навіны

Скасаванне зніжак і вяртанне платы за выезд. Што чакае беларусаў у лютым

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Надыходзіць люты, а значыць, жыхарам Беларусі варта падрыхтавацца да змяненняў. З аднаго боку, для пенсіянераў і сем’яў з дзецьмі вырастуць сацыяльныя выплаты, з другога боку, вырастуць і выдаткі саміх беларусаў.

Зніжкі сканчаюцца

У лютым маюць скончыцца зніжкі 10 % на беларускія тавары – як харчовыя, гэтак і нехарчовыя. Яны былі ўведзеныя як пераднавагоднія, але пасля працягнутыя да канца студзеня – то бок да канца «выбараў». Цяпер электаральная кампанія завяршылася, а з ёю скончыліся і зніжкі для беларусаў.

І абмежаванні таксама

На выбарчы перыяд – з 20 снежня 2024 года да 1 лютага 2025 года – свае абмежаванні «з улікам аператыўнай інфармацыі, што паступае ад праваахоўных органаў», увёў Нацыянальны банк. У гэты перыяд з небеларускіх картак можна зняць у банкамаце толькі 1000 рублёў, больш – толькі ў касах банкаў з пашпартам. Цяпер гэтае абмежаванне мае быць скасаваным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Вырастуць дапамогі на дзяцей і пенсіі

З 1 лютага на 10,8 % павялічваюцца памеры дапамогі ў доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Так, памер дапамогі на першае дзіця складзе 861,42 рубля (рост на 83,61), на другое і наступных дзяцей – 984,48 (+95,56), на дзіця-інваліда – 1107,54 (+107,5).

Таксама памер працоўных пенсіяў з 1 лютага павялічыцца ў сярэднім на 10 %. На цяперашні момант сярэдняя пенсія ў Беларусі складае 852 рублі, а павінна вырасці прыкладна да 930.

Апроч таго, 1 лютага бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва павялічыцца на 2,2 % і складзе 447,64 рубля. У сувязі з гэтым аўтаматычна пераглядаюцца звязаныя з ім надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты. Гэтак, на тыя ж 2,2 % павялічацца памеры дзяржаўнай дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, і ўзроставыя даплаты да пенсіяў для асобаў, старэйшых за 75 гадоў. Вырастуць і сацыяльныя пенсіі для тых, хто так ці інакш не атрымлівае працоўную пенсію.

Цыгарэты падаражэюць

З 1 лютага на 20 капеек дададуць у кошце ўсе віды цыгарэтаў «Chapman», а таксама «Dunhill Fine Cut Blue» і «Dunhill Fine Cut Gold».

Збор на мяжы вяртаецца

З 1 лютага Берасцейская, Віцебская і Гарадзенская вобласці зноў уводзяць збор за перасячэнне транспартавымі сродкамі дзяржаўнай мяжы. Стаўка збору складзе адну базавую велічыню (42 рублі). Пры гэтым шэраг катэгорыяў вызваляецца ад выплаты збору, сярод іх – транспартавыя сродкі, на якіх едуць прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі ў мэтах выканання службовых абавязкаў або замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў Беларусь паводле запрашэння дзяржорганаў, удзельнікі «Славянскага базару» і іншыя.

Вырасце падатак за здачу кватэры

У лютым таксама павысяцца стаўкі падаходнага падатку для фізічных асобаў, якія здаюць у арэнду жыллё. У Менску падатак на кожны жылы пакой, што здаецца, складзе 50 рублёў, у абласным гарадах і Менскім раёне – 46 рублёў, у буйных райцэнтрах – 31 рубель. У гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, а таксама ў пасёлках гарадскога тыпу падатак на здачу жылля будзе роўны 22 рублям, у рэшце паселішчаў – 16.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Абмежаванні на прыёмы лекараў

Міністэрства аховы здароўя з 1 лютага вызначыла гранічныя максімальныя тарыфы на платныя медычныя паслугі ў прыёмах (кансультацыях) лекараў-спецыялістаў (акрамя стаматолагаў). Гранічны максімальны тарыф на першасны прыём устаноўлены на ўзроўні ад 35 да 57 рублёў, а на паўторны прыём гэтымі ж спецыялістамі – ад 21 да 32. Кансультацыя лекара-спецыяліста, які мае вучоную ступень, вучонае званне, акадэмічнае вучонае званне, складзе ад 65 да 85 рублёў.

Таксама вызначаныя нормы часу і расходу матэрыялаў на такіх прыёмах і кансультацыях: на першасны прыём – 25 хвілінаў; калі ёсць вучоная ступень, вучонае званне, акадэмічнае вучонае званне – 60 хвілінаў.

Абмежаванне тарыфаў датычыць усіх юрыдычных асобаў незалежна ад формы ўласнасці.

Вырасце дапамога на пахаванне

Сума выплаты на пахаванне роўная сярэдняму заробку ў краіне, што налічаны работнікам за два месяцы да смерці. Паколькі сярэдні заробак у снежні быў вышэйшым за лістападаўскае значэнне на 362 рублі 10 капеек, то на гэтую ж суму вырасце і памер дапамогі – да 2693 рублёў 90 капеек.

Літва адключыцца ад беларускіх ЛЭП

Літва плануе 8 лютага адключыць усе лініі электраперадачы з Беларуссю і РФ. Услед за гэтым увесну пачнецца знос непатрэбнай інфраструктуры.

Пробны экзамен для выпускнікоў

Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ) для вучняў 11-х класаў школаў Беларусі адбудзецца 8 лютага. У якасці прадметаў можна абраць беларускую ці расейскую мову або адзін з профільных прадметаў. Выпрабаванні пройдуць у тых жа пунктах, у якіх у траўні адбудзецца сам цэнтралізаваны экзамен.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Абавязковае маркіраванне

З 1 лютага ў Беларусі ўводзіцца абавязанне маркіравання сродкамі ідэнтыфікацыі такіх тавараў, як безалкагольныя напоі, сокі, мабільныя тэлефоны і ноўтбукі.

Танная замена Мальдывам і Сэйшэлам

«Белавія» з 27 лютага адкрывае чартарныя рэйсы з Менску ў Салалу (Аман). Горад месціцца на ўзбярэжжы Індыйскага акіяну. «Белавія» рэкламуе яго «як даступную альтэрнатыву Мальдывам ці Сэйшэльскім астравам».

Дадатковыя вакацыі для школьнікаў

Для вучняў 1-2 класаў (3-га класа для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з 5-гадовым тэрмінам навучання ў пачатковай школе) у трэцяй чвэрці прадугледжаныя дадатковыя зімовыя канікулы. Адпачываць ад школы яны будуць з 17 да 23 лютага.

Новыя правілы прыёмкі аздараўленчых лагераў

З 1 лютага зменяцца правілы прыёмкі аздараўленчых лагераў. У прыватнасці, уласнік адказвае за захаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы лагера, выкананне патрабаванняў бяспекі і якасці паслуг, курыруе кадравыя пытанні. Таксама прапісаны алгарытм дзеянняў арганізатара лагера і мясцовай улады для пацверджання гатовасці абʼекту да працы на вакацыях.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10