«Белсат» працягвае сачыць за хронікаю палітычнага пераследу, які не спыняецца ў Беларусі.
У Маларыце затрымалі мужчыну, які зняў чырвона-зялёны сцяг з аптэкі. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», 39-гадовы мясцовы жыхар ехаў па горадзе ў 2:20 ночы, спыніўся, выйшаў з машыны, сарваў дрэўка са сцягам і з'ехаў дадому. Ужо наступнай раніцаю яго затрымалі. Сілавікам ён патлумачыў свае дзеянні наступным чынам: «проста хацеў павесіць сцяг на лецішчы».
За палітыку ў Першамайскім судзе Менску 30 студзеня пачалі судзіць адну з найлепшых дзіцячых доктарак-анколагаў Беларусі Алену Шарафановіч. Ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Судзіць жанчыну будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёну Наталля Дзядкова.
Вядома, што Шарафановіч скончыла Менскі медычны інстытут і аспірантуру Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў спецыяльнасці «Анкалогія». Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Нямеччыне і ЗША. 13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады – у РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm».
У судзе Ленінскага раёну Менску таксама пачалі судзіць аўдытара і бізнес-трэнера Дзмітрыя Цімафіевіча.
Дзмітрый – адзін з самых публічных беларускіх аўдытараў. У 2013–2020 гадах ён працаваў у аўдытарскай кампаніі KPMG, з 2020 года кіруе аўдытарскай кампаніяй IQT. Актыўна дае каментары, праводзіць семінары і трэнінгі. Як адзначае «Наша Ніва», на сайце эканамічнага факультэту БДУ яго называюць сярод знакамітых выпускнікоў.
Вядома, што яму інкрымінуецца ч.1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу разглядае суддзя Анастасія Ачалава.
Палітзняволеная блогерка Вікторыя Гусарава выйшла на волю.
Вікторыя – беларуская блогерка, больш вядомая як gusarev_ka. Пра ейнае затрыманне сталася вядома ў пачатку 2025 год, але затрымалі яе яшчэ ў 2024-м. Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў СІЗА.
Як піша «Гомельская вясна», судовы працэс у дачыненні Вікторыі Гусаравай адбыўся 17 студзеня ў Гомельскім абласным судзе. Ёй інкрымінавалі ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне варожасці). Справу разглядала суддзя Алеся Восіпава. Які дакладна прысуд вынеслі, пакуль невядома. Але цяпер блогерка на волі.
У дачыненні да актывіста Ігара Случака ў Беларусі распачалі крымінальную справу. Пра гэта Ігар напісаў у сваім Facebook.
Папулярызатара беларускай мовы абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Ігар Случак – абаронца моўных правоў з Гомля, аўтар некалькіх дапаможнікаў і кніг на тэму дыскрымінацыі роднай мовы. Таксама ён, супольна з Алінай Нагорнай, ладзіў маніторынгі выкарыстання беларускай мовы дзяржаўнымі ўстановамі. У канцы 2023 года Ігар Случак разам з Алінай і дзецьмі апынуўся ў вымушанай эміграцыі.
Вядома, што крымінальная справа супраць Случака была распачатая яшчэ 22 траўня 2024 года. І толькі 24 снежня матэрыялы былі перададзеныя ў Рагачоўскі раённы аддзел Следчага камітэту.
Сталася вядома, што суд Цэнтральнага раёну Гомля прызнаў «экстрэмісцкім» дакументальны фільм «Лес». У фільме апавядаецца пра некалькі рэальных гісторыяў аб сталінскіх рэпрэсіях 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Адна з іх – пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у сумна вядомым Навабеліцкім лесе пад Гомлем.
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
Telegram-каналы і чаты «Херсон партизаны, Kherson partisans, FUCK VGA», «АТЕШ», «Легион ГУР МО | DIU Legion»;
Instagram-старонкі «belarus_files», «by2020art», «zuivoilena»;
старонкі ў сацсетках «МОВА ПОБАЧ»; «Протестное кино», «Зробiм Беларусь лепей»;
старонкі ў TikTok «mogilevnews», «Павло», «pozirk_online».
Надзея Вольная belsat.eu