У сталіцы ЗША Вашынгтоне ўвечары 29 студзеня пры заходзе на пасадку пасажырскі самалёт сутыкнуўся з вайсковым верталётам. У выніку лайнер упаў у раку Патоўмак. На борце былі 64 чалавекі – 60 пасажыраў і чацвёра чальцоў экіпажу. Ёсць загінулыя, жывых выратавальнікі пакуль не знайшлі.
На месцы крушэння ідзе пошукава-выратавальная аперацыя з удзелам вадалазаў. Патоўмак – паўнаводная рэчка шырынёй у сотні метраў і глыбінёй у некалькі метраў.
Тэлекампанія CNN са спасылкаю на ананімную крыніцу ў праваахоўных органах паведамляе, што ўжо ёсць пацверджаныя звесткі пра загінулых і што жывых пакуль не знайшлі.
Тэмпература вады ў Патоўмаку цяпер толькі крыху перавышае нуль градусаў Цэльсія – у ёй чалавек губляе прытомнасць ад пераахалоджання цягам 10 – 15 хвілінаў.
Лайнер Bombardier CRJ700 авіякампаніі «American Airlines» здзяйсняў рэгулярны рэйс з гораду Ўічыта ў Канзасе ў Вашынгтон. На відэа з камеры назірання бачна, як самалёт, што ляціць нізка і імаверна заходзіць на пасадку ў аэрапорце імя Роналда Рэйгана на беразе Патоўмаку, сутыкаецца з іншым паветраным суднам, пасля чаго адбываецца выбух. Другім суднам быў вайсковы верталёт Black Hawk, што выконваў трэніровачны палёт. На яго борце былі трое вайскоўцаў, інфармацыі пра іхных лёс пакуль няма.
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выступіў з кароткай заяваю, у якой паведаміў, што атрымлівае ўсю інфармацыю пра катастрофу і выратавальную аперацыю.
Аэрапорт імя Роналда Рэйгана пасля крушэння закрылі для ўзлётаў і пасадак. Ён месціцца прыкладна за чатыры кіламетры на поўдзень ад Белага дому і Капітолію.
Марыя Міхалевіч belsat.eu