навіны

Плата за інтэграцыю з Расеяй: у Беларусі праз утылізацыйны збор падаражэюць аўты

img
Аўтасалон у Менску, Беларусь. Фота: lada.by
podpis źródła zdjęcia

Урад Беларусі пастанавіў выраўняць стаўкі ўтылізацыйнага збору з тымі, што дзеяць у Расеі. Для аўтадылераў у параўнанні з цяперашнімі тарыфамі яны павялічацца ўдвая, а на электракары – ажно ў 42 разы. Суму гэтага збору залучаюць у кошт машыны.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб «выраўноўванні ставак утылізацыйнага збору са стаўкамі, што дзеюць у Расейскай Федэрацыі з 1 студзеня 2025 года». Урад у сваім паведамленні змаўчаў, што шмат якім беларусам давядзецца плаціць болей; паводле чыноўнікаў, яны проста «пералічылі» стаўкі.


Пастанова набудзе моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Дакумент яшчэ не абнародавалі, але «Белсат» параўнаў цяперашнія стаўкі ў Беларусі з расейскімі тарыфамі. І калі збор насамрэч зраўнавалі, то беларусы, якія прыгоняць машыну для сябе, плаціць будуць істотна меней. Напрыклад, за аўта, не старэйшае за 3 гады, утылізацыйны збор складзе 116,98 рубля замест цяперашніх 544,5 рубля.


Для юрыдычных асобаў, у тым ліку аўтадылераў, дзеюць зусім іншыя стаўкі, якія вырастуць удвая. Напрыклад, за новы легкавік з рухавіком 1000–2000 куб. см давядзецца плаціць амаль 23 тысячы рублёў замест цяперашніх 11 645. За новы аўтамабіль з рухавіком 2000–3000 куб. см будуць спаганяць 64 500, а не 32 728 рублёў, як цяпер.


Такія ж стаўкі дзеюць і для фізічных асобаў, калі машыну завезлі ў Беларусь для перапродажу. Паводле льготнага тарыфу фізічная асоба можна прыгнаць толькі адзін аўтамабіль цягам года. 


У Беларусі дасюль дзеялі паніжаныя стаўкі на электракары і гібрыдныя аўты. Незалежна ад таго, хто імпартаваў і для якіх мэтаў, утылізацыйны збор за такі аўтамабіль, не старэйшы за 3 гады, складаў 544,5 рубля. Калі ў Беларусі правілы для электрамабіляў будуць такімі ж, як і ў Расеі, то для юрыдычных асобаў стаўка вырасце ажно ў 42 разы – амаль да 23 тысячаў рублёў.

Электраседан Geely E8, продажы якога пачаліся гэтай восенню. Фота: av.by

У Беларусі чакаецца рост продажаў электрамабіляў у чатыры разы

навіны

Для фізічных асобаў утылізацыйны збор за электракары такі ж, як і за машыны з рухавіком унутранага згарання. Галоўная ўмова – імпарт для асабістага карыстання.


Дылеры закладаюць утылізацыйны збор у кошт аўтамабіля, адпаведна, на колькі вырастуць стаўкі, на столькі і падаражэюць машыны.


У Расеі пасля павышэння ставак з 1 студзеня новыя аўты падаражэлі на 1,5–5,5 %, паведамляла раней агенцтва «Автостат». 


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10