бы жывы Арыстоцель, для яго гэта было б надзвычай цікавым прыкладам новага этапу ў развіцці таго, што ён акрэсліў як алігархію, гэта значыць літаральна ўлада найбагацейшых людзей у дзяржаве, калі яны кіруюць, таму што ў іх і без таго ёсць вялікія фінансавыя магчымасці. Калі ўлада і капітал канвертуюцца адно ў адное на нейкім вельмі спецыфічным рынку. Трамп зрабіў сур'ёзны крок наперад у развіцці сусветнай тэхналагічна прагрэсіўнай алігархіі», – адзначыў Мартынаў.
Паколькі $TRUMP быў прадстаўлены яшчэ перад выбарамі, суразмоўца не выключае, што гэта не апошні крок Трампа, «накіраваны на канвертаванне ўлады ў розныя формы капіталаў». У прыватнасці, ён бачыць сувязь гэтага з планамі палёту на Марс ад Ілана Маска, дзе можа праявіцца «тое, што ў нашай частцы свету называецца адкатам». Тым больш, што «таленавітыя людзі заўсёды знойдуць спосаб» для гэтага.
Марыя Аляксандрава, Макар Мыш / АБ belsat.eu