Выбары прайшлі, а ў Беларусі ўсцяж узнікаюць праблемы з інтэрнэтам – як мабільным, так і хатнім, ад розных правайдараў, а таксама з VPN-сэрвісамі, піша devby.io са спасылкай на аповеды чытачоў.
Сярод іншага, беларусы скардзяцца на працу мабільнага інтэрнэту А1 – ноччу 29 студзеня на ім не загружаліся нават дзяржпарталы накшталт parvo.by. Не адкрываліся таксама Instagram, Telegram, YouTube, распавёў адзін з чытачоў devby.io і дадаў, што яму гэтыя перабоі «ствараюць шмат праблемаў», бо ў яго практычна ўсё завязана на інтэрнэце.
Тое самае, кажа гэты чытач, было 26 студзеня – тады каля 17:30 мабільны інтэрнэт не працаваў цягам 20 хвілінаў. На сайце правайдара ніякіх паведамленняў пра правядзенне нейкіх працаў не было.
Скардзяцца і іншыя карыстальнікі:
,,«Вось толькі сёння (29 студзеня – рэд.) інтэрнэт проста ўзяў і адрубіўся ці адрубілі, але праз хвілінаў 10 пасля званку ў «Белтэлекам» аднавіўся. А да гэтага ў нядзелю інтэрнэту не было з 00:30 ночы да 16:00 дня прыкладна. Пры гэтым мабільны працаваў спраўна. Раней перыядычна па выходных ноччу і рана з раніцы ў нядзелю злучэнне адсутнічала – і так цягам двух апошніх месяцаў», – распавёў чытач і таксама зазначыў, што ўсё гэта перашкаджае ягонай працы.
Яшчэ адзін чытач з хатнім інтэрнэтам ад А1 кажа, што 28 студзеня ў «Discord» не працавалі некаторыя эмодзі, і ў кітайскія гача-гульні было складана зайсці – праз раз з’яўлялася паведамленне: «Памылка размеркавання серверу. Праверце сеткавае падключэнне».
Пра праблемы з інтэрнэтам А1 раніцай 29 студзеня распавядала таксама чытачка парталу – маладая маці. Яна доўга не магла выклікаць таксі ў паліклініку, дзе была з дзіцём, бо адсутнічала злучэнне з інтэрнэтам.
,,«Пара мам у чарзе скардзіліся, што праз адсутнасць інтэрнэту не могуць уключыць дзецям мульцікі, так што праблема яўна была не ў мяне адной», – казала жанчына.
А1 паведамляў пра прафілактычныя працы 28 студзеня па ўсёй краіне, а 29-га – на вуліцы Мазурава ў Менску, праз што маглі не працаваць сэрвісы фіксаванай сувязі і VOKA. МТС таксама папярэджваў, што 28 студзеня меліся праводзіцца планавыя працы «на сетцы вышэйшага партнёра», што магло выклікаць пагаршэнне працы інтэрнэту.
«Белтэлекам» таксама планаваў працы – праз іх маглі быць перабоі з хатнім інтэрнэтам на праспекце Незалежнасці і вуліцы Хмяльніцкага ў Менску.
Таксама паступаюць скаргі на працу VPN-сэрвісаў, у прыватнасці, што з суботы 25 студзеня не працуе «Proton VPN». Перад выбарамі з Беларусі было немагчыма падключыцца да такіх сэрвісаў, як «NordVPN», «TunnelBear».
У адпаведнасці з распараджэннем Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку беларускія хостынг-правайдары абмяжоўвалі на тры дні доступ з-за мяжы да некаторых сайтаў, што карыстаюцца воблачным хостынгам – з 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня 2025 года.
Лукашэнка падчас візіту ў МДЛУ прызнаўся, што гэта ён у жніўні 2020-га загадаў адключыць інтэрнэт у Беларусі. І прыгразіў, што калі будзе трэба, увогуле адключыць яго ў краіне, аднак неабходнасці ў гэтым перад выбарамі нібыта не было.
Марыя Міхалевіч belsat.eu