Былая зняволеная, якая нядаўна вызвалілася з гомельскай жаночай калоніі №4 на ўмовах ананімнасці распавяла праваабаронцу «Вясны» Леаніду Судаленку пра зняволеную былую беларускую журналістку з Гомлю Ларысу Шчыракову. «Белсат» прыводзіць вытрымкі гэтага аповеду.
«Тыдзень першая змена, тыдзень другая»
Са словаў былой зняволенай, Ларыса Шчыракова – вельмі таварыская!
«Адразу з каранціну Ларысу паднялі ў атрад №17, які называўся «швейкай». Гэта значыць, увесь атрад працуе ў дзве змены і шые зімовыя курткі светла-плямістага колеру для ўнутраных войскаў. Іншымі словамі, увесь абслуговы персанал беларускіх турмаў, СІЗА ды калоніяў абшываецца зняволенымі», – распавяла жанчына.
Паводле яе словаў, палітычных зняволеных на добрааплочваемую працу, дзе можна зарабіць да 80-100 рублёў на месяц, у гомельскай калоніі не ставяць. Таму Ларысу і адправілі на нязначны працэс, на якім «валтузні шмат, а грошай зарабіць практычна немагчыма». Так і праходзіць там жыццё зняволеных жанчын – тыдзень першая змена, тыдзень другая.
Атрад №17 люта «чырвоны», бо звычайныя зняволеныя там без сарамлівасці працуюць на аператыўнікаў, а за пачак цыгарэтаў гатовыя выканаць любое заданне або ўчыніць па іх замове супраць палітычных правакацыю. Палітычных зняволеных у атрадах недзе па 7-8, яны заўсёды абавязаны ісці з атрадам у першых шарэнгах.
«Ларыса вельмі таварыская, размаўляе і ўступае ў камунікацыю з усімі, хоць я яе неаднаразова папярэджвала аб наступствах такіх зносінаў, – гаворыць суразмоўніца Леаніда Судаленкі. – Але яна мне гаварыла, што атрымлівае ад такіх зносінаў цікавасць і задавальненне. Відаць, адбіваецца яе журналісцкае мінулае».
Вядома, што ў Ларысы было спатканне з блізкімі, але потым ёй кінулі два рапарты і зразумела, спатканне наўрад ці яна яшчэ атрымае. Зараз журналістка знаходзіцца ў 9-м атрадзе, працуе там жа, на «швейцы». Пры гэтым сама Ларыса стараецца ўсміхацца і не марнуецца. Віны сваёй не прызнае, заявы на «памілуху» (маецца на ўвазе памілаванне – заўв. рэд.), па дадзеных былой палітзняволенай, не пісала. Жыве надзеяй, што вось-вось усе палітычныя паедуць дахаты! Тэрмін у яе па тамтэйшых мерках невялікі, 3,5 гады, а калі адабраць залічаны дзень за паўтара ў СІЗА, дзесьці праз год яна павінна вызваляцца па заканчэнні тэрміну.

Трымаецца і вучыцца нават за кратамі
Нагадаем, Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў яе доме і змясцілі ў гомельскі СІЗА. Ёй былі прад'яўленыя абвінавачванні адразу па некалькіх крымінальных артыкулах: ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» ды арт. 369-1 за «дыскрэдытацыю Беларусі».
Ілжывыя абвінавачванні ў адрас Ларысы Шчыраковай сфармулявалі так:
«Са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя мэсэнджары і ўліковыя запісы ў сацсетках прадставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь»…». Ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя, відэа, фота і тэкставай інфармацыі, для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат».
Пры гэтым сама Ларыса яшчэ ў 2021 годзе апавясціла, што сыходзіць з журналістыкі. Зарэгістравалася індывідуальным прадпрымальнікам і стала здымаць за грошы ахвотных людзей у нацыянальных беларускіх строях. Дзеля гэтага выкарыстоўвала ўласную багатую калекцыю народных вышыванак, намітак, старадаўніх побытавых рэчаў з Гомельшчыны.
Вядома, што сына Ларысы Шчыраковай пасля яе затрымання забралі ў сацыяльны прытулак. 16-гадовага Святаслава не аддавалі нікому са сваякоў затрыманай, пакуль за хлопцам не прыехаў бацька з іншай краіны.
31 жніўня 2023 года Гомельскі абласны суд асудзіў Ларысу на 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Часткова ў яе была канфіскаваная маёмасць. Таксама Ларысе трэба сплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў.
У знак пратэсту супраць несправядлівага прысуду Ларыса не падавала апеляцыйную скаргу. 22 верасня 2023 года МУС унесла яе асабістыя дадзеныя ў рэспубліканскі «спіс экстрэмістаў». З улікам знаходжання да суда ў СІЗА на свабоду яна павінна выйсці праз год, недзе напачатку студзеня 2026 года.
13 красавіка 2023 года за кратамі Ларыса Шчыракова сустрэла сваё 50-годдзе. Падчас зняволення з жыцця пайшла маці Ларысы.
7 верасня 2024 года ў нарвежскім Осла ўручылі ўзнагароды Free Media Awards за 2024 год. Адной з лаўрэатак стала Ларыса Шчыракова. Узнагароду за былую журналістку атрымаў тады Леанід Судаленка.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні Ларыса працягвае трымацца вельмі годна. Вядома, што на пераведзеныя ў СІЗА на асабісты рахунак грошы ёй удалося замовіць кнігі па псіхалогіі, бо яна паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францішка Скарыны на завочнае аддзяленне, каб атрымаць прафесію псіхолага.
Надзея Вольная belsat.eu