навіны

Плануецца чарговая меліярацыя. Лёгкія Еўропы ў небяспецы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Ва ўрадзе пастанавілі развіваць раёны прыпяцкага Палесся. Дзеля чаго падпісалі адпаведную праграму на найбліжэйшыя 5 гадоў. Дарожная мапа для яе рэалізацыі сярод іншых раёнаў Берасцейскай і Гомельскай вобласцяў закране і Пінскі, што ў кастрычніку наведваў Аляксандр Лукашэнка ды там згадаў праект. 

«Калісьці мы падступаліся да Палесся. І была прынятая праграма адраджэння Палесся. Але, як у нас, чыноўнікаў, бывае: пашавяліліся туды-сюды, на гэтым і скончылі», – адзначыў тады Аляксандр Лукашэнка.

Праграма агульным коштам амаль 7 мільярдаў рублёў прадугледжвае між іншага распрацоўванне радовішчаў торфу і калію, а гэта значыць меліярацыю. Аднак асушэнне балотаў моцна ўплывае на наваколле, адзначае прафесійны эколаг Інэса Балоціна.

,,

«Мікраклімат робіцца больш кантрасным, то бок тэмпература рэзка падае і павышаецца. Таму на меліяраваных плошчах ёсць і засухі, і замаразкі, яны робяцца больш заўважныя, чым на звычайных тэрыторыях», – тлумачыць Інэса Балоціна.


Яшчэ адным з наступстваў асушэння могуць зрабіцца пясчаныя буры. Яны могуць стацца крыніцаю распаўсюду цяжкіх металаў, што назапасіліся ў тарфяных нетрах, а таксама радыеактыўных элементаў, якія выпалі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Закране меліярацыя і ўнікальны жывёльны ды раслінны свет рэгіёну.

,,

«Экасістэма знішчаецца цалкам, і на яе месцы ўзнікаюць аграландшафты. Там ужо не будзе тых відаў жывёлаў і раслінаў, якія там былі», – папярэджвае экспертка. 


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інвестыцыйная пляцоўка № 11 у Мазыры, Беларусь. 2023 год. Фота: Mozyrisp.gov.by
Лукашэнка загадаў развіваць Палессе. Раней такую задачу ўжо правальвалі Гісторыі

Праводзяць жа асушэнне, каб атрымаць высокаўрадлівыя землі для вырошчвання сельскагаспадарчых культураў. Гэткая практыка існуе ў нашай краіне яшчэ з савецкага часу.

«Цяпер, я так разумею, трэба праводзіць паўторна, бо глебы перасушаныя і ў іх знізілася прадукцыйнасць. Я думаю, што стаіць задача зрабіць гэта, палепшыць сістэму», – разважае былы аграном Зміцер Лупач.

Таксама вызваленыя тэрыторыі выкарыстаюць пад кармавыя надзелы для жывёлагадоўлі.

На думку Зміцера Лупача, «пры той камандна-адміністратыўнай сістэме, што ёсць, яна часам не дае належнага эфекту».

Апошнюю маштабную меліярацыю ў Беларусі намагаліся правесці больш за 10 гадоў таму, калі на падтрыманне торфаздабыўных прадпрыемстваў Савет Міністраў вылучыў тэрыторыі пад асобай аховаю. Не дапусціць знішчэння шэрагу балотаў, сярод якіх Святое, Выгашчанскае, Дакудаўскае, удалося дзякуючы грамадскай кампаніі дзеля абароны водна-балотных надзелаў.

Больш у нашым сюжэце:



Андрэй Сульжыц belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10