Група незалежных экспертаў ААН па Беларусі выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі з «пераабраннем» Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта і тым, што гэта можа азначаць працяг рэпрэсіяў у нашай краіне. Адпаведная заява з’явілася на сайце Офісу Вярхоўнага камісару ААН па правах чалавека.
Эксперты выказваюць шкадаванне, што, не запрасіўшы міжнародных незалежных назіральнікаў, беларускія ўлады не правялі сапраўды дэмакратычныя выбары, як было і падчас выбараў у 2020 годзе.
,,«З таго часу сапраўдныя і імаверныя сябры апазіцыі падвяргаліся адвольным арыштам і затрыманням, катаванням і пазбаўленню правоў на справядлівы суд. Некаторыя з гэтых парушэнняў могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці», – гаворыцца ў заяве ААН.
Група экспертаў называе парушэнні правоў чалавека, зафіксаваныя ў Беларусі, часткай урадавай стратэгіі, «накіраванай на тое, каб прымусіць замаўчаць іншадумцаў, а таксама выключыць любую форму свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцыяў».
«Шырокія рэпрэсіі даказалі сваю эфектыўнасць. У сувязі з тым, што за апошнія гады сотні тысячаў беларусаў выехалі за мяжу, а больш за 1200 палітычных зняволеных застаюцца ў зняволенні, не было кандыдатаў, якія маглі б стварыць сапраўдную апазіцыю цяперашняму кіраўніку. Улічваючы, што Аляксандр Лукашэнка застанецца на сваёй пасадзе яшчэ на пяць гадоў, Група мае абгрунтаваныя асцярогі, што рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека будуць працягвацца», – рэзюмуюць эксперты.
Група незалежных экспертаў прадставіць ў сакавіку ў Раду па правах чалавека сваю справаздачу, прысвечаную парушэнням у Беларусі ў 2023 і 2024 гадах, у тым ліку за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў.
Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была створаная Радай па правах чалавека 4 красавіка 2024 года на адзін год з магчымасцю аднаўлення для расследавання і ўстанаўлення фактаў, абставінаў і асноўных прычынаў усіх магчымых парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, у тым ліку іх гендэрныя і ўзроставыя аспекты і наступствы для ахвяраў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu