Аналітыка

«Уладам пляваць на хворых дзяцей». У Менску пачаўся суд над вядомым дзіцячым анколагам

Алена Шарафановіч. Фота: currenttime.tv
Алена Шарафановіч. Фота: currenttime.tv
podpis źródła zdjęcia

30 студзеня ў Першамайскім судзе Менску пачаўся суд над адной з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі Алена Шарафановіч. І хоць яна ёсць вельмі рэдкай спецыялісткай, якая ратуе жыцці беларускіх дзяцей, улады краіны гэта не спыняе ад рэпрэсіяў.

Алену Шарафановіч вінавацяць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу – яна нібыта брала актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Судзіць лекарку будзе намесніца старшыні суда Першамайскага раёну Наталля Дзядкова.

Акрамя беларускай медычнай асветы, Шарафановіч стажыравалася ў Нямеччыне і ЗША. Яна 13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ тры гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у «Ладэ», Цэнтры лазернай дэрматалогіі «HappyDerm».

Спецыялістка на вагу золата

Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Беларусі «BYMEDSOL» Лідзія Тарасенка ў каментары «Белсату» падкрэсліла, што ў краіне не так шмат спецыялістаў, якія б займаліся лекаваннем анкалогіі ў дзяцей.

,,

«І кожны такі спецыяліст, асабліва ў Беларусі, зразумела, на вагу золата. Рыхтуюцца яны не толькі ва ўніверсітэце, гэта значна больш працяглы працэс паслядыпломнай падрыхтоўкі, калі людзі павінны ездзіць на дадатковыя стажыроўкі. Няма такой ступені ва ўніверсітэце, як лекар, які спецыялізуецца на лекаванні анкалогіі ў дзяцей. Гэта значна больш працаёмкі працэс, які патрабуе не толькі практычных навыкаў, але і аграмаднай душы ад людзей, якія гэтым займаюцца. Не ўсе здольныя ў гэтай спецыяльнасці працаваць, бо яна вельмі стрэсавая», – адзначыла суразмоўца.


Але, на яе думку, улады не спыняць рэпрэсіі такіх спецыялістаў, як не спынялі іх увесь час пасля 2020 года. Тарасенка адзначыла, што праз ціск з РНПЦ дзіцячай анкалогіі неяк мусілі звольніцца 20 % працаўнікоў.

«Каго цікавяць хворыя дзеці? Нікога. І з яшчэ адным, няхай гучным працэсам, нічога для Беларусі глабальна не зменіцца. Усім даўно пляваць на тое, як арганізаваная ахова здароўя для каго б там ні было, акрамя чыноўнікаў. Для іх будуюць асобную больніцу КДБ, збіраючы рэшткі аховы здароўя па краіне, ужо не саромеючыся. Здароўе ўсіх астатніх у гэтай краіне даўно нікога не хвалюе», – мяркуе каардынатарка «BYMEDSOL».

Праект медычнага цэнтру, які плануецца пабудаваць для працаўнікоў КДБ. Фота: Digital intelligence team
Праект медычнага цэнтру, які плануецца пабудаваць для працаўнікоў КДБ. Фота: Digital intelligence team

Сотні рэпрэсаваных медыкаў

Тарасенка адзначыла, што база Фонду медычнай салідарнасці Беларусі налічваюць ужо звесткі пра 301 медычнага працаўніка, якія зазналі затрыманні. Звольненых жа праз палітыку медыкаў «нашмат болей».

«Дый я думаю, што мы нават на парадак не наблізіліся да рэальных лічбаў. Тым не менш, калі вам робіцца нешта вядома пра рэпрэсіі адносна медработнікаў, паведамляйце нам», – заклікала каардынатарка фонду. Паводле яе, гэта неабходна для таго, каб захаваць звесткі пра рэпрэсіі і «выставіць рахунак», калі з’явіцца для гэтага магчымасць.

Лекараў больш не робіцца

Рэпрэсіі ў медыцыне працягваюць нават нягледзячы на цяжкую сітуацыю з кадрамі ў галіне. Тарасенка адзначыла, што ўлады спрабуюць хаваць гэтыя лічбы, абразаючы стаўкі, не падаючы звесткі пра некаторыя вакансіі.

«Рознымі спосабамі ўлада спрабуе скараціць гэты разрыў паміж бачнай колькасцю ставак і тым, якія насамрэч патрэбныя. Запатрабаванне не памяншаецца, нават павялічваецца, нягледзячы на тое, што прыцягваюць да працы пенсіянераў, нягледзячы на тое, што наборы медуніверсітэтаў зараз павялічваюцца. Але рэалізуецца выпуск толькі праз шэсць гадоў», – падкрэсліла суразмоўца.

Алена Шарафановіч. Фота: nashaniva.com
Алена Шарафановіч. Фота: nashaniva.com

Паводле яе, у Беларусі не засталося ніводнага чыноўніка, якому быў бы цікавы стан аховы здароўя – «усё, забудзьцеся». Тарасенка адзначыла, што ахова здароўя развальваецца, але нікога не цікавяць ні закупы для лякарняў ні лекавых сродкаў, ні абсталявання, ні кадраў, калі гэта не звязана з «адкатамі». «Галоўнае, каб было ціха», – сказала яна.

Суразмоўца прызнала, што кадравае пытанне ў медыцыне разглядаецца на нарадах у Аляксандра Лукашэнкі, але «прыкладна ў тых самых тэрмінах, у тых самых тонах, у якіх абмяркоўваюць пагалоўе буйной рагатай жывёлы». Бо Беларусь цяпер – гэта «маленькае феадальнае валоданне аднаго вар'ята дыктатара з арміяй васалаў, якія таксама хочуць есці, многім з якіх падабаецца рэпрэсаваць».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10