Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту паведаміла пра два выяўленыя факты незаконнага захоўвання беспілотнікаў.
Паводле інфармацыі ведамства, адзін дрон быў знойдзены 29 студзеня ў вёсцы Вашкелі (Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці) пры адпрацоўванні «аператыўнай інфармацыі».
Акрамя беспілотніка памежнікі, якія дзеялі «пры сілавым падтрыманні АМАП», знайшлі пульты, акумулятарныя батарэі, зарадныя станцыі, складнікі да дрона, прыборы начнога бачання, цеплавізар і планшэт.
Другі беспілотнік, складнікі да яго, а таксама катапульту для запуску знайшлі паблізу вёскі Посальч (Воранаўскі раён).
Абодва паселішчы месцяцца недалёка ад мяжы з Літвою.
Паведамляецца, што дроны і складнікі да іх даставілі ва ўпраўленне Лідскага памежатраду «для правядзення далейшага разгляду». Распачаты адміністратыўны працэс паводле ч. 1 арт. 24.19 КаАП за парушэнне памежнага рэжыму.
Паводле звестак Дзяржпамежкамітэту, з пачатку года лідскія памежнікі сканфіскавалі ўжо чатыры беспілотнікі. Папярэдні выпадак здарыўся 14 студзеня – таксама ў Воранаўскім раёне.
Цікава, што ў той жа дзень Міністэрства абароны паведаміла пра тактычныя зборы ў Гарадзенскім гарнізоне «з акцэнтам на навучанне супрацьдзеянню беспілотным лятальным апаратам».
Нагадаем, 30 студзеня сталася вядома, што ў Беларусі працуюць над стварэннем новых цэнтраў рыхтавання аператараў беспілотнікаў. Найбольш актыўна ў гэтым кірунку дзеіць Заходняе аператыўнае камандаванне Узброеных сілаў Беларусі. Згаданыя цэнтры дзеюць на базе механізаваных злучэнняў. Таксама заняткі з такімі спецыялістамі рэгулярна праходзяць у розных падраздзяленнях беларускага войска.
Надзея Вольная belsat.eu