Шуфлядка

Яшчэ ніколі беларусы так не цікавіліся кітайскім Новым годам. Што здарылася?

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: MediaProduction/istockphoto.com
podpis źródła zdjęcia

Цікавы феномен: у 2025 годзе беларусы праяўляюць значна больш цікавасці да кітайскага Новага году, чым калі-небудзь раней. Нягледзячы на тое, што свята адзначаецца сёння, 29 студзеня, у мінулыя годы падобнага ажыятажу не назіралася. Пра гэта сведчаць дадзеныя Google Trends і рост запытаў у пошукавіках.

У Кітаі Новы год адзначаюць двойчы. Спачатку 1 студзеня паводле грыгарыянскага календара, а потым – паводле ўсходняга календара, дата якога мяняецца кожны год. У 2025 годзе кітайскі Новы год пачынаецца 29 студзеня. Паводле кітайскага календара, гэта будзе ажно 4 722 год!


Беларусы сталі больш забабоннымі?


Мяркуючы па запытах у інтэрнэце, беларусы актыўна цікавяцца, як правільна святкаваць кітайскі Новы год, якія традыцыі з ім звязаныя, што прыносіць поспех і што трэба ставіць на святочны стол. Магчыма, беларусы сталі больш забабоннымі?


Дарэчы, вось адна з легендаў, звязаных з кітайскім Новым годам.


Кітайцы вераць, што некалі напярэдадні Новага года на зямлю спусцілася пачвара па імені Нянь (што азначае «год»), якая знішчала хатнюю жывёлу і палохала мясцовых жыхароў. Людзі хаваліся ад яе, пакуль не з’явіўся таямнічы падарожнік, які падказаў, як напалохаць пачвару. Калі Нянь зноў прыйшоў у вёску, людзі ўпрыгожылі дамы чырвонай паперай, а гук гарэння бамбукунапужаў пачвару. Калі з’явіўся падарожнік, апрануты ва ўсё чырвонае, Нянь у страху збег і больш не вяртаўся.


З таго часу кітайцы ўпрыгожваюць дамы чырвонымі ліхтарамі, а гучныя феерверкі дапамагаюць адпудзіць злыя сілы.


Празмерны інтарэс да «зялёнай змяі»?


Кожны год у кітайскім календары мае сваю сімвалічную жывёліну і стыхію. Да прыкладу, 2025-ы – год Зялёнай Драўлянай Змяі, а галоўны колер – зялёны.


Аднак у Беларусі «зялёная змяя» больш асацыюецца з алкаголем. На працягу доўгага часу беларусаў лічылі ледзьве не самай пьюшчай нацыяй у свеце. Але сёння давайце з гэтым статусам развітаемся. Бо зараз гэта ўжо не так.


Статыстыка паказвае, што беларусы сталі піць менш. Паводле Белстату, у 2023 годзе на аднаго дарослага беларуса прыпадала 11,5 літра чыстага алкаголю, што менш, чым у 2022 годзе (11,8 літра) і ў 2021 годзе (12 літраў). Продаж гарэлкі ў 2024 годзе знізіўся на 2,2%, а віна – на 3,8%. Таму гэтую версію можна смела адкінуць.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Ventz/istockphoto.com
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Ventz/istockphoto.com

Нам не хапае сваіх святаў?


Магчыма, справа ў тым, што ў Беларусі адносна мала святочных выходных. Як высветлілася, сярэднестатыстычны беларус мае 7,5 выходных дзён на год, што значна меней за сусветны сярэдні падказчык. Напрыклад, у многіх еўрапейскіх краінах святочных выходных значна болей – у сярэднім каля 11.


Можа, таму беларусам падабаецца ідэя далучыцца да святкавання кітайскага Новага года? Тым больш, кітайскія навагоднія традыцыі сапраўды цікавыя.


Дарэчы, святкаванне гэтага свята ў Кітаі пачынаецца з генеральнай уборкі, якая павінна адбыцца абавязкова да Новага года. Важна падмятаць дом ад парога ўнутр, каб «не вынесці» дабрабыт. Акрамя таго, у Кітаі папулярныя парныя папяровыя надпісы з пажаданнямі, якія вешаюць на дзвярах.


Сямейная вячэра – важная частка свята. Родныя абавязкова збіраюцца разам, сталы павінны быць багатыя, бо гэта сімвалізуе дастатак у новым годзе. На стол падаюць рыбу, мяса і пельмені «цзяоцзы» – яны лічацца сімвалам нараджэння сыноў у сям'і.


У навагоднюю ноч кітайцы не спяць, бо лічыцца, што, заснуўшы, можна прапусціць удачу. А яшчэ падчас святочных візітаў прынята дарыць гаспадарам два мандарыны – і атрымліваць два ў адказ. Гэта сімвал фінансавага дабрабыту.


Ці, можа, ўсё нашмат прасцей і справа зноў у палітыцы?


Супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем мае стратэгічнае значэнне. У апошнія гады адносіны паміж краінамі развіваюцца не толькі ў эканамічнай, але і ў вайскова-палітычнай сферах. Ды і Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў ролю Кітая як фактару дыверсіфікацыі знешняй палітыкі на фоне залежнасці ад Расеі.


Беларусь і Кітай супрацоўнічаюць яшчэ з 1990-х гадоў, калі Беларусь пастаўляла Кітаю савецкую вайсковую тэхніку. У 2000-х гадах Кітай пачаў выдаваць Беларусі крэдыты. Асабліва цеснымі адносіны сталі пасля запуску Кітаем ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях». Геаграфічнае становішча Беларусі робіць яе важным транзітным пунктам паміж Кітаем і Еўропай.


Тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем расце з кожным годам, як і колькасць кітайскіх інвестыцыяў у беларускую эканоміку. Мажліва, гэта спрыяе павелічэнню інтарэсу беларусаў да кітайскай культуры і традыцый. Бо чуем мы пра гэтую краіну ўсё часцей і часцей. Ды і беларускія СМІ ўсё часцей асвятляюць кітайскія традыцыі, што, безумоўна, спрыяе росту цікавасці да гэтага свята.


Каб не было дужа сумна з нагоды разважанняў над тым, чаму кітайскае зараз некаторых беларусаў цікавіць больш за нацыянальнае, лепей звярнуцца да кітайскай культуры. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі зараз праходзіць выстава кітайскага жывапісу «Поры года ў імператарскім садзе», прымеркаваная да святкавання кітайскага Новага года.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10