Дзяржаўны памежны камітэт паведамляе, што на беларуска-польскай мяжы практычна няма чэргаў. Каля пераходу «Берасце – Тэрэспаль» цяпер чарга з каля 60 аўтамабіляў і 3 аўтобусаў. Кіроўцы пішуць, што чаканне адносна чэргаў пад Новы год і пасля яго зусім невялікае. Аднак Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне аб ахове мяжы і згадаў вялізныя чэргі, якія ўскладняюць працу памежнікам. «Белсат» апавядае пра сітуацыю на мяжы 30 студзеня.
Памежны камітэт паведамляе, што за апошнія содні польскія калегі прынялі на сваю тэрыторыю толькі 39 % транспарту ад прапускной здольнасці.
У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне межаў, кіроўцы пішуць, што за апошнія содні пры паездцы ў Польшчу мяжа разам з зонаю чакання займала каля 10 гадзінаў.
Адзін з кіроўцаў апавядае, што на зону чакання пайшло 7,5 гадзіны. Пасля гэтага трэба было чакаць пашпартавага кантролю амаль дзве гадзіны. На мосце паміж Беларуссю і Польшчаю трэба было пастаяць яшчэ з 22 хвіліны. Польскія спецыялісты правялі праверкі за гадзіну.
Калі ехаць з Польшчы ў Беларусь аўтамабілем, то з польскага боку чэргаў няма, пішуць кіроўцы. Правяранні могуць быць даўжэйшыя з беларускага боку – праз невялікую колькасць машынаў часта адпраўляюць на рэнтген.
Пасажыры аўтобусаў, якія ехалі ўдзень у Польшчу, са здзіўленнем адзначаюць, што ўпершыню бачаць, як перад памежным пераходам бачылі ўсяго 2 аўтобусы. Каб трапіць з Берасця да выезду з польскага боку, аднаму з аўтобусаў спатрэбілася каля 2,5 гадзіны. Але час можа мяняцца. Другі вандроўнік піша, што ўначы на межы спатрэбілася 4,5 гадзіны.
У бок Беларусі аўтобусам межы занялі каля 2,5 гадзіны, пішуць іншыя вандроўцы.
Лукашэнку заклапацілі чэргі

30 студзеня Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў сітуацыю на мяжы, калі зацвярджаў рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы ў 2025 годзе. Як ён апавёў, такое рашэнне зацвярджаецца штогод. Аднак сёлета ён згадаў, што «чэргі з аднаго і другога боку велізарныя», а гэта «дадатковая нагрузка на нашых памежнікаў».
Таксама ў сваёй заяве ён увесь час казаў пра магчымыя пагрозы.
«Скажу шчыра. Разам з абаронаю дзяржаўнай мяжы з боку памежных войскаў найважнейшым пытаннем ёсць тое, каб яны нас своечасова папярэдзілі пра пагрозы. Іншыя ведамствы таксама займаюцца гэтым, але найперш гэта заданне нашых памежнікаў – папярэдзіць пра магчымыя пагрозы нашай бяспецы. Тады, адмабілізаваўшы ўсе сілы, якія ёсць у краіне (ад міліцыі да войска, Міністэрства абароны), мы зможам супрацьстаяць суперніку», – заявіў Лукашэнка.
Мяркуючы са справаздачы, якую даў яму старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанцін Моластаў, абараняцца плануюць у тым ліку ад Польшчы:
«Пачатае стварэнне высокатэхналагічнага падраздзялення на польскім участку мяжы на базе памежнай заставы імя Героя Савецкага Саюзу лейтэнанта Андрэя Кіжаватава Берасцейскай памежнай групы. Гэта закладзена ў адпаведнай праграме Саюзнай дзяржавы».
Тым часам Польшча для нармальнай сітуацыі на мяжы патрабуе спыніць міграцыйныя плыні з Беларусі. Таксама, каб нагрузка на прапускныя пункты была меншая, улады Польшчы выказалі патрабаванне – вызваліць палітвязня Анджэя Пачобута. Тады могуць быць ізноў адкрытыя некаторыя пераходы.
Пакуль пункт пропуску «Берасце» застаецца самым загружаным на мяжы з ЕЗ, бо ў Польшчы самыя мяккія патрабаванні да беларусаў і няма жорсткіх абмежаванняў у колькасці рэйсаў. Аднак «Берасце» – адзіны дзейны пункт пропуску на мяжы з Польшчаю.
Арсен Рудэнка belsat.eu