Шуфлядка

Імператар Марсу? Наколькі сур’ёзныя касмічныя планы Ілана Маска

Ілан Маск і Марс
Ілан Маск і Марс. Калаж з фота: Steve Jurvetson / Michael Karrer / Flickr, CC BY 2.0 / CC BY-NC 2.0
podpis źródła zdjęcia

Трамп падтрымаў ідэю Маска слаць людзей на Марс. Набліжанасць мільярдэра да прэзідэнта ЗША можа дапамагчы рэалізацыі касмічных праграмаў, ды некаторыя мары Маска ўсё яшчэ выглядаюць фантастычнымі і небяспечнымі.

Амерыканскі мільярдэр паўднёваафрыканскага паходжання Ілан Маск апошнім часам трапляе ў навіны зусім не праз поспехі ягоных кампаніяў «Tesla», «X Corp.» або «SpaceX», а праз палітычныя выказванні і жэсты. Найбольш шуму нарабілі жэсты, якія цяжка (хай і магчыма) інтэрпрэтаваць інакш як нацысцкае вітанне. А яшчэ ж былі падтрымка ўльтраправай нямецкай партыі, абрáзы кіраўніцтва Канады, абсурдныя абвінавачванні кіраўніцтва Злучанага Каралеўства, сварка з «Вікіпедыяй»… Маск нібы наўмысна не ўлагоджвае мінулыя скандалы, а распачынае новыя.

Можна і забыць, што Маск некалі быў вядомы найперш як чалавек, які марыць аб каланізацыі Марсу. Менавіта з гэтых мараў – а дакладней, з ідэі міні-цяпліцаў на Марсе – пачалася гісторыя «SpaceX». І яшчэ нядаўна, у час выбарчай кампаніі ў Злучаных Штатах Маск скакаў на мітынгах за Доналда Трампа ў цішотцы з надпісам «Акупуй Марс» («Occypy Mars»).

Ілан Маск на саміце пра штучны інтэлект. Лондан, Злучанае Каралеўства. 1 лістапада 2023 года. Фота: Marcel Grabowski / UK Government / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0
Ілан Маск на саміце пра штучны інтэлект. Лондан, Злучанае Каралеўства. 1 лістапада 2023 года. Фота: Marcel Grabowski / UK Government / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Прынамсі, самому Маску пра Марс не дадуць забыць. Нядаўна адзін з фанатаў Маска чарговы раз нагадаў яму, што «бацька амерыканскай касмічнай праграмы» Вэрнэр фон Браўн у фантастычнай кнізе 1948 года «Марсіянскі праект» («Das Marsprojekt») назваў Іланам імператара Марсу. Маск быццам бы здзівіўся: «Як гэта можа быць праўдай?»


«SpaceX» – не Маск, са «SpaceX» усё нармальна


Варта адасобіць скандалы вакол Маска (і нацысцкае мінулае фон Браўна – колішняга штурмбанфюрэра СС) ад дзейнасці «SpaceX». Маск валодае 42 % кампаніі, але праектуе, будуе і запускае касмічныя ракеты не сам мільярдэр, а тысячы супрацоўнікаў «SpaceX». 


Гэтыя ракеты паспяхова лятаюць і часцей за ўсё паспяхова вяртаюцца на Зямлю. У 2024 годзе чалавецтва зрабіла 261 арбітальны запуск, з іх 136 былі з ракетамі «SpaceX». Паводле падлікаў самой кампаніі, за ўвесь час яна паспяхова завяршыла 441 касмічную місію, пасадзіла скарыстаную ступень ракеты назад на Зямлю 402 разы, паўторна скарысталася ступенню 373 разы. Правалы бывалі, але па мерках касмічнай індустрыі рэдка. Мінулай восенню «SpaceX» нават здолела злавіць першую ступень сваёй звышцяжкай ракеты «лапкамі», быццам палачкамі для ежы, на стартавай платформе. А значыць, у перспектыве кампанія зможа запускаць, прызямляць і перазапускаць ракеты з адной і той жа платформы пасля мінімальнага абслугоўвання. 

Прыбыткі «SpaceX» за мінулы год маглі перавысіць 13 млрд долараў. Кампанію ацэньваюць ў 350 млрд долараў. Цалкам магчыма, што гэтая ацэнка ўзляціць да трыльёна. І грошы кампаніі прыносяць не толькі ракеты, а таксама спадарожнікі «Starlink».


Такім чынам, «SpaceX» мае і фінансы, і экспертызу для смелых касмічных праектаў.


На Марс міма Месяца? Спрэчная ідэя


«Мы ляцім наўпрост на Марс. Месяц адцягвае ўвагу», – пісаў Маск у X. Калі ягоныя ранейшыя планы не змяніліся, то гаворка пра запуск беспілотных караблёў на Марс у 2026 годзе і, калі ўсё атрымаецца, запуск карабля з экіпажам у канцы 2028 года ці пачатку 2029-га.


Гэта разыходзіцца з ранейшымі планамі ЗША, якія можна сфармуляваць як «вылятаем на Месяц у 2026 годзе і на Марс у 2033-м». Прынамсі раней гэтыя планы падтрымлівалі Рэспубліканская партыя і сам Трамп. Якія дакладна цяпер планы ў Трампа, яшчэ невядома, ды падобна, ён ставіць мэтай ідэю Маска і пра Месяц не згадвае. У ЗША не выключаюць, што Трамп проста скасуе ўжо распачатую на ягоны ж загад праграму палёту на Месяц.

Галоўная ступень ракеты SLS, прызначанай для палёту людзей на Месяц у місіі «Artemis II», падрыхтаваная для дастаўкі баржай у Касмічны цэнтр Кенэдзі. Новы Арлеан, ЗША. 16 ліпеня 2024 года. Фота: NASA / Flickr, CC BY-NC 2.0
Галоўная ступень ракеты SLS, прызначанай для палёту людзей на Месяц у місіі «Artemis II», падрыхтаваная для дастаўкі баржай у Касмічны цэнтр Кенэдзі. Новы Арлеан, ЗША. 16 ліпеня 2024 года. Фота: NASA / Flickr, CC BY-NC 2.0

Вынікам такога раптоўнага рашэння можа стаць тое, што ЗША не дабяруцца ў бліжэйшы час ні да Месяцу, ні да Марсу. На арганізацыю палёту на Марс спатрэбіцца нямала часу і рэсурсаў, на распрацоўку неабходных тэхналогіяў – невядома колькі часу. Навукоўцы сумняюцца, што ў такога праекту можна скласці дакладны каляндар. У 2023 годзе NASA казала, што плануе высадку на Марс ужо толькі ў 2040-м і што нават гэта – «дзёрзкая» мэта. І гэта мэта, для дасягнення якой спатрэбіцца база на Месяцы. Спадарожнік Зямлі мае слабейшае за Зямлю прыцягненне, а таксама запасы вады, з якой можна «на месцы» зрабіць вадароднае паліва для палёту на Марс, каб не цягнуць яго «з дому».


На гэта ёсць і іншы погляд: «агрэсіўны» графік марсіянскай праграмы можа «ператварыць рынкавыя сілы ў дасягненні, якія раней лічыліся недасягальнымі». Марсіянская місія можа прыцягнуць фінансаванне і спецыялістаў проста таму, што палёт на Марс – амбітная задума. Ды і «SpaceX» раней дасягаў таго, што здавалася неверагодным, як то стварэнне шматразовай ступені ракеты або адпраўка людзей у космас сіламі прыватнай кампаніі.


На Марс вылецім, а што далей?


Можа, NASA і «SpaceX» паспеюць запусціць у акрэсленыя тэрміны раптоўную беспілотную місію. Не выключана, што на такую місію знойдуць фінансаванне: у далёкай перспектыве на Марсе можна здабываць незлічоныя аб’ёмы рэсурсаў, хтосьці можа захацець інвеставаць у палёт з гэтай прычыны. Ды й непілатаваныя палёты на Марс – не навінка, чалавецтва ўжо запусціла дзясяткі апаратаў, два марсаходы катаюцца па Марсе проста цяпер.


Магчыма, прыдумаюць нават, як даставіць людзей ад Зямлі да Марсу «без перасадак», не зэканоміўшы на абароне ад касмічнай радыяцыі. Аўтары папулярнага і адносна рэалістычнага фільму «Марсіянін» («Martian») праблему радыяцыі проста апусцілі. А NASA і «SpaceX» так не змогуць, давядзецца нешта падумаць. Магчыма, прыдумаюць і як пасадзіць карабель з людзьмі на Марс, і як запусціць яго назад. 

Марсіянскі пейзаж, сфатаграфаваны кітайскім марсаходам «Чжужун» (祝融). Фота: He Zhu / NAO / CAS / Oup.com
Марсіянскі пейзаж, сфатаграфаваны кітайскім марсаходам «Чжужун» (祝融). Фота: He Zhu / NAO / CAS / Oup.com

Не выключана, што прыдумаюць таксама, што рабіць з непрыстасаванасцю чалавечага цела да амаль поўнай адсутнасці гравітацыі. Напрацоўкі ў гэтым напрамку ўжо існуюць: напрыклад, кампанія «Vast Space» прыдумала, як зрабіць касмічную станцыю са штучнай гравітацыяй. Ёсць і ідэі наконт штучнай гравітацыі ў доўгіх касмічных палётах.


А палёт на Марс і назад зойме тры гады. Пакуль людзі заставаліся ў космасе максімум год з невялікім – і ўжо атрымлівалі пэўныя праблемы са здароўем. А доўгая ізаляцыя нават на Зямлі выклікала пэўныя змены ў паводзінах і біялагічным функцыянаванні людзей. 


Нельга сказаць, што NASA і «SpaceX» дакладна не прыдумаюць, як абараніць людзей ад гэтых вядомых і патэнцыйных невядомых праблемаў. Або проста знойдуць ахвочых рызыкнуць злятаць з невядомымі наступствамі. 


Ды для калоніі на Марсе, пра якую марыць Маск, трэба будзе вырашыць яшчэ адну вялізную праблему: людзям цяжка выжываць нават у некаторых месцах роднай планеты, як то ў Сахары ці на Антарктыдзе, дзе і атмасфера выдатная, і гравітацыі дастаткова. А пажыць на іншых планетах чалавецтва нават не спрабавала: максімум – злятаць на Месяц на тры дні.

Першая база на Марсе ва ўяўленні мастака. Выява: NASA
Першая база на Марсе ва ўяўленні мастака. Выява: NASA

Маск заяўляе, што зможа пасяліць на Марсе мільён людзей да 2050 года. Ён абяцае будучым марсіянам права выбару формы кіравання і кажа, што рэкамендуе наўпроставую дэмакратыю на Марсе. Але можа, Маск напраўду бачыць сябе імператарам Іланам з кнігі фон Браўна. 


Для «зверкі з рэальнасцю» амерыканскае выданне «CNN» прапануе нядаўнюю кнігу «Горад на Марсе» («A City on Mars»), у якой біёлаг і мастак паказваюць, якім можа быць жыццё людзей на Марсе. Адной з галоўных праблемаў марсіянскай калоніі яны бачаць рэпрадукцыю, але згадваюць і пра пакуль нявырашаную праблему з харчаваннем, і пра неадназначныя палітычныя рэгуляцыі адносна кіравання калоніяй і здабычы рэсурсаў, і пра мноства іншых выклікаў.


«Немагчыма пасяліць на Марсе мільён чалавек без нейкай катастрофы», – перакананая суаўтарка кнігі. Або дзеці не будуць нараджацца, або ўсе памруць ад раку, або здарыцца яшчэ нешта. Каб засяліць Марс, лічаць яны, патрэбная павольная праца не аднаго пакалення.


А чалавецтва пакуль не надта добра спраўляецца з катастрофамі на Зямлі і нават простай аховай здароўя людзей у «ідэальных» зямных умовах. Не кажучы ўжо пра змену клімату на цэлай планеце. Маск жа пакуль начуе ў новым Дэпартаменце эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання – яму яшчэ трэба разабрацца з кіраваннем звычайнай зямной краінай.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10