З-за анамальна цёплага надвор’я на беларускіх метэастанцыях перапісалі 129 тэмпературных рэкордаў, у тым ліку рэкорды 120-гадовай даўнасці.
«Позірк» правёў параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамету і паказанняў 48 метэастанцыяў. Аказалася, што 25 студзеня надвор’е ў Беларусі пабіла адзін рэкорд, 26-га – тры, 27-га – 44, 28-га – 39, 29-га – 42.
Тры дні запар, 27–29 студзеня, абнаўляліся абсалютныя максімумы за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў (з 1881 года):
- 27 студзеня ў Пінску зафіксавана +12,8 °C (ранейшы рэкорд – +10 °C у 1983 годзе ў Берасці);
- 28 студзеня ў Берасці – +11 °C (ранейшы рэкорд – +10,5 °C у 1983 годзе ў Высокім);
- 29 студзеня ў Берасці +10,9 °C (ранейшы рэкорд – +9,6 °C у 2002 годзе).
У Менску рэкорды абнаўляюцца трэці дзень запар. 29 студзеня тэмпература ў сталіцы дасягнула +6,8 °C (ранейшы максімум – +5,5 °C у 2002 годзе). Абноўлены экстрэмумы і ў іншых абласных цэнтрах:
- у Горадні +8,5 °C (замест +7,8 °C у 1983 годзе),
- у Гомлі +7,3 °C (замест +6,3 °C у 2002 годзе),
- у Магілёве +6,7 °C (замест +3,9 °C у 2002 годзе),
- у Віцебску +6,6 °C (замест +3,9 °C у 2016 годзе).
У Мар’інай Горцы ўвогуле на 1 градус быў перавышаны рэкорд дня, які трымаўся ажно з 1906 года (+7 °C супраць +6 °C).
Як на анамаліі адрэагавала прырода
Анамальна высокая для гэтага часу года тэмпература хутка прывяла да наступстваў. У TikTok зараз набіраюць папулярнасць відэаролікі, у якіх дачнікі і агароднікі хваляцца ўраджаем, сабраным проста зараз, нават кошыкамі з грыбамі. Некаторыя эксперыментуюць і садзяць бульбу.
У лясах нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» пачалі квітнець кусты дафіны (воўчага лыка, Daphne mezereum L.). Асаблівасць гэтай расліны ў тым, што яна цвіце да распускання лісця, на старых леташніх парастках. Звычайна воўчае лыка квітнее ў сярэдзіне вясны, але з-за тэмпературных рэкордаў зацвіло ўжо цяпер. Гэта характэрна для трапічных раслінаў, а для Беларусі – вельмі рэдкая з’ява!
У Віцебскім батанічным садзе ўжо пануе сапраўдная вясна. Квітнеюць браткі, якія звычайна з’яўляюцца толькі на пачатку сакавіка. Пачынаюць квітнець бэз і чорная парэчка. Наведвальнікі захапляюцца незвычайнымі зімовымі з’явамі, але для раслінаў гэта сур’ёзны стрэс.
«З-за гэтага вясной цвіценне будзе слабым або можа зусім адсутнічаць. Адсутнасць снегу пры паніжэнні тэмпературы да -10 °C можа пашкодзіць каранёвую сістэму ягадных культур і садовых раслінаў», – пракаментавала СТБ загадчыца батанічнага сада Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту Людміла Лакотка.
Студзеньскае пацяпленне можа негатыўна адбіцца і на рытме жыцця некаторых насякомых. Асаблівыя перасцярогі маюць пчаляры.
«Ужо не першы год запар мы бачым, што пчолы не могуць эфектыўна выкарыстаць пылок з арэшніку, хоць ён вельмі карысны для іх – змяшчае шмат тлушчаў і мікраэлементаў», – адзначыў у каментары для СТБ кіраўнік Цэнтру навуковага пчалярства, загадчык галіновай лабараторыі Інстытуту пладаводства НАН Беларусі Дзмітрый Рахматулін.

Што адбываецца і да чаго рыхтавацца
Эколагі кажуць не проста пра глабальнае пацяпленне, а пра змену клімату, выкліканую дзейнасцю чалавека. Можна адмаўляць змену клімату, але клімат дазваляе сабе адмаўляць людзям у пражыванні на звыклых тэрыторыях.
«Беларусь і ўвесь свет знаходзяцца ў стадыі змены клімату, гэта ўплывае на надвор’е, мы бачым больш анамальных з’яваў у надвор’і», – распавёў «Белсату» экалагічны актывіст Аляксей Аўчыннікаў.
Адаптацыя да такіх зменаў клімату і змяншэнне наступстваў дзейнасці чалавека – самы вялікі выклік, які цяпер стаіць перад чалавечым грамадствам, перакананы эка-актывіст.
Падрыхтавацца да анамальных з’яваў, як то нетыповай гарачыні ці раптоўных ураганаў, цяжка. Можна іх маніторыць, але яны могуць з’явіцца хутка і непрадказальна
І хоць раптоўная спёка здаралася і 50, і 100 гадоў таму, цяпер экстрэмальныя падзеі куды часцейшыя – і куды экстрэмальнейшыя.
Аўчыннікаў заклікае людзей удзельнічаць у экалагічных рухах і змяняць звычкі спажывання. І канстатуе: людзі ўсё яшчэ няшмат робяць, вунь у мінулым годзе былі пабітыя рэкорды выкарыстання выкапнёвага паліва, што ўплывае на выкіды парніковых газаў, а тыя выкіды ў сваю чаргу падвышаюць тэмпературы.
Праблема не толькі ў падвышэнні тэмператураў. Цяплее акіян – ад гэтага таяць ледавікі. Праз тое расце ўзровень мора. Ад таго могуць выміраць цэлыя віды раслінаў, як цяпер адбываецца, да прыкладу, у Флорыдзе. Гэты ланцужок можа працягвацца амаль бясконца: не стане нейкай адной расліны, дык не стане казурак, якіх яна карміла, і тады не стане птушкі, якая харчавалася тымі казуркамі, а праз гэта з’явяцца іншыя жукі, якія шкодзяць іншым раслінам, а не стане тых раслінаў, пачнуцца пяшчаныя буры…
Могуць нават мяняцца цэлыя кліматычныя зоны. Гэта ўжо адбываецца ў тым ліку ў Беларусі, Польшчы, Украіне. Аўчыннікаў адзначае, што ва Украіне ўжо відаць, як «адыходзяць» лясы і «наступае» лесастэп.
Парыжскае пагадненне, якое падпісала і Беларусь (толькі ўдзельнічае ў ім не надта актыўна), прадугледжвае высілкі дзеля таго, каб глабальная тэмпература не паднялася вышэй, чым на 1,5 °С адносна даіндустрыяльнага ўзроўню. Пагадненне прадугледжвае дзеянні на дзесяцігоддзі наперад, ды магчыма, мэта занадта амбіцыйная. Чэрвень 2024 года стаў 12-м запар месяцам, калі глабальная тэмпература перавышала даіндустрыяльны ўзровень на больш як 1,5 °С. Паводле іншых падлікаў, 12-м быў яшчэ травень.
Праграма навакольнага асяроддзя Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у канцы 2023 года дала несуцяшальны прагноз: нават калі выканаць усе безумоўныя нацыянальныя абавязальніцтвы Парыжскіх пагадненняў, да канца стагоддзя глабальная тэмпература вырасце на 2,9 °С адносна даіндустрыяльнага ўзроўню. Самае поўнае выкананне Парыжскіх пагадненняў дасць рост на 2,5 °С.
Калі змена клімату не запаволіцца, экстрэмальныя падзеі могуць стаць не проста часцейшымі. Некаторым навукоўцам ужо бракуе пяці катэгорыяў ураганаў: просяць дадаць для ўраганаў катэгорыю 6. Не выключана, што хутка і тое, што было ў Беларусі аранжавым узроўнем небяспекі, будзе лічыцца ўжо жоўтым.
Надзея Вольная belsat.eu