Нягледзячы на ўведзеныя супраць Беларусі і Расеі санкцыі, з ліпеня 2022 года да кастрычніка 2024-га краіны Еўразвязу закупілі ў гэтых краінах фанеру на суму 1,5 мільярдаў еўраў, сцвярджае расследаванне «Earthsight».
Абмежаванні на экспарт беларускай прадукцыі дрэваапрацоўвання – піламатэрыялы, брыкеты, паліўныя гранулы, фанеру – былі ўведзеныя Еўразвязам у санкцыйным пакеце супраць Менску 2 сакавіка 2022 года.
У сакавіку 2022 года Міжнародная рада дырэктараў Лясной апякунчай рады (FSC) прыпыніла сертыфікацыю экспарту прадукцыі дрэваапрацоўвання і лясной гаспадаркі Беларусі ды Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.
У той жа час, паводле аўтараў расследавання, сем з дзесяці найбуйнейшых расейскіх экспарцёраў бярозавай фанеры, а таксама беларускія ўсё яшчэ пастаўляюць яе ў Еўразвяз, дзе яна выкарыстоўваецца для вытворчасці мэблі, паркету, спартовага інвентару і цацак. Матэрыял імпартуюць Польшча, Эстонія, Нямеччына, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень у Еўразвяз увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам, гаворыцца ў расследаванні.
Расследавальнікі называюць двух найбуйнейшых пакупнікоў: пастаўляльнікі польскай сеткі мэблевых крамаў «Black Red White» і вытворца сценак для скалалажання «Walltopia».
Таксама беларускую і расейскую фанеру набывае латышская кампанія «Revival SIA» – яна кіруе значнай часткай трафіку фанеры ад беларускіх вытворцаў («Пінскдрэў», «Гомельдрэў», «Рэчыцадрэў») у ЕЗ праз польскую мяжу. На польскім складзе прадукцыя перагружаецца з кітайскімі дакументамі для далейшага продажу ў Еўропе – Вугоршчыне, Чэхіі, Партугаліі і Італіі.
Санкцыі абыходзяцца праз тое, што фанера з Расеі і Беларусі афармляецца як вырабленая ў Кітаі, Казахстане, Грузіі, Турцыі. У расследаванні згадваецца польская фірма «Alvi-Bel», што гандлюе ў Еўропе фанерай, нібыта вырабленай у Казахстане, а насамрэч – у Беларусі ці Расеі.
У польскай лагістычнай фірме «PL-Trading» расследавальнікі даведаліся, што падчас паставак беларускай ці расейскай фанеры ў выпадку правяранняў мытнікаў афіцыйныя дакументы ці сертыфікаты на прадукцыю можа хутка даць кітайская фабрыка – гэтая схема працуе ад пачатку ўвядзення санкцыяў.
Аўтары расследавання 9 месяцаў працавалі пад прыкрыццём і за гэты час атрымалі доказы таго, што расейскія вайскоўцы наўпрост кантралююць некаторыя лясныя масівы і атрымліваюць прыбытак ад высякання лесу, а ў Беларусі для перапрацоўванні дрэва выкарыстоўваюць вязняў, у тым ліку – зняволеных паводле палітычных матываў.
29 снежня 2024 года кіраўнік Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік заявіў пра рэкордны аб’ём экспарту піламатэрыялаў – 1 мільён кубаметраў. У якія краіны ажыццяўляўся продаж, міністр не ўдакладніў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu