навіны

Не дасядзела месяц? Асуджаная за шпіянаж беларуска нават не прасіла ў польскага суда датэрміновага вызвалення

Беларуска Дар’я А., асуджаная ў Польшчы за шпіянаж
Беларуска Дар’я А., асуджаная ў Польшчы за шпіянаж. Фота: OnlyFans / Bgmedia.site
podpis źródła zdjęcia

Дар’я А. не спрабавала атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне, а проста знікла. «Белсату» пацвердзілі, што яна мела права прасіць вызваліць яе датэрмінова, ды такіх просьбаў не паступала.

Беларуска Дар’я А., асуджаная ў Польшчы за шпіянаж. Фота: OnlyFans / Bgmedia.site

Беларуска, асуджаная ў Польшчы за шпіянаж, не прыйшла адбываць пакаранне і не заплаціла штраф

навіны

Беларуска Дар’я А., якую ў Польшчы асудзілі за шпіянаж, не з’явілася для адбывання пакарання. Як стала вядома «Белсату» 30 студзеня, яе абвясцілі ў вышук. Ды яна магла б законна выйсці на волю, даадбыўшы невялікую частку тэрміну.


Намесніца кіраўніцы Бюро абслугоўвання зацікаўленых бакоў Акруговага суда Варшавы-Прагі Ёанна Адамовіч пацвердзіла «Белсату», што Дар’я А. магла прасіць умоўна-датэрміновае вызваленне (warunkowe przedterminowe zwolnienie), але суд не атрымліваў ад яе заявы з просьбай разглядзець такое вызваленне.


Карны кодэкс Польшчы дазваляе ўмоўна-датэрміновае вызваленне, калі асабовыя якасці зняволенага, лад жыцця да злачынства і паводзіны падчас злачынства і адбывання пакарання даюць падставы меркаваць, што па вызваленні чалавек будзе паважаць закон і не ўчыніць новых злачынстваў (арт. 77).


Прасіць пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне можна пасля адбыцця паловы пакарання (арт. 78). Пры чым у гэтую палову пакарання залічваецца час зняволення да прысуду – не толькі час, які застаецца адбыць пасля суда (арт. 63).


Дар’я А. была асуджаная на турэмнае зняволенне тэрмінам 1 год 8 месяцаў (то бок, 20 месяцаў) з надзвычайным змякчэннем. Перыяд часовага затрымання і ўтрымання пад вартаю з 20.12.2023 па 10.09.2024 быў залічаны ў тэрмін пакарання. Гэта амаль 9 месяцаў з прысуджаных ёй 20. А значыць, яна магла пачакаць месяц з невялікім і папрасіць аб датэрміновым вызваленні.


Не выключана, што просьбу ўхвалілі б, бо пасля суду Дар’ю А вызвалілі да набыцця прысудам моцы – перад гэтым яна магла яшчэ абскардзіць прысуд. Але не стала ні абскарджваць, ні даадбываць пакаранне да часу, калі можна будзе прасіць аб вызваленні. Дзе яна можа быць цяпер, у судзе не ведаюць.


***

Затрыманне меркаванай беларускай шпіёнкі. Варшава, Польшча. 20 снежня 2023 года. Фота: Abw.gov.pl

Беларускія шпіёны ў Польшчы – хто яны? Пяць вядомых справаў

Гісторыі

Дар’ю А. затрымалі ў Лодзі ў снежні 2023 года, западозрыўшы ў працы на Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Беларускія медыі высветлілі, што гэта былая актывістка «Гавары праўду» з Баранавічаў і колішняя давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Дзмітрыева. Ветэрынарка з адукацыі, Дар'я падпрацоўвала мадэллю на сайце для дарослых «OnlyFans». Сцвярджалася, што ў смартфоне жанчыны былі знойдзеныя доказы ейнай супрацы з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі яшчэ з 2017 года. 


Па пераездзе ў Польшчу беларуска спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапіць у арганізацыі, прапаноўваючы валанцёрскую дапамогу, збірала інфармацыю пра Паспалітае рушэнне, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і тых, хто ім дапамагае. Дар’я А. выдала сябе, калі падчас нецвярозай размовы прагаварылася знаёмым пра сапраўдныя мэты актыўнасці ў Польшчы. Пасля гэтага інфармацыю пра жанчыну перадалі ў польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі, у той жа дзень яе затрымалі. 


Дар'ю асудзілі за шпіянаж да турэмнага зняволення тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным змякчэннем. Дзевяць месяцаў пад вартаю залічылі ў тэрмін пакарання і пастанавілі вызваліць яе, калі не выявяцца падставы для далейшага ўтрымання.


Выданне Gazeta.pl пісала, што суд над ёю быў вельмі кароткі. У апошнім слове беларуска выказала шкадаванне, што бяздумна пагадзілася на супрацу са спецслужбамі; са слязамі на вачах казала, што яе прымусілі; наракала, што за дзевяць месяцаў за кратамі ў яе абвастрылася дэпрэсія.


Дар’я Форман, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10