На паседжанні другой сесіі Савету Рэспублікі ўхвалілі праект Закону аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці. Раней яго таксама прыняла Палата прадстаўнікоў, а далей мусіць падпісаць Лукашэнка.
Законапраект карэктуе палажэнні Крымінальнага, Крымінальна-працэсуальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.
Сцвярджаецца, што гэта робіцца «з мэтамі забяспечыць індывідуалізацыю крымінальнай адказнасці, узмацніць гуманістычную скіраванасць крымінальнага закону, забяспечыць збалансаванасці яго нормаў».
Будуць перагледжаныя санкцыі каля 100 складаў злачынстваў, больш за 70 будуць дапоўненыя альтэрнатыўнымі відамі пакарання (штраф, арышт, папраўчыя працы, абмежаванне волі), у тым ліку 22 склады, у якіх прадугледжвалася выключна пазбаўленне волі.
Пералік злачынстваў, здзяйсненне якіх грамадзянамі Беларусі за межамі краіны цягне за сабою крымінальную адказнасць, дапоўнены тэрарыстычнымі злачынствамі, а таксама звязанымі з распальваннем варожасці, дыскрэдытацыяй Беларусі, абразай прэзідэнта, глумленнем з дзяржаўных сімвалаў.
Плануецца адмяніць пазбаўленне волі для жанчын і самотных мужчынаў, якія выхоўваюць дзяцей векам да 14 гадоў ці дзяцей-інвалідаў, а таксама для няпоўнагадовых і інвалідаў І групы пры ўмове, што яны здейснілі злачынства ўпершыню і яно не звязанае з замахам на жыццё і здароўе чалавека ці не звязанае з экстрэмісцкаю дзейнасцю.
У шэрагу злачынстваў, у тым ліку эканамічных, дыферэнцуецца адказнасць – прадугледжваюцца больш мяккія віды пакарання, зніжаюцца тэрміны абмежавання ці пазбаўлення волі.
Паводле наркатычнага артыкулу 328 прадугледжваецца ўвядзенне альтэрнатыўнага пакарання ў выглядзе арышту і абмежавання волі.
Генеральны пракурор і ягоныя намеснікі надзяляюцца выключным правам працягваць тэрміны папярэдняга следства даўжэй як на 6 месяцаў.
У Крымінальны кодэкс прапаноўваецца таксама ўвесці новыя артыкулы: арт. 366-1 – «Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў»; арт. 367 «Паклёп на прэзідэнта» будзе дапоўнены «паклёпам на былога прэзідэнта»; арт. 368 «Абраза прэзідэнта» – «абразаю былога прэзідэнта».
Марыя Міхалевіч belsat.eu