Абарачэнне ўзаемнага гандлю паміж Беларуссю і Еўразвязам складае 8 мільярдаў долараў, заявіў у інтэрв‘ю расейскаму парталу «Известия» міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў. Ці гэта сапраўды так і што стаіць за гэтымі лічбамі. Паглядзелі статыстыку, пацікавіліся меркаваннем экспертаў.
«У гэтай суме большасць пазіцыяў належыць тым дзяржавам, якія стаяць ля вытокаў крытыкі Беларусі і распаўсюджваюць антыбеларускую рыторыку ў Еўрапейскім Звязе. То бок яны там заклікаюць да санкцыяў, заяўляючы пра нелегітымнасць нашае ўлады, а між тым працягваюць падгандлёўваць», – заявіў міністр.
Зрэшты, лічба толькі на першы погляд можа ўразіць. Гэтак, паводле Еўрастату, асноўная частка з васьмі мільярдаў прыпадае на імпарт еўрапейскай прадукцыі ў Беларусь. Найбольш тавараў было закуплена ў Польшчы, Нямеччыне і Літве.
Беларускі экспарт у краіны аб’яднанай Еўропы складае ўсяго крыху больш за мільярд долараў. Для параўнання: у 2019-м было каля 8,5 мільярда.
Выходзіць, за 5 гадоў продаж беларускіх тавараў у Еўразвяз абрынуўся ў шэсць разоў. Прычына падзення – санкцыі. Сёння пад забаронаю асноўныя экспартныя групы, што раней забяспечвалі значныя даходы беларускага бюджэту: калійныя ўгнаенні, прадукты нафтаперапрацоўвання, драўніна. Пацярпелі і іншыя галіны.
«З улікам абмежаванняў на пунктах пропуску і абмежаванняў, уведзеных Еўразвязам адносна транспартных паслуг Беларусі, яна ў гэтым плане пацярпела», – пацвердзіла экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.
Улады спрабуюць закрыць шчыліны і перакіроўваюць гандаль на Усход. Амбасадар Беларусі ў Пекіне Аляксандр Чарвякоў адзначыў: цяпер 179 беларускіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці маюць дазвол на пастаўкі сваёй прадукцыі ў Кітай. Але на думку экспертаў, гэта зусім не тое самае – гандляваць з суседзямі ці з далёкім Кітаем.
,,«Трэба ўлічваць, якія дадатковыя расходы ўзнікаюць. А яны, натуральна, ёсць. Ёсць дадатковыя расходы, бо адно — экспартаваць у Польшчу ці Нямеччыну, што адносна недалёка ад Беларусі, і зусім іншая справа — пастаўляць прадукцыю, напрыклад, у Кітай», – адзначае Настасся Лузгіна.
Павялічваецца і тавараабарачэнне з Расеяй. Гэтак, паводле ўсё таго ж Рыжанкова, ад 65 да 70 % беларускага тавараабарачэння сёння прыпадае на гэтую краіну. Але і тут ганарыцца няма чым.
,,«Залежнасць на 30–33 % ад аднаго пакупніка ўжо завецца манапольнай залежнасцю. Чаму? Таму што гэты манапольны пакупнік будзе сам вызначаць, якія будуць цэны, будзе ён купляць ці не. Мы цалкам залежныя ад таго, як будзе развівацца расейская эканоміка, і мы бачым, што там на гарызонце крызіс», – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.
Свой унёсак у хісткасць становішча расейскай эканомікі ўнясуць і новыя зборы, што Еўракамісія ўзгадніла напярэдадні. Чакаецца, што новыя тарыфы закрануць каля 15 % аграрнага імпарту Расеі, што раней не трапляў пад павышаныя мытныя стаўкі. Захады не абмінулі Беларусі: паводле дакументу, мытам абкладуць беларускія азотныя ўгнаенні і сельскагаспадарчую прадукцыю.
Кацярына Гардзеева belsat.eu